Рэжым хоча абмежаваць правы беларусаў з «картай паляка» або ВНЖ іншых краін
У Лукашэнкі прайшла нарада з нагоды змены заканадаўства аб грамадзянстве. Абмяркоўваецца законапраект аб пазбаўленні грамадзянства выехаўшых беларусаў. Акрамя таго, ён закране і тых, хто атрымаў «карту паляка» або від на жыхарства ў іншай краіне, паведамляе «Л*стэрка» са спасылкай на прапагандысцкія медыя.
Лукашэнка прапанаваў абмеркаваць патрабаванні да суайчыннікаў, якія атрымалі «карту паляка» і іншыя падобныя дакументы.
«Нам трэба разабрацца: ці яны
грамадзяне Беларусі, ці яны проста аблудныя, проста ўзялі гэтую карту нібыта выпадкова, ці ў іх іншая «арыентацыя». Думаю, у органаў унутраных спраў і дыпламатычнай службы ёсць і іншыя пытанні ў сферы грамадзянства, якія выклікаюць занепакоенасць»,
— мяркуе ён.
У адказ на гэта кіраўнік МУС Іван Кубракоў далажыў аб шэрагу
прапаноў у законапраект. Адна з іх заключаецца ў замацаванні магчымасці
абмежавання правоў і свабод грамадзян Беларусі, якія маюць іншае грамадзянства. Чалавек, які
атрымаў «карту паляка» ці ВНЖ іншай краіны, абавязаны будзе інфармаваць аб гэтым кампетэнтныя
органы.
«[Законапраект] уводзіць абавязак грамадзян Беларусі інфармаваць кампетэнтныя органы аб набыцці грамадзянства замежнай дзяржавы
альбо атрыманні віду на жыхарства ці іншага дакумента замежнай дзяржавы, які
дае права на льготы ці іншыя перавагі (напрыклад «карта паляка»)», — заявіў Кубракоў.
Ён дадаў, што такая інфармацыя будзе
выкарыстоўвацца, напрыклад, пры прыёме на дзяржаўную службу, а таксама
«вырашэнні іншых пытанняў, звязаных з замяшчэннем дзяржаўных пасад, якія маюць
адпаведныя абмежаванні, таксама ў сферы Крымінальна-працэсуальнага
заканадаўства, сацыяльна-прававой сферы».
Аднак увядзенне адказнасці за непрадастаўленне інфармацыі аб
наяўнасці дакументаў замежных дзяржаў у МУС пакуль лічаць заўчасным.
«Карта паляка» — гэта дакумент, які пацвярджае прыналежнасць асобы да
польскага народа. Уладальнік карты мае шэраг правоў неграмадзянскага характару.
Напрыклад, дазваляе бясплатна атрымліваць доўгатэрміновую нацыянальную польскую
візу, легальна працаваць у Польшчы без спецдазволу і бясплатна карыстацца
сістэмай адукацыі, займацца на тэрыторыі Польшчы прадпрымальніцкай дзейнасцю на
тых жа падставах, што і грамадзяне Польшчы, дае зніжку на праезд у транспарце і
гэтак далей.
«Карту паляка» атрымалі больш за 140 тысяч беларусаў.