Аляксандр Фрыдман: Лукашэнку аддаць пад трыбунал лягчэй, чым Пуціна
Крэмль пакуль адвёў Лукашэнку абмежаваную ролю ў вайне: прыняць расійскія войскі, дапамагчы лагістыкай, навучыць расійскіх «мобікаў» і адцягваць увагу ўкраінцаў на мяжы. Але пры найгоршым сцэнары Масква можа кінуць у бой і беларускае войска.
Ці патрэбнае Крамлю прызнанне псеўдадзяржаў з боку Лукашэнкі? Чаму беларускае войска дагэтуль не ўступіла ў вайну? Ці зможа Лукашэнка выйсці сухім з вайны?
На пытанні «Новага Часу» адказаў гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.
«Крэмль чакае ад Лукашэнкі пакетнага рашэння»
— Беларусь наведаў кіраўнік непрызнанай Абхазіі. Гэта ўжо другая сустрэча Лукашэнкі з Бжанія за апошнія паўгода. Прычым абедзве адбыліся пасля сустрэч Лукашэнкі з Пуціным. Ці сапраўды Крэмль дабіваецца ад Мінска прызнання псеўдадзяржаў? Што гэта дае Маскве?
— Гэтае пытанне было сур’ёзным, важным у 2008-2009 годзе, недзе да 2013 года. Потым пачаліся ўкраінскія падзеі, якія маюць для Расіі зусім іншую вартасць. Што значыць прызнанне Абхазіі ці Паўднёвай Асеціі? Куды важней пытанне з Крымам: юрыдычнага прызнання з боку Лукашэнкі няма дагэтуль, на паўвостраў ён так і не даехаў. Сёння Лукашэнка пазбягае адказу на пытанне: каму належыць Херсонская або Запарожская вобласць.
Для Крамля прызнанне Абхазіі ці Паўднёвай Асеціі адышло на другі план, пакуль выглядае так, чуткі пра іхняе далучэнне да Расіі, хутчэй за ўсё, і застануцца на ўзроўні чутак, пакуль не бачна намераў змяніць іх статус.
Я б звярнуў увагу на рознае стаўленне да Абхазіі і да Паўднёвай Асеціі. З Паўднёвай Асеціяй усё зразумела: там пануюць прарасійскія настроі, і гаворка ідзе пра аб’яднанне Паўднёвай і Паўночнай Асеціі ў складзе Расійскай Федэрацыі.
Абхазія ж прытрымліваецца іншага вектару: яна жадае заставацца фармальна незалежнай краінай і няма памкненняў уступаць у склад Расійскай Федэрацыі. Абхазскае кіраўніцтва нават падкрэслівае, што такіх планаў не мае.
Таму для сваіх кантактаў Лукашэнка абраў менавіта Абхазію, а не Паўднёвую Асецію.
Не думаю, што сёння ідзе гаворка пра тое, каб Лукашэнка нешта прызнаваў. Проста ён робіць такія крокі, якія падабаюцца Расіі, а яму амаль нічога не каштуюць. Ну прыняў ён Бжанія ў Мінску — Бжанія задаволены; для яго прыезд у Мінск увогуле падзея: ён прыехаў у незалежную краіну. Канешне, яго не прымалі як роўнага, што было бачна па афіцыйным прыёме. А рэакцыя Грузіі была чаканая: ім гэта не спадабаецца, будуць пратэставаць. Але яны нічога сур’ёзнага не зрабілі нават тады, калі Лукашэнка прыязджаў у Абхазію. А тут прыехаў Бжанія ў адказ — тым усё і абмежавалася.
— Прыезд Бжанія дазволіў выбудаваць лагічны ланцужок: спачатку прызнанне Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, затым прызнанне акупаваных тэрыторый ва Украіне, пасля чаго Мінск мусіць выконваць свае абавязацельствы па саюзнай дзяржаве — абараняць Расію ад «знешняй агрэсіі». Чым не гатовы план па ўцягванні Беларусі ў вайну ва Украіне?
