Трэшачок тыдня. Жыве Джорна Джавана, альбо Саша 12%

Лета скончылася, восень распачалася, а ў беларускім тэатры абсурду рэпертуар не змяняецца. Апошнія трагікамедыі лукашэнкаўскага паноптыкума — у чарговым «трэшачковым» аглядзе за тыдзень.

photo_16.webp

Лэптоп ад Лукашэнкі

1 верасня Лукашэнка сустракаўся са школьнікамі ды студэнтамі і зноў чароўна пацвердзіў свой талент пладзіць мемы. Іначай не назваць, напрыклад, прэзентацыю моладзі свежанькага ноўтбука ад завода «Гарызонт». Ажно 12 адсоткаў там беларускага, пахваліўся галоўны «імпартазамяшчальнік». Хіба што гумовыя ножкі там «made in Belarus», пасмяяўся ў адказ байнэт, беспамылкова разгледзеўшы ў тым дэвайсе прадукт кітайскага вытворцы Lenovo.

Гэта было б проста смешна, але глупства, паўторанае шматкроць, з’яўляецца нечым большым. Бо чаго толькі не «вынайшлі» дзяржаўныя кулібіны раней — і той жа ноўтбук ужо быў, і смартфон, і кампутар… І ўсе мінулыя цуды тэхнікі паціху сышлі ў нябыт, так і не здабыўшы хоць якога масавага попыту. Няма сумневу і ў аналагічным лёсе гэтага бядовага гаджэта. Колькі ты яго ні цягай на пыхлівыя форумы і колькі ні фанабэрся сваім дбаннем аб нацыянальных лічбавых тэхналогіях.

Сімптаматычна тут, бадай, адно. Чаму Лукашэнка ўпарціцца ў сваім цемрашальстве і працягвае па-манілаўску марыць аб сучасных ІТ-прадуктах ад «Гарызонта» ды «Інтэграла»? Адказ адзін: панты. Вось няма, скажам, пантоў у Польшчы, Даніі, Славакіі ці Грэцыі — і яны спакойна карыстаюцца кітайскімі «ноўтамі» і тэлефонамі. Танна, надзейна і не клопатна. І нацыянальнага гонару не абражае. Аднак у Мінску лёгкіх шляхоў не шукаюць. А шукаюць чорную котку ў цёмным пакоі ў Драздах.

Адно суцяшае: мала хто ў Беларусі жыве ў тым жа сусвеце, што і Лукашэнка. Усе добра разумеюць, што да чаго, і купляюць не беларускае, а кітайскае ды карэйскае з амерыканскім. Разумеюць нават кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, што збіраюць айчынныя матацыклы з замежных вузлоў. І толькі няўрымслівы Рыгоравіч змагаецца з гэтымі прывіднымі ветракамі.
Мы і так даўно ведаем, што беларуская дыктатура безнадзейна адстала ад часу і захрасла недзе ў «саўку». Паталагічнае імкненне зрабіць сваю загадзя неканкурэнтаздольную «гравіцапу» — гэта якраз адтуль. То хай сабе цешацца. Цікава, што нам прэзентуюць наступным разам. Не выключана, касмічны карабель, зроблены на «Гомсельмашы».


БТ паказала, як дрэнна жыць у ЕС. «Сведкамі» аказаліся былыя сілавікі

brushtunov_etag8.jpg

Не так даўно на дзяржаўным тэлебачанні запусцілі адмысловы цыкл перадач, мэта якога — паказаць, як кепска людзі жывуць у Еўрасаюзе і, адпаведна, як добра ў Беларусі пад чулым кіраўніцтвам аднаго геніяльнага палітыка. Адзін з выпускаў вырашылі даследаваць калегі з «Н*шай Нівы», і выявілася смешнае.

У эфіры БТ на жыццё ў ЕС скардзіліся двое беларускіх мужчын сярэдняга веку. Яны нібыта пераехалі ў Германію, але моцна аб гэтым пашкадавалі. Бо настолькі невыносна ўсё ў немцаў, што не хапіла моцы трываць і прыйшлося вяртацца ў родную Горадню да чыстых вуліц. І, вядома, дадавалі яны, бедныя бюргеры вельмі хваляць Лукашэнку. Мараць сабе такога кіраўніка замест усялякіх там Шольцаў і Меркель.

