Аляксандр Класкоўскі: У Лукашэнкі няма патэнцыялу, каб супраціўляцца працэсу паўзучай інкарпарацыі

Зліў дакумента аб планах Крамля дэ-факта паглынуць Беларусь да 2030 года сенсацыйны толькі фармальна. Па сутнасці ж імперская палітыка Расіі — як на далоні і без усялякіх уцечак. Асабліва пасля нападу на Украіну год таму, піша палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі ў «Позірку».

Фота з акцый пратэсту супраць «паглыбленай інтэграцыі» Беларусі і Расіі, снежань 2019 г.  

Фота з акцый пратэсту супраць «паглыбленай інтэграцыі» Беларусі і Расіі, снежань 2019 г.  


Саўдзел у гэтай авантуры яшчэ мацней звязаў рэжым Лукашэнкі з Масквой. Там цяпер цалкам могуць спадзявацца на датэрміновую рэалізацыю сакрэтнай стратэгіі.

Аўтарытэтныя эксперты кажуць, што дакумент «Стратэгічныя мэты Расійскай Федэрацыі на беларускім кірунку», які трапіў у рукі журналістаў, вельмі праўдападобны. Але нават калі дапусціць, што гэта падробка, то на практыцы мы бачым, што Крэмль дзіўна дакладна дзейнічае менавіта ў гэтым рэчышчы. І нават перавыконвае план.


Пералом 2020 года

Лукашэнка, насуперак сваёй волі магутна падыграў Маскве ў 2020 годзе, калі вынікі прэзідэнцкіх выбараў былі сфальсіфікаваныя, а сілавікі сталі жорстка падаўляць масавыя пратэсты. Хваля народнага абурэння апынулася настолькі моцнай, што для ўтрымання ўлады кіраўніку прыйшлося грунтоўна абаперціся на Крэмль.

Пуцін падтрымаў аўтарытарнага сабрата ў хвіліну, калі ягонае крэсла пагрозліва хісталася (што вельмі паўплывала на беларускую наменклатуру і сілавікоў). Але за гэта выратаванне кіраўніку Беларусі прыйшлося і даводзіцца плаціць жахлівую цану — здаваць па кавалках суверэнітэт.

Сцвярджаецца, што зліты цяпер дакумент складаўся летам 2021 года, гэта значыць яшчэ да пачатку вялікай вайны Расіі супраць Украіны. Сёння рэжым Лукашэнкі моцна павязаны з імперыяй яшчэ і статусам суагрэсара, што ўзмацніла ізаляцыю ад дэмакратычнага свету. Санкцыі прымушаюць Мінск яшчэ мацней замыкаць на Расію эканоміку, уключаючы лагістыку. Што аўтаматычна цягне за сабой і ўзмацненне палітычнай залежнасці.

Так што многія задачы дакумента, калі ён сапраўдны, выконваюцца з відавочным апярэджаннем графіка. Глядзіш, і расцягваць гэты план аж да 2030-га не спатрэбіцца.


Эканоміка ўсё мацней завязваецца на Расію

Лукашэнка выдатна разумее драпежніцкую прыроду імперскай палітыкі. І сам публічна выкрываў яе ў моманты канфрантацыі з Крамлём не менш горача, чым апазіцыйны гуру Зянон Пазняк. У 2019-м Лукашэнка адхіліў дарожныя карты паглыблення інтэграцыі, у пачатку 2020-га сустрэўся ў Мінску з тагачасным дзяржсакратаром ЗША Майклам Пампеа і дамовіўся аб пастаўках амерыканскай нафты.

Але восенню 2021-га, пасля задушэння народнага паўстання, Лукашэнка, прыціснуты абставінамі, падпісаў пакет саюзных праграм — пераробленых дарожных карт. Затым ён пагадзіўся прыняць на сваёй тэрыторыі сумесныя вайсковыя вучэнні «Саюзная рашучасць — 2022», пад прыкрыццём якіх Расія сканцэнтравала ўдарны кулак для наступу на Кіеў.

На нядаўняй сустрэчы з Пуціным у падмаскоўным Нова-Агарова Лукашэнка адрапартаваў: «28 праграм, якія мы намецілі з вамі, пад 80% ужо выкананыя». У прыватнасці, ідзе цеснае збліжэнне ў падатковай і мытнай абласцях. Падпісана пагадненне аб агульных прынцыпах падаткаабкладання па ўскосных падатках (у злітай стратэгіі ў ліку іншага фігуруе задача падбудаваць беларускае заканадаўства пад расійскае). Намечана стварыць наднацыянальны падатковы камітэт, пры тым што раней Лукашэнка ўсяляк супраціўляўся стварэнню наднацыянальных органаў.

Па выніках 10 месяцаў мінулага года доля Расіі ў беларускім тавараабароце вырасла да 60% (у 2020-м было 47,9%). Дыверсіфікацыя скурчылася.

Масква плануе сфармаваць і з 2024 года запусціць новы пакет саюзных праграм. Могуць з'явіцца іншыя наднацыянальныя структуры, Расія напэўна паспрабуе даціснуць і ў пытанні адзінай валюты (гэта адна з мэтаў, якія фігуруюць у злітым дакуменце).

Фота з акцый пратэсту супраць «паглыбленай інтэграцыі» Беларусі і Расіі, снежань 2019 г.  

Фота з акцый пратэсту супраць «паглыбленай інтэграцыі» Беларусі і Расіі, снежань 2019 г.  