— Я думаю, што ад Лукашэнкі ўжо чакаюць пакетнага рашэння. Абхазію мы прызнаем, Крым не прызнаем — такі фінт ужо не пройдзе, давай, паказвай, які ты насамрэч саюзнік — прызнавай усё. Не думаю, што ў Расіі чакаюць паслядоўных крокаў ад яго: зрабі першае, другое, трэцяе…
Як мне падаецца, у Крамля наконт Беларусі больш глабальныя планы. Цяпер пытанне не ў прызнанні ці непрызнанні, тут гаворка ўжо ідзе (калі верыць плану пра паглынанне Беларусі да 2030 года, а ён выглядае сапраўды аўтэнтычным, не падробкай, пра што кажуць і спецслужбы) сапраўды пра поўнае паглынанне краіны. Многія пункты гэтага плана адпавядаюць не толькі словам, але і дзеянням расійскага кіраўніцтва. Таму, як мне падаецца, на гэты момант Расіі ўсё роўна, каго Лукашэнка прызнае ці не прызнае — для яе гэта справа другасная. Выглядае так, што ў Крамлі для сябе прынцыпова вырашылі, што з беларускай незалежнай дзяржавай трэба скончыць. Магчыма нават, як мага хутчэй. План датуецца 2021 годам, але пасля пачатку вайны расійская палітыка радыкалізавалася, таму і тэрміны маглі пасунуцца. Ужо ідзе адкрытая гаворка пра ўз’яднанне “гістарычных тэрыторый” у складзе Расійскай Федэрацыі, Пуцін пра гэта адкрытым тэкстам кажа.
Дык якая ўжо розніца: прызнае Лукашэнка ці не, калі Беларусі з пункту гледжання Расіі ўсё роўна наканаваны лёс стаць часткай Расійскай Федэрацыі або часткай нейкай саюзнай дзяржавы.
«Значэнне Лукашэнкі ў вайне пакуль абмежаванае»
— За мінулы год беларускае войска так і не ўступіла ў вайну. Ці азначае гэта, што з кожным днём рызыка прамога ўдзелу ў баявых дзеяннях памяншаецца?
— На першапачатковай стадыі вайны, калі расійская армія пайшла на Кіеў, відаць, у Крамлі рашылі ўзяць Украіну нахрапам і хутка, а таму патрэбы ў дапаможнай сіле няма. Абавязак Лукашэнкі заключаўся ў тым, каб адкрыць мяжу і забяспечыць расійскую армію ўсім неабходным. А потым, магчыма, падыграць на розных перамовах. Такую ролю Лукашэнку адвялі на першыя дні вайны — ён яе цалкам сыграў, зрабіў усё, што ад яго патрабавалі. Калі б падзеі склаліся б спрыяльна для Расіі: калі б увайшлі ў Кіеў, зрынулі ўкраінскае кіраўніцтва, паставілі сваё, правялі ваенны парад — магчыма, на ваенным парадзе мы пабачылі б і Лукашэнку разам з Пуціным, і нават частку беларускай арміі з расійскімі вайскоўцамі.
Аднак для Расіі наступ скончыўся кепска, расійскія войскі адкаціліся, таму зараз беларускі напрамак не адыгрывае сур’ёзнай ролі ў вайне. Чарговы наступ з боку Беларусі пакуль не плануецца, нішто не паказвае на яго падрыхтоўку, адпаведна, і значэнне Лукашэнкі пакуль абмежаванае: прыняць расійскія войскі, дапамагчы лагістыкай, навучыць расійскіх “мобікаў” і адцягваць увагу ўкраінцаў на мяжы. На сённяшні дзень, як мне падаецца, так выглядае роля, якую Расія адвяла Лукашэнку.
А што тычыцца прамога ўцягвання Беларусі ў вайну, то я бачу два чыннікі, якія могуць на тое паўплываць. Калі так здарыцца, што фартуна будзе на баку Расіі, то беларускае войска можа спатрэбіцца для таго, каб прыняць удзел у трыумфу. Другі варыянт, пры якім беларускае войска можа ўключыцца ў вайну, - калі Расія апынецца ў надзвычайнай сітуацыі і ёй спатрэбяцца ўсе рэсурсы, якія ёсць: і ў сябе правесці новую мабілізацыю, і іншыя рэсурсы кінуць у вайну. У такім выпадку Расія можа скарыстацца і беларускай арміяй.
