Амністыя «з умовамі» ў чарговы раз скончыцца правалам?

У Беларусі пад амністыю трапяць ад 8 да 8,5 тысяч чалавек. Пра гэта заявілі адказныя асобы пасля нарады ў Лукашэнкі, дзе ён абвясціў аб мерапрыемстве, што мусіць адбыцца.

amnicti_1200x630_cropped.jpeg


Кіраўнік пракуратуры Андрэй Швед паведаміў, што «гаворка ідзе прыкладна аб 8 тысячах і больш чалавек». «Гэта і класічныя падыходы, якія тычацца вызвалення ад адказнасці інвалідаў, шматдзетных, адзінокіх маці і гэтак далей, так і асоб, якія здзейснілі іншыя злачынствы», — сказаў ён.

Швед заявіў, што Генпракуратура займае прынцыповую пазіцыю: акт амністыі не павінен распаўсюджвацца на ўдзельнікаў «пратэсных» спраў. Тым не менш, даручэнне Лукашэнкі выканаюць. «Гэта значыць, тыя асобы, якія здзейснілі злачынствы, звязаныя з экстрэмізмам, якія замахнуліся на нашу дзяржаву, якія паднялі руку на праваахоўнікаў, могуць выйсці на волю. Але толькі тыя, хто раскаяўся, усвядоміў і лічыць магчымым звярнуцца [да Аляксандра Лукашэнкі] з просьбай аб памілаванні», — сказаў Швед.

Пералік складаў злачынстваў, якія будуць трапляць пад дзеянне закона аб амністыі, вызначаць у бліжэйшы час, дадаў кіраўнік нагляднага ведамства.

Падрабязнасцямі аб падрыхтоўцы законапраекта падзяліўся і кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў Іван Кубракоў. Паводле яго слоў, амністыю мяркуецца прымяніць да катэгорыі грамадзян, якія не здзейснілі цяжкіх злачынстваў, раскаяліся і да якіх няма пытанняў у адміністрацый калоній, дзе яны адбываюць пакаранне.

«Прыкладная лічба асуджаных на сёння, да якіх можа быць ужыты акт амністыі — 8500 чалавек. Яна, вядома, дзесьці ў два разы большая, чым тая, якая была ў 2020 годзе. Мы прапанавалі прымяніць амністыю да такой катэгорыі грамадзян, як, напрыклад, асуджаныя за злачынствы па незаконным абароце наркотыкаў, якія здзейснілі гэтыя злачынствы, будучы непаўналетнімі. Такіх на сёння 95 чалавек. Таксама ўнесена прапанова разгледзець амністыю нават у дачыненні да тых, хто асуджаны за карупцыйныя злачынствы. Але, зноў жа, хто шчыра раскаяўся і пагасіў нанесеную злачынствам шкоду», — падкрэсліў Іван Кубракоў.

Сярод агучанага варта адзначыць умову, высунутую Шведам у дачыненні да палітычных зняволеных. А менавіта — зварот да Лукашэнкі з просьбай аб памілаванні. Нагадаем, што такі ж фокус год таму паспрабаваў правярнуць кіраўнік так званага «Круглага стала дэмакратычных сіл» Юрый Васкрасенскі. Ён складаў аж два спісы палітвязняў на памілаванне. Больш за тое, палітвязням у месцы зняволення дасылалі лісты з просьбай напісаць прашэнне аб памілаванні, а з некаторымі праводзілі і «растлумачальную работу».

Хто-ніхто па такіх спісах на волю ўсё-ткі выйшаў. Аднак большасць палітвязняў проста адмовілася прасіць літасці ў Лукашэнкі. А некаторыя ўспрынялі такую прапанову як абразу.


Пасля таго правалу пра новыя ініцыятывы па памілаванні ад КСДС мы не чулі, як і пра самога Васкрасенскага. Аднак цяпер такую ж ідэю агучвае кіраўнік пракуратуры.

І нешта падказвае, што вынік ініцыятывы пра «памілаванне з умовамі» будзе такі самы. Тым больш калі ўлічыць практыку «прэсавання» палітвязняў у месцах зняволення. Наўрад ці хаця б адзін з іх не мае нейкіх «пытанняў ад адміністрацыі калоніі», як пра гэта сказаў Кубракоў.

Нагадаем, з 9 жніўня 2020 года да 1 ліпеня 2022 года ў Беларусі распачалі больш за 11 тысяч крымінальных спраў «экстрэмісцкай» накіраванасці». Са жніўня 2020-га па люты 2022-га за ўдзел у пратэстах былі асуджаны па крымінальных справах сама меней 1832 чалавекі. Гэта тыя справы, пра якія вядома праваабаронцам. Насамрэч іх можа быць значна больш.