Эксперты: Пуцін пачынае новую гонку ядзерных узбраенняў

Самая сенсацыйная навіна з Паслання Пуціна парламенту Расіі — заява пра тое, што Крэмль часова прыпыняе свой удзел у дамове аб скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў (СНУ), але не выходзіць з яе. Акрамя таго, расійскі кіраўнік заклікаў рыхтавацца да правядзення ядзерных выпрабаванняў — упершыню з восені 1990 года.

mdjrn5.png


Цяперашні дагавор СНУ-III быў падпісаны яшчэ прэзідэнтам Дзмітрыем Мядзведзевым (той лічыў гэта вялікім дасягненнем), уступіў у сілу ў 2011 годзе і быў прадоўжаны ў 2021-м Джо Байдэнам яшчэ на пяць гадоў. Ён прадугледжвае абмежаванне для Расіі і ЗША ў колькасці ядзерных боегаловак, міжкантынентальных балістычных ракет і бамбавікоў.

Сэнс СНУ — спыніць гонку ўзбраенняў. Паводле дагавора, Расія і ЗША скарацілі свае ядзерныя арсеналы так, каб сумарныя колькасці ўзбраенняў не перавышалі 700 міжкантынентальных балістычных ракет, балістычных ракет на падводных лодках і стратэгічных бамбавіках, а таксама 1 550 боегаловак і 800 пускавых установак.

Дагавор прадугледжвае ўзаемныя інспекцыі ядзерных аб'ектаў. Гэтая частка дагавора лічылася адной з самых важных, паколькі рабіла больш прадказальнымі крокі апанента. Інспекцыі на ядзерных аб'ектах спыніліся ў жніўні 2022 года. Тады расійскае МЗС заявіла аб часовым прыпыненні інспекцый: нібыта інспектары не могуць прыехаць у ЗША праз санкцыі і накладзеныя абмежаванні на палёты самалётаў.

Прыпыненне дагавора можа запусціць новую ядзерную гонку паміж Расіяй, ЗША і NATO. Апроч таго, на думку палітолага Івана Праабражэнскага, гэта рашэнне Пуціна закрывае самы просты шлях да дыялогу паміж Масквой і Вашынгтонам.

«Менавіта для гэтага СНУ спрабаваў выкарыстоўваць Вашынгтон. Падобна на тое, што Пуцін баіцца любых перамоў. Мабыць, ціск у гэты бок унутры расійскага кіруючага класа вельмі вялікі», — сказаў палітолаг тэлеграм-каналу «Можам патлумачыць».


Карэспандэнт рускай службы Бі-бі-сі па ўзбраеннях Павел Аксёнаў наўпрост кажа, што заява Пуціна аб прыпыненні ўдзелу Расіі ў дагаворы аб стратэгічных наступальных узбраеннях, «напэўна, самая моцная эскалацыя міжнароднай напружанасці з пачатку расійскага ўварвання ва Украіну».

На яго думку, фактычнае, хоць і часовае, спыненне дзеяння дагавора не прывядзе да неадкладнага пачатку гонкі ядзерных узбраенняў. Але гэта азначае, што два бакі перастануць кантраляваць адзін аднаго. Адсутнасць празрыстасці ў такім крытычна важным для бяспекі пытанні прывядзе да таго, што кожны бок будзе планаваць развіццё сваіх ядзерных сіл і распрацоўваць дактрынальныя дакументы, зыходзячы з уласных уяўленняў пра тое, што дзеецца ў патэнцыйнага праціўніка.

«Спачатку такія прагнозы будуць заснаваны на звестках, атрыманых у ходзе абмену данымі ў рамках СНУ, але чым далей, тым уяўленні пра пагрозу будуць усё больш і больш прывіднымі, а думкі аб неабходнай магутнасці ўласнага арсенала — усё больш настойлівымі», — кажа эксперт.

Акрамя таго, у такой атмасферы недаверу ўзрастае рызыка пачатку канфлікту з ужываннем ядзернай зброі — ён можа пачацца ў выніку памылкі або якога-небудзь інцыдэнту з удзелам ваенных дзвюх краін.

«Ядзерныя выпрабаванні ўяўляюць сабой не толькі рэальную небяспеку для навакольнага асяроддзя, гэта яшчэ і моцная эскалацыя напружанасці, якая паўплывае на стан стратэгічнай стабільнасці ў свеце… Любы «тэставы» ядзерны выбух выкліча ўсплёск напружанасці. Уласна, нават само згадванне аб гіпатэтычнай магчымасці такіх выбухаў — ужо эскалацыя напружанасці», — адзначае адмыслоўца.