Ёсць, канешне, яшчэ і трэці сцэнар. Развіццё падзей проста не пакіне выбару для Лукашэнкі. Гэта можа выглядаць такім чынам: з тэрыторыі Беларусі па тэрыторыі Украіны — справакавана, альбо з канкрэтнай мэтай, або пры збегу абставін — будзе нанесены ўдар, на які Украіна нанясе ўдар у адказ. Лукашэнка абяцае, што ў такім выпадку ўдар будзе знішчальны. Але калі такое адбудзецца, то беларуская армія можа быць уцягнутая ў канфлікт, нягледзячы на нежаданне Лукашэнкі. Любыя выпадковасці ці правакацыі пад час вайны выключаць нельга.
У Лукашэнкі няма ядзернай дубінкі
— Ці пакідае шанцы прамое ўцягванне ў вайне Лукашэнку — захаваць асабістую ўладу, Беларусі — захаваць астаткі суверэнітэту?
— Ведаеце, сёння ніхто не возьмецца прадказваць, як павядуць сябе беларусы ў Беларусі і беларускае войска, калі Лукашэнка дасць такі загад. Мы маем фактычна два варыянты паводзінаў.
Першы варыянт агучыў Дуда, які зыходзіць з таго, што ўступленне ў вайну можа выклікаць масавыя пратэсты, якія дэстабілізуюць рэжым.
Іншы сцэнар агучыла ўкраінская ваенная разведка (ГУР), якая лічыць, што беларускія вайскоўцы выканаюць загад і пойдуць на тэрыторыю Украіны, а ніякага супраціву не будзе.
Пра самых беларусаў ГУР не выказвалася, але ж Міхаіл Падаляк казаў: а што беларусы, беларусы ж не пратэстуюць… Гэта, відаць, і ёсць пазіцыя Украіны: калі Лукашэнка аддасць загад, беларускае войска ўступіць у вайну, і ніякай дэстабілізацыі чакаць не варта. Значыць, будуць ахвяры на беларускім баку, значыць, будуць абстрэльвацца беларускія гарады, магчыма, вайна перакінецца на тэрыторыю Беларусі.
Гэта жахлівы сцэнар, зразумела, што Лукашэнка не жадае такога павароту. Але які эфект дасць такі сцэнар: ці пасыплецца дыктатура Лукашэнкі, ці, наадварот, умацуецца яшчэ больш, стане больш жорсткай, тут цяжка прадказаць. Тым больш, што мы маем вельмі ўскоснае ўяўленне пра стан беларускага грамадства.
Але будучыня Лукашэнкі відавочная: прамым уступленнем у вайну Лукашэнка ставіць сябе на адзін узровень з Пуціным, і яго чакае той жа жа лёс: тыя ж санкцыі, тыя ж пагрозы, што і ў Пуціна. Лукашэнка гэта дакладна разумее, таму і не хоча гэтага. Перспектыва апынуцца на лаве падсудных міжнароднага трыбунала яму настолькі не падабаецца, што ён нават не рэагуе на агучаную ініцыятыву еўрапейскіх структур. Хаця публічна і параўноўвае сябе з такімі дыктатарамі, як Хусэйн, Мілошавіч, іншыя дыктатары, якіх асудзілі і пакаралі.
Думаю, Пуцін абсалютна не ўяўляе сябе ў такой ролі: ён кіраўнік ядзернай дзяржавы і адаб’ецца сваёй ядзернай дубінкай у любым выпадку. Крэмль, як мне падаецца, спадзяецца на ядзерны козыр, які дазволіць пазбегнуць пакарання. А ў Лукашэнкі такіх казыроў няма, шанс Лукашэнкі быць пакараным намнога большыя, чым у Пуціна. І ён гэта ведае.