Суверэнітэт па кавалачках здаецца Маскве

У сакрэтнай стратэгіі, якая патрапіла ў СМІ, ставілася задача зрабіць рэгулярнымі сумесныя ваенныя вучэнні. Цяпер, як вядома, расійскія вайскоўцы не вылазяць з Беларусі. На тутэйшых палігонах пад маркай разгортвання сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў рыхтуюць тамтэйшых «мобікаў». Беларуская тэрыторыя можа быць зноў выкарыстана для ўдару па Украіне. Ад ваеннага суверэнітэту Беларусі засталіся рожкі ды ножкі.

Многія пазначаныя ў сакрэтнай стратэгіі пагрозы (для планаў інкарпарацыі, натуральна) — тыпу магчымага збліжэння Мінска з НАТА, росту гандлю з ЕС і ЗША — ужо неактуальныя. У гэтым плане беларускі рэжым сам спаліў усе масты.

Гэта можна сказаць і пра пагрозу ўзмацнення ў асяроддзі Лукашэнкі пазіцый «празаходніх і нацыяналістычна настроеных» палітыкаў. У кіруючай верхавіне відавочна ўзмацніліся пазіцыі ястрабаў і прамаскоўскай публікі. Былы кіраўнік МЗС Уладзімір Макей, які лічыўся ў Маскве празаходнім, памёр, яшчэ раней згасла звязаная з яго імем палітыка шматвектарнасці. Цяпер Лукашэнка ўжо не ў стане разгойдваць геапалітычныя арэлі, ратуючыся ад крамлёўскага ціску.

Прадстаўнік Мінабароны Беларусі Валерый Равенка 21 лютага заявіў: «... ад нашай вытрымкі залежыць, ці застанецца ўзброены канфлікт ва Украіне ў бягучых рамках або стане больш маштабным». Смех у зале.

На самай справе калі Крэмль націсне на Лукашэнку і той дасць сваім генералам загад ваяваць, нікуды яны не падзенуцца. Беларусь тут цацка ў руках імперыі.

Паспяхова прасоўвае Масква ў Беларусі і сваю мяккую сілу. Яе СМІ прывольна адчуваюць сябе ў тутэйшай інфармацыйнай прасторы, прапаганда рэжыму Лукашэнкі перапявае асноўныя наратывы Крамля. Працягваецца русіфікацыя. У той самай сакрэтнай стратэгіі ставіцца мэта ўмацаваць пазіцыі рускай мовы ў Беларусі, забяспечыць яе дамінаванне над беларускай. Маскве ў гэтым плане асабліва і завіхацца няма патрэбы, гэтую місію з ахвотай выконвае сам тутэйшы рэжым.

Так, чыноўнікі фармальна ўспамінаюць, напрыклад, пра Дзень роднай мовы, ладзяць нейкія бутафорскія фальклорныя мерапрыемствы. Але на практыцы ўсё праўдзіва беларускае — ад адукацыі да культуры — задушваецца. Сілавікі могуць папросту загрэбці чалавека на вуліцы толькі за тое, што ён гаворыць па-беларуску: для іх гэта маркер нелаяльнасці — ага, напэўна, бэчэбэшнік!


Упірацца кіраўніку ўсё цяжэй

Не ўсё, вядома, ідзе па плане Масквы. Напрыклад, згодна з сакрэтнай стратэгіяй, меркавалася завяршыць канстытуцыйную рэформу ў Беларусі на расійскіх умовах. У прыватнасці — стварыць умовы для ўзнікнення і развіцця прарасійскіх партый.

Але Лукашэнка перарабіў Канстытуцыю перш за ўсё пад сябе. І наўрад ці будзе спяшацца з транзітам улады. Хутчэй за ўсё, да цяперашняга крэсла далучыць яшчэ і крэсла старшыні Усебеларускага народнага сходу. Партыям, нават лаяльным, самаўладны кіраўнік асабліва разгуляцца не дасць.

Аднак як бы ён ні перарабляў законы і як бы ні тасаваў кадры (фармаванне пад носам пятай калоны Крамля, безумоўна, напружвае Лукашэнку), ягоная ўлада над краінай сціскаецца як шчыгрынавая скура. Масква бярэ сваё ціхай сапай. Ёй няма патрэбы выкарыстоўваць тут ракеты і танкі. Працэс паўзучай інкарпарацыі і так ідзе з апярэджаннем графіка.

На сёння паступовае спаўзанне Беларусі ў пашчу імперскай пачвары выглядае амаль фатальным працэсам. У Лукашэнкі няма дастатковага патэнцыялу, каб паспяхова супраціўляцца. Хоць ён і спрабуе ўхіліцца ад прамога ўдзелу ў вайне, навязаць міжнароднай супольнасці свае міратворчыя паслугі, у ягоную палітычную суб'ектнасць мала хто верыць. Парог для ўваходжання ў дыялог з Захадам як ніколі высокі.

Замежныя штабы праціўнікаў рэжыму генеруюць свае стратэгіі абароны незалежнасці Беларусі. Але на сёння апазіцыя амаль не можа ўплываць на ход падзей унутры краіны і на беларуска-расійскім трэку. Пытанне ўзмацнення санкцый таксама выглядае неадназначна, паколькі яны відавочна штурхаюць Лукашэнку ў абдымкі Расіі.

Аналітыкі дружна паўтараюць, што лёс Беларусі (і ў прыватнасці ўзяты на ўзбраенне апазіцыянерамі сілавы варыянт змены рэжыму) будзе ў вырашальнай ступені залежаць ад зыходу вайны ва Украіне. Але гэты сюжэт цяжка прагназаваны. У Крамля ёсць запас трываласці. І справа не ў тым, якія там планы на паперы, а ў тым, якія ў галаве.

Пуцін жа думае агрэсіўнымі імперскімі катэгорыямі, дэ-факта лічыць беларускую дзяржаўнасць такім жа гістарычным непаразуменнем, як украінскую. І на сёння пагрозы незалежнасці Беларусі моцныя як ніколі.