Вядомы юрыст аб памілаванні: «Не прасіце, самі ўсё дадуць»

Палітвязні Юлія Слуцкая, Пётр Слуцкі, Ала Шарко і Сяргей Альшэўскі выйшлі на волю з СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага. Паводле паведамлення «Прэс-клуба», яны былі памілаваныя.

Дачка Аляксандра Слуцкая сустракае маці на выхадзе з СІЗА №1.

Дачка Аляксандра Слуцкая сустракае маці на выхадзе з СІЗА №1.

Усім зразумела, што гэта — пачатак звыклага «гандлю палітвязнямі». Рэжым выпусціў чатырох чалавек, каб паглядзець на рэакцыю міжнароднай супольнасці. Калі Еўропа ў звыклым рэчышчы ацэніць гэта як «пазітыўны крок» — гэта будзе даволі кепска. Значыць, можна гандлявацца, бо палітвязняў у нас багата, толькі прызнаных — больш за 630.

Таксама варта паглядзець, як пракаментуе іх вызваленне дзейсная ўлада, ці, хаця б, афіляваныя з ёю асобы кшталту Юрыя Васкрасенскага. Таму што пазіцыя ўлады вядомая: «Палітвязняў у Беларусі няма, а ўсе сядзяць па канкрэтных крымінальных артыкулах». Кіраўніцтву «Прэс-клуба», дарэчы, закідалася ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.

Асабліва гэта цікава ў тым рэчышчы, што Юлія Слуцкая, Пётр Слуцкі, Ала Шарко і Сяргей Альшэўскі не былі асуджаныя, то-бок — не прызнаныя вінаватымі ў інкрымінаваных ім парушэннях. А калі яны афіцыйна не вінаватыя, ці могуць яны быць «памілаваныя»?

З гэтым пытаннем «Новы Час» звярнуўся да славутага юрыста, былога прэзідэнта Саюза юрыстаў Беларусі і вядомага праваабаронцы Гары Паганяйла.

Дасудовае памілаванне — гэта як?

Найперш Гары Паганяйла кажа, што трэба глядзець дакументы, з якімі выпусцілі супрацоўнікаў «Прэс-клуба».

— Па памілаванні можна вызваліць ад крымінальнай адказнасці ў перыяд расследавання справы, і можна вызваліць пасля прысуду суда.

У выпадку вызвалення ад крымінальнай адказнасці ў перыяд расследавання, — гэта рэгламентуецца адпаведнымі артыкуламі КПК. Калі чалавек супрацоўнічае са следствам, сапраўды — прызнае сваю віну, загладзіў гэтую віну тым, што, напрыклад, кампенсаваў усталяваную органамі следства шкоду, у такім выпадку органы следства могуць звярнуцца праз пракурора да асобы, якая ажыццяўляе памілаванне. І гэта асоба прымае рашэнне аб памілаванні.

І ў такім выпадку, вядома ж, рэзюмуецца, што чалавек прызнаў сваю віну ва ўчыненым злачынстве, пайшоў на супрацоўніцтва са следствам для палягчэння працэдуры расследавання, кампенсаваў страты, прычыненыя здзейсненым злачынствам, і тады акт памілавання можа быць ужыты.

Аднак практыка кажа нам пра тое, што часам службовая асоба, якая мае права на памілаванне, гэтым правам карыстаецца вельмі своеасабліва, па сваім меркаванні: «Я маю права, значыць, я ім карыстаюся свабодна, нават без выканання нейкіх працэдурных момантаў». Асоба карыстаецца гэтым правам адвольна, і проста выдае ўказ аб памілаванні. У нас жа манархія, па-сутнасці: манарх захацеў, манарх прыняў рашэнне, і нікому аб прычынах, па якіх гэты акт прыняты, даваць справаздачу не абавязаны. А абскардзіць такое рашэнне аб памілаванні практычна немагчыма.

Гары Паганяйла

Гары Паганяйла

«Не прасіце, самі ўсё дадуць»

— А калі памілаванне ў перыяд расследавання: асоба, якая пад следствам, павінна пісаць прашэнне аб памілаванні? Або ў дасудовым парадку прашэнне аб памілаванні можа напісаць трэцяя асоба: следчы, напрыклад, ці Юры Васкрасенскі?

— У прынцыпе, па сённяшняй практыцы можа быць самым розным чынам. Калі класічна, па законе, то прасіць аб памілаванні павінна вінаватая асоба. «Так, я ведаю, што я здзейсніў злачынства, за яго я павінен несці адказнасць, я ведаю, што яно прадугледжвае нейкія віды пакарання, але я ўсвядоміў, я добры, я кампенсаваў страты» — і праз следчага падае хадайніцтва аб памілаванні. Следчы распачынае гэтую працэдуру, перадае заяву ў пракуратуру, пракуратура разглядае крымінальную справу на магчымасць прымянення памілавання пры тых абставінах, якія вядомыя па справе, і затым накіроўвае рашэнне асобе, якая можа прыняць рашэнне аб памілаванні. Пры Адміністрацыі прэзідэнта дзейнічае камісія па памілаванні, апрацоўвае гэтыя дакументы, піша рэкамендацыі, запытвае адпаведныя органы аб магчымасці прымянення памілавання, — і канчатковае пытанне вырашаецца асобай, якая прымае рашэнне аб памілаванні.

