Рыгор Юдзін: «Беларусь рухаецца да таго, каб гістарычная перамога была за беларусамі»

Расійскі сацыёлаг і філосаф Рыгор Юдзін мяркуе, што цяперашнія падзеі ва Украіне і Беларусі з’яўляюцца чарговай фазай распаду СССР. Імперыя прадпрымае агрэсіўную спробу яго не дапусціць і вярнуцца назад. А беларусы «граюць на вытрымку».

gosud_19.jpg


— Так, падзеі ў Беларусі, сапраўды, былі адным з элементаў гэтага працэсу, але я не думаю, што яны яго паскорылі, — кажа сацыёлаг Рыгор Юдзін у эфіры ютуб-канала «Лямпа», адказваючы на пытанне, ці сталі падзеі 2020 года ў Беларусі яшчэ адным элементам распаду савецкай імперыі. — Мне здаецца, да 2020 года было ўжо больш-менш зразумела, што вайна непазбежная.

А тое, што адбылося ў Беларусі — гэта дакладна такая ж лагічная частка працэсу распаду, як і тое, што мы назіраем цяпер.

Нельга сказаць, што ўсё наканавана, але пры распадзе імперыі асобныя перыферыйныя тэрыторыі заўсёды патрабуюць незалежнасці, суверэнітэту і права самастойна вызначаць сваё жыццё. А імперыі часта не згаджаюцца.

Я б сказаў, што толькі пасля пачатку гэтай вайны мы, нарэшце, атрымліваем адказ на пытанне, якое так доўга ўсіх цікавіла: а чаму Пуцін не мог паставіць на адкрыта прарасійскіх кандыдатаў на выбарах 2020-га ў Беларусі?

Ды таму што Пуціну патрэбны быў не прарасійскі кандыдат, а кандыдат прасавецкі. І такі кандыдат у Беларусі быў роўна адзін.

Таму ніякія прарасійскія кандыдаты на гэтую ролю не падыходзілі, і зразумела, што ўсе яны, якімі б прарасійскімі ні былі, падтрымлівалі б Расію, а не аднаўленне нейкай старажытнай імперыі.

Але беларусы ў 2020 годзе зрабілі вельмі важную рэч, якую, на жаль, не ўдалося зрабіць расійцам — яны выратавалі будучыню краіны. У расійцаў цяпер няма такой сітуацыі, і гэта будзе каласальнай праблемай для Расіі, а для Беларусі — не.

Гэта значыць, у некаторым сэнсе быў дасягнуты больш важны вынік, чым проста перахоп улады.

З іншага боку, сацыёлаг адзначае, што ў апошні час і кіраўнік Беларусі выйшаў на новую палітычную прастору, паколькі, па словах Юдзіна, палітычныя прасторы Расіі і Беларусі злучыліся.

— І ў гэтым сэнсе, — кажа эксперт, — Лукашэнка адначасова балансуе на дзвюх дошках: на сваёй унутранай і адначасова на вялікай, спрабуючы і там нейкім чынам замацаваць свае пазіцыі.

Так што, калі сітуацыя ў Расіі будзе мяняцца, Лукашэнка можа паспрабаваць заскочыць на месца Пуціна. Не ўпэўнены, што гэта будзе надоўга, але тым не менш.

У любым выпадку, Беларусь, безумоўна, рухаецца да таго, каб гістарычная перамога была менавіта за беларусамі, бо яны зрабілі вельмі многае, каб іх краіна была самастойнай.

Праўда, трэба разумець, што зараз гэта гульня не на паўгода. Гэта гульня, якая патрабуе вельмі вялікай гістарычнай вытрымкі.