«Такія рэчы трэба паказваць у кабінеце псіхатэрапеўта, а не па тэлевізары ў прамым эфіры»
Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» аналізуе надзвычай бессэнсоўную прамову Пуціна і нагадвае, што Савецкі Саюз ужо спрабаваў мерацца з NATO стратэгічнымі наступальнымі ўзбраеннямі.
З нагоды ўчорашняга выступлення Пуціна хацеў табе сказаць: «Ад яго зладзейства чакалі, а ён чыжыкам падавіўся». Але потым падумаў, што са злачынствамі ў іх якраз усё ў парадку. Бессэнсоўныя ліхадзействы ў іх атрымліваюцца як ні ў каго іншага. Учора проста падчас выступлення ўзарвалі прыпынак у Херсоне і забілі пяць чалавек.
Праблемы пачынаюцца, калі яны спрабуюць зрабіць што-небудзь асэнсаванае. Хай нават і злачыннае, але каб у ім быў практычны сэнс. Як толькі пачынаюць шукаць сэнс, дык адразу атрымліваецца чыжык. Вось мала таго, што інтэрвенцыя ў іх не заладзілася, то ўжо нават і стратэгічныя вербальныя інтэрвенцыі выдыхнуліся.
Варта было, вядома, весці зваротны адлік да гэтага эпахальнага мерапрыемства, каб зноў расказаць, як Захад іх крыўдзіў у дзяцінстве, і таму яны такімі выраслі. Ну крыўдзіў, усе ўжо ў курсе. У дзяцінстве крыўдзіў, у малалецтве буліў. Пра юнацтва дык увогуле не пры Фрэйдзе будзе сказана.
Пазаўчора абзываў іх, учора Байдэнам у Кіеве троліў. І заўтра ж, што характэрна, зноў пакрыўдзіць. І так літаральна кожны дзень: то прышчэмяць законныя геапалітычныя інтарэсы, то напалохаюць гендарна нейтральнымі. А людзі потым па начах... Ды ўсякае, карацей, бывае. Па начах. Лепш табе не ведаць.
Увогуле, калі гэта быў такі калектыўны псіхатэрапеўтычны сеанс, то яго карысць нейкая сумніўная. Старых траўмаў не вылечылі і толькі нарабілі сабе новых. Ну, прыгразілі амерыканцам, што выйдуць з Дамовы аб стратэгічных наступальных узбраеннях. І што? Стала лягчэй? Памятаецца, Савецкі Саюз ужо спрабаваў мерацца з NATO стратэгічнымі наступальнымі ўзбраеннямі. І вось для яго не вельмі добра ўсё скончылася. А яму ж было чым мерацца. Яму ж у дзяцінстве геапалітычныя інтарэсы ніхто не прышчамляў. У яго, урэшце, Варшаўскі дагавор быў, а не адзін толькі малодшы саюзнік з сельскагаспадарчым народным апалчэннем.
P.S. У малодшага саюзніка ў самога праблемы з тых часоў, як сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.