І крымінальная справа спыняецца ў сувязі з прыняццем акта аб памілаванні, які мае форму ўказа прэзідэнта, прававога акту. Так павінна быць па працэдуры.

Гэтыя ўказы могуць не апрылюднівацца, і яны, як я ўжо казаў, не абскарджваюцца.

Памілаваныя не да канца

— Калі памілаванне прымяняецца да асуджаных, то ў асуджаных ёсць пэўныя абмежаванні. Напрыклад, Мікалай Статкевіч выйшаў з турмы ў 2015 годзе менавіта па памілаванні, хоць, зразумела, ніякіх заяў не пісаў. Але, у сувязі з тым, што ў яго не была пагашаная судзімасць, ён не мог балатавацца ў прэзідэнты ў 2020-м. А калі па памілаванні выходзіць асоба, яшчэ не асуджаная?

— Зноў жа — трэба глядзець дакументы, на падставе якіх вызвалілі супрацоўнікаў «Прэс-клуба». У прынцыпе, органамі расследавання, і нават у самім указе аб памілаванні могуць быць вызначаны ўмовы гэтага памілавання. У гэтых умовах могуць быць абмежаванні: напрыклад, «законапаслухмяныя паводзіны». Гэта значыць: свядома не здзяйсняць адміністрацыйных правапарушэнняў, і тым больш — злачынстваў. Калі ты едзеш на машыне і выпадкова парушыў ПДР, або, не дай Бог, адбыўся інцыдэнт, які прывёў да гібелі чалавека або цяжкіх цялесных пашкоджанняў — гэта «злачынства па неасцярожнасці», яно не залежыць ад волі чалавека. А наўмысна здзяйсняць злачынствы — гэта іншая справа, цябе чакае больш суровае пакаранне. Чалавек павінен быць пра гэта папярэджаны.

Такога роду абмежаванні могуць быць уведзены і ўводзяцца.

Палітычны складнік

Але, зразумела, Гары Паганяйла лічыць, што ў памілаванні супрацоўнікаў «Прэс-клуба» палітычнага складніку больш, чым юрыдычнага.

— Як было на самай справе, на сённяшні момант казаць вельмі складана. Я ведаю, што камусьці вельмі хочацца развязаць гэты «гордзіеў вузел», звязаны з велізарнай колькасцю рэпрэсій, якія абрынуліся на актывістаў, блогераў, журналістаў, партыйных і грамадскіх актывістаў. І, вядома, улады шукаюць магчымасці змікшыраваць гэтую сітуацыю, каб разблакаваць, напрыклад, санкцыі, якія ўводзяцца менавіта ў сувязі з грубымі парушэннямі правоў чалавека. Але краіны Захаду, наколькі мне вядома, на гэты гандаль не вядуцца. І што будзе далей з такой практыкай — менавіта практыкай, а не законам — прымянення памілавання, я асабіста не ведаю.

photo_2021_08_19_18_13_33.jpg

Апроч таго, прашэннямі аб памілаванні і актамі памілавання ўлады хочуць даказаць, што людзі не толькі прызналі сваю віну і раскайваюцца. Для ўладаў гэта і паказчык таго, што «супраціўленцы» дзейнічаюць супрацьзаконна, няправільна. Такім чынам яны спрабуюць давесці і сабе, і грамадзянам краіны, і міжнароднай супольнасці, што яны маюць рацыю. Што яны правільна ўжываюць законы, людзі ўсведамляюць іх правату і звяртаюцца да іх аб памілаванні.

Гэтыя акты — як доказ, што парушальнікі не маюць рацыі, а ўлада абсалютна правая, ды яшчэ і гуманная да тых, хто здзейсніў злачынства і нанёс шкоду дзяржаве альбо іншым суб’ектам, раскаяўся і папрасіў аб памілаванні. Так што «няма чаго таптацца па нашых галовах, што ў нас тут беззаконне, гвалт і гэтак далей».

У палітычным плане памілаванне для ўладаў набывае вельмі вялікую вагу. Нават большую, чым нейкія юрыдычныя, казуальныя рэчы. Палітычны складнік — магчыма, асноўны ў гэтым працэсе: даказаць усяму свету, і перш за ўсё нашым грамадзянам, тым, хто перакананы ў вінаватасці уладаў, няслушнасць іх пазіцыі. Гэта адзін з асноўных момантаў выкарыстання інстытута памілавання сёння. І гэты момант трэба таксама правільна разумець, ацэньваць і ўлічваць.