Валерый Кавалеўскі: Тое, што Лукашэнка супрацьстаіць ціску з Усходу — выключна фантазіі

Прадстаўнік АПК па замежных справах у эфіры «Звычайнай раніцы» пракаментаваў рашэнне Польшчы аб закрыцці памежных пераходаў з Беларуссю і параіў не вельмі пераймацца з нагоды «лагодных» у адносінах да Лукашэнкі дзеянняў Украіны.

Фота з сайта 123ru.net 

Фота з сайта 123ru.net 


Нядаўна Польшча закрыла памежны пераход «Баброўнікі», праз тыдзень было абвешчана аб абмежаванні руху беларускіх грузавікоў таксама на пункце пропуску з Беларуссю «Кукурыкі — Казловічы».

— Вядома, гэта вельмі сур'ёзна. Тое, што Польшча зрабіла ўжо першы крок і на яго хваравіта адрэагаваў рэжым, толькі падагравае цікавасць да гэтай тэмы, бо паказвае, наколькі балючымі і эфектыўнымі з'яўляюцца гэтыя крокі, — кажа Валерый Кавалеўскі. — Рэжым паказвае сваю ўразлівасць і не можа гэтага схаваць, а для нашых суседзяў важна, каб у Беларусі выконваліся правы чалавека.

Рашэнне Польшчы было выклікана судовым працэсам у дачыненні да Андрэя Пачобута, дадае палітык.

— Наша пазіцыя такая: не трэба закранаць інтарэсы людзей, каб наземныя пераходы маглі прапускаць беларусаў, палякаў, літоўцаў у абодва бакі і выезд-уезд заставаўся бесперашкодным.

Кавалеўскі таксама пракаментаваў прэс-канферэнцыю Лукашэнкі для замежных журналістаў, якая нядаўна прайшла ў Мінску. Палітык лічыць, што кіраўнік Беларусі ў чарговы раз паказаў, што выконвае ўсе патрабаванні Масквы.

— Тое, што Лукашэнка нібыта ўпіраецца з усіх сіл і супрацьстаіць ціску з Усходу — выключна фантазіі, а ў горшым выпадку — прапаганда. Лукашэнка з самага пачатку быў саюзнікам Пуціна і ім застаецца.

Лукашэнка пацвердзіў, што гатовы зноў даць тэрыторыю Беларусі для ўварвання ва Украіну. У той жа час ёсць няўпэўненасць: ён спрабуе ўгаварыць Украіну на перамовы, прычым робіць гэта вельмі тапорна і прымітыўна, спрабуючы раскалоць, як ён думае, украінскіх вайскоўцаў і палітычнае кіраўніцтва Украіны, не разумеючы, што Украіна сёння — гэта ўзор цэласнасці, таго, як аб'ядноўваюцца дзяржава і грамадства.

Пры гэтым Кавалеўскі мяркуе, што пасля паражэння Расіі ў вайне з Украінай Лукашэнка наўрад ці зможа выйсці сухім з вады і наладзіць стасункі з Захадам і Украінай.

— Гэта вельмі малаверагодна. Тут я б пазначыў пазіцыю краін Захаду, ЕС, ЗША, Вялікабрытаніі і іншых, а таксама далучыў бы сюды пазіцыю Украіны. Тое, што мы сёння бачым (манеўраванне Кіева ў адносінах з Лукашэнкам), не варта блытаць з прыняццем Лукашэнкі наогул.

Гэта сітуацыйныя манеўраванні для таго, каб не дапусціць паўторнага ўварвання з тэрыторыі Беларусі, для Кіева гэта вельмі важна.

Мы можам колькі заўгодна думаць, наколькі гэта разумна ці неразумна, але для Кіева Лукашэнка з'яўляецца здраднікам, які парушыў міжнароднае права і дамоўленасці, праз што Украіна панесла велізарныя ахвяры і разбурэнні. Лукашэнку адназначна спуску з боку Украіны не будзе, — заключае палітык.