Аляксандр Фрыдман: Лукашэнка разумее, што свет знаходзіцца напярэдадні эскалацыі вайны
Пра сутнасць перамоваў Лукашэнкі з Пуціным 17-18 лютага ў Нова-Агарове мы можам толькі здагадвацца. Але варта згадаць, што папярэднічала гэтаму візіту.
19 студзеня Лаўроў знаходзіцца з візітам у Мінску, падчас сустрэчы Лукашэнка просіць свайго міністра пакінуць яго з расійскім міністрам сам-насам. І тыдня не прайшло, як Лукашэнка выпраўляецца ў 10-дзённую паездку па дзіўным маршруце: ААЭ — Зімбабвэ — ААЭ.
17 лютага, напярэдадні візіту ў Крэмль, Лукашэнка тэрмінова склікае прэс-канферэнцыю, хаця нібыта адначасова рыхтуецца так званая «Вялікая размова». Навошта спешна збіраць журналістаў, калі праз тыдзень-другі зноў чакаецца маштабная сходка?
«Новы Час» пагутарыў з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам пра тое, як скласці падзеі апошняга месяца ў адзін пазл.
Лукашэнка данёс свае мэсэджы Украіне і Захаду
— Мы маем справу з абсалютна непразрыстай сістэмай улады, дзе кажуць адно, думаюць другое і робяць трэцяе, а публічныя заявы не можам успрымаць толькі напавер. Таму, калі мы імкнемся іх зразумець, вымушаны сыходзіць з таго, што палітычныя актары дзейнічаюць рацыянальна (інакш і аналізаваць няма чаго).
Давайце сыходзіць з таго, што ўсе пералічаныя падзеі ўзаемазвязаны. Лагічна гэта магчыма патлумачыць. Лукашэнка, перш чым накіравацца ў ААЭ і далей, у Зімбабвэ, выдатна разумеў сваё становішча. Мне падаецца, што Лукашэнка, у адрозненне ад Пуціна, досыць рэальна глядзіць на сённяшнюю сітуацыю: ён і бліжэй да вайны, і не ў такой ступені ўцягнуты ў яе, як Пуцін, дакладней, адначасова з’яўляецца і ўдзельнікам вайны, і назіральнікам за ёй. Лукашэнка выдатна разумее, што ўжо ідзе эскалацыя вайны, ці яна вось-вось пачнецца. Яшчэ ў студзені ён разумеў, што наперадзе чакаюць цяжкія часы, што, магчыма, давядзецца прымаць кардынальныя рашэнні, лёсавырашальныя рашэнні, непрыемныя рашэнні. Таму і паехаў у гэтае падарожжа, таму што ведаў: пазней ужо можа і не атрымацца, а праблемы вырашаць трэба. Ды і адпачыць таксама: нервовае напружанне апошніх гадоў дае пра сябе знаць, а Лукашэнка ўжо зусім не малады чалавек.
Ці мог Лаўроў паведаміць яму нешта надзвычайнае? Можа, так, а можа і не: каб зразумець напружанасць моманту, што Крэмль можа пайсці на іншыя крокі, не трэба ніякі візіт Лаўрова.
Па вяртанні з падарожжа Лукашэнка пэўны час наконт вайны ўвогуле не выказваўся. Але напружанасць толькі ўзрастала. І на гэтым тыдні тэма вайны зноў выйшла на першыя пазіцыі.
Хадзілі чуткі наконт «Вялікай размовы», якая то рыхтавалася, то адмянялася; але прэс-канферэнцыя спатрэбілася Лукашэнку тэрмінова: трэба было яшчэ раз падкрэсліць сваю пазіцыю ў дачыненні да вайны. Так Лукашэнка камунікуе перш за ўсё з Захадам. Яму было важна выклікаць не толькі Азаронка ці Маркава, іншых прапагандыстаў (што іх выклікаць, шчоўкнуў пальцамі — яны прыйшлі), тая ж сітуацыя і з расійскімі журналістамі. Яму было важна сустрэцца з сур’ёзнымі заходнімі журналістамі, і ