«Прыдумалі казку і заявілі як пра вялікую перамогу»

Эксперт Украінскага інстытута будучыні Ігар Тышкевіч вярнуўся да тэмы магчымасці размяшчэння ў Беларусі ядзернай зброі. У дэталёвым разглядзе словы Лукашэнкі аб мадэрнізацыі беларускіх самалётаў пад ядзерныя зарады — няпраўда.

sukhoi_su_24_inflight_mishin_3.jpg


Нядаўна Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі мадэрнізавалі самалёты СУ-24, каб яны маглі несці ядзернае ўзбраенне. Аднак, як амаль адразу ж высветлілася, такія самалёты на ўзбраенні УС РБ не знаходзяцца: яны былі спісаны шмат гадоў назад. Таму ў паведамленнях дзяржСМІ назвы самалётаў змянілі на СУ-25.

Аналітык Ігар Тышкевіч лічыць, што беларускія ўлады «прыдумалі казку і заявілі як пра вялікую перамогу».

— Нават калі казаць пра старэнькія СУ-25, якія стаяць на ўзбраенні Беларусі. Пераабсталяванне альбо мадэрнізацыя магчымыя, калі самалёт загнаць на авіярамонтнае прадпрыемства. Аднак ёсць але: апошнія месяцы за перамяшчэннем Узброеных Сіл РБ досыць актыўна манітораць. Перагону СУ-25 на 558 рамонтны завод у Баранавічах, хоць ён і не можа правесці такую мадэрнізацыю, не было, — кажа аналітык у сваім новым відэа.

Аналітык мяркуе, што пад кантроль Лукашэнкі ядзерныя зарады перадавацца не будуць. І на гэта ёсць некалькі прычын.

— Неабходная адпаведная інфраструктура. Такія ракеты пад адкрытым небам не пакладзеш. Разам з астатнімі зарадамі таксама, таму што трэба адпаведнае абслугоўванне, ахова і абарона. Гэта значыць, неабходна стварыць месца захоўвання. Але яно не стваралася.

Для размяшчэння такой базы неабходна як мінімум плаціць за арэнду зямлі і камунальныя паслугі. На фоне любові да грошай афіцыйны Мінск выставіць завоблачны цэннік. Крэмль жа плаціць не вельмі хоча.

І галоўнае. Калі мы гаворым аб размяшчэнні ядзернай зброі, то пытанне, сярод іншага, у падрыхтаваных кадрах. Патрэбны афіцэры, кантрактнікі, якія ўмеюць захоўваць такую зброю. Гэта значыць, што неабходна перападрыхтоўка або падрыхтоўка кадраў. Гэтага таксама няма.

Ёсць яшчэ палітычны фактар. Уявім, што пад кантролем Лукашэнкі знаходзіцца адзін або некалькі зарадаў. Так, гэта пагроза для краін усходняга фланга NATO, але можна ўспомніць пра складаныя адносіны Лукашэнкі з усімі суседзямі, не выключэнне тут і так званая брацкая Расія. З пункту гледжання Пуціна, дзе гарантыя, што Лукашэнка не будзе размахваць ядзернай дубінкай у тым ліку ў бок Крамля? Гэта азначае, што перамовы з афіцыйным Мінскам набудуць іншы характар.

Трэба быць асцярожнымі і не даваць шпаргалкі, што рабіць. Калі лішні раз Лукашэнка махне на Захад... Ці зацікаўлена Расія сёння ў Вялікай вайне?

Таму пад кантроль менавіта Лукашэнку ядзерныя зарады перадавацца не будуць. З пункту гледжання Расіі, завесці свае тэарэтычна можна, але тут хутчэй ідзе гаворка пра пагрозу або шантаж.

Пры гэтым, як лічыць Тышкевіч, для Лукашэнкі патэнцыяльная наяўнасць ядзернай зброі — павышэнне ставак у працэсе «запрашэння» Захаду да дыялогу.