І кім жа апынуліся тыя мужчыны, калі на іх навялі рэзкасць? Ну вядома: аніякімі ні былымі жыхарамі Германіі, а былымі беларускімі міліцыянтамі.

Выглядае, што зусім ужо дрэнь справа ў прапагандыстаў з жывой натурай. Прыходзіцца прыцягваць за вушы не толькі тэмы для БТ, але і фальсіфікаваць іх герояў. І, здаецца, змагароў ужо ўсіх перадушылі, і астатніх прымусілі моўчкі прымаць правілы найноўшага канцлагера, а сапраўдных адэптаў рэжыму для тэлеперадач ніяк набраць не могуць.

 

Навошта рэжым забараняе сваім апанентам наведваць казіно?

18779.png

На мінулым тыдні стала вядома, што суд нанова пакараў жанчыну з Івацэвічаў, асуджаную да «хатняй хіміі» за смайлік-«га@няшку» на адрас міліцыянта. Паколькі Вольга Кронда не аплаціла прызначаны ў дадатак штраф, на яе наклалі цэлы шэраг забаронаў. Сярод іх — забарону наведваць казіно.

Раней тое ж самае прызначылі 75-гадовай Ніне Багінскай, і, меркавана, могуць прызначыць палітвязню Мікалаю Статкевічу.

Цяжка сказаць, чым тлумачыцца такая хваравітая ўвага лукашэнкаўскіх суддзяў да ігорных установаў. Каб разабрацца ў гэтым, патрэбна дапамога як найменей псіхааналітыка. Імаверна, толькі ён зможа разабрацца ў матывах, чаму Статкевічу нельга паставіць на чорнае ў калоніі, дзе не тое што казіно няма, а нават нармальнай чабурэчнай.

Але суддзі гэтыя грукаюць малатком. Забараніць казіно і падкіднога дурня ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах. Як гэта перажыве Ніна Багінская? Тым больш, што ёй жа яшчэ нельга кіраваць аэрапланамі.

Што ж, такія сёння ў Беларусі суды. Застаецца хіба толькі паскардзіцца на іх небагатую фантазію. І параіць новыя табу для праклятых апазіцыянераў. Напрыклад, можна забараніць спаць на левым баку, есці кенгураціну, альбо тэлефанаваць Напалеону. А то ўсё казіно ды казіно.

 

Прапагандысты павяліся на дзіцячы флэшмоб і надалі мінскай школе неіснуючае імя

dzorna_dzavana.jpg

З дзяржаўная журналістыкай у Беларусі зусім бяда. Хай сабе яна хлусіць як ваду п'е — да гэтага мы ўжо прызвычаіліся. Але ж ужо і на элементарны фактчэкінг прапагандыстаў не хапае. Праз тое яны рэгулярна садзяцца ў лужыну, і 1 верасня быў як раз той выпадак.

У Дзень ведаў на тэлеканале СТБ выйшаў бадзёры рэпартаж з мінскай школы №170 імя Джорна Джавана. Менавіта так напісалі тэбэшнікі ў тытрах ды адпаведна распавялі. І, як кажуць, ні ў адным воку.

gai_160522_1_5s28v.jpg

Насамрэч, ніякай школы імя Джорна Джавана ў беларускай сталіцы не існуе. Бо ён жа не Уга Чавес, каб ягоным прозвішчам называць вуліцы, паркі альбо школы. Джавана гэты — выдуманы герой японскага анімэ. А ў Мінску ён апынуўся, хутчэй за ўсё, праз падлеткавыя гульні ў ТікТок. Летась у сеціве дзеці пачалі надаваць дзеля жарту школам імёны адвольных персанажаў — хто на што вучыўся. 170-й мінскай СШ як раз і дастаўся ДжоДжа, а там ужо нейкім чынам гэта адлюстравалася на гугл-мапах. Ну а потым — і на экранах беларускага тэлебачання. Дзе прафесіяналы настолькі непасрэдныя, што не даюць рады зрабіць два клікі і праверыць «інфу».

Зрэшты, што іх вінаваціць? У беларускага рэжыму якія сродкі — такая і масавая інфармацыя.