Арцём Шрайбман: Адрасаты ў лукашэнкаўскай амністыі могуць быць два — народ і Захад

Палітычны аналітык — аб амністыі, якую анансаваў Лукашэнка, і яе меркаваных матывах. 

photo_2021_12_22_17_09_07.jpg

— Пакуль рана рабіць далёка ідучыя высновы аб амністыі, — піша Арцём Шрайбман у сваім тэлеграм-канале. — Яна можа апынуцца пшыкам, закрануць толькі мізэрную частку палітвязняў або азначаць не вызваленне, а нейкае скарачэнне тэрміну або перавод на больш лёгкую форму пакарання (з калоніі на «хімію») кагосьці з іх. Акрамя таго, відавочна, што сваіх палітычных праціўнікаў (Бабарыка, Калеснікава, Знак, Ціханоўскі, Статкевіч і г. д.) Лукашэнка пакіне сядзець.

Але таксама ясна, што ён робіць крок, які ідзе ў дысананс з усёй вербальнай актыўнасцю яго сілавікоў і прапагандыстаў да гэтага часу. Генпракурор Швед нават выдаў дзіўны камент, у якім заявіў, што яго ведамства было супраць, і з прыкрасцю пералічыў, якія жудасныя людзі цяпер будуць хадзіць з «патрыётамі» па адных вуліцах:
— Нягледзячы на досыць прынцыповую пазіцыю Генеральнай пракуратуры, што акт амністыі не павінен распаўсюджвацца на тых асоб, якія замахнуліся на суверэнітэт, незалежнасць, канстытуцыйны лад нашай краіны ў 2020-2021 гадах, кіраўнік дзяржавы даручыў узважана падысці да гэтага пытання, індывідуальна і ў першую чаргу праз інстытут памілавання. Гэта значыць тыя асобы, якія здзейснілі злачынствы, звязаныя з экстрэмізмам, якія замахнуліся на нашу дзяржаву, якія паднялі руку на праваахоўнікаў, могуць выйсці на волю.

Каб не моцна хваляваць ястрабаў, Лукашэнка адразу ж «збалансаваў» пастанову аб амністыі іншымі рэпрэсіўнымі ініцыятывамі: пазбаўленнем грамадзянства палітэмігрантаў і рэестрам носьбітаў «карты паляка».

Але ж мог не рабіць гэтага зусім. А значыць, палічыў, што ёсць нейкі іншы інтарэс, які б гэта апраўдваў. Адрасаты ў амністыі чыста тэарэтычна могуць быць два — народ (каб паказаць міласэрнасць і кагосьці супакоіць) і Захад (каб палепшыць адносіны, зняць санкцыі).
Першае тлумачэнне здаецца абсалютна нелагічным. Няма ніводнай прыкметы, што Лукашэнка лічыць патрэбным ісці на саступкі грамадству ці неяк разрадзіць абстаноўку ў краіне праз амністыю. Інакш рашэнне было б больш комплексным, паралельна рэпрэсіі б згортваліся, а не працягвалі нарастаць.

Застаецца другое. Лукашэнку нешта трэба ад Захаду. Я б сказаў, што, калі амністыя, як усе таго і чакаюць, будзе абмежаванай і не прывядзе да вызвалення самых вядомых палітвязняў, то ніякай сур'ёзнай размарозкі не будзе.

За зняцце любых санкцый у ЕС павінен быць кансэнсус. І нават калі б Венгрыя ці Італія маглі б закінуць такую ідэю пасля частковай амністыі, Польшча і Літва б яе заблакавалі адразу ж. А хутчэй за ўсё, ніхто нават і не паставіць гэта на галасаванне цяпер, пакуль Мінск саўдзельнічае ў вайне.
Але Лукашэнка ўсё роўна хоча пратэставаць гэтае пытанне, рызыкуючы пакінуць сілавікоў незадаволенымі. А значыць узровень болю ад санкцый такі, што Мінск, як і некалькі разоў раней у сваёй гісторыі, вырашае пайсці на саступку без таго, каб Захад міргнуў першым.

Калі амністыя не апынецца поўнай бутафорыяй і на волю рэальна выйдуць сотні людзей (і дай ім бог, гэта ў любым выпадку добрая навіна), гэта будзе вельмі сакавітае прывітанне ўсім, хто кажа, што санкцыі ніколі і нічога не дамагаюцца з беларускай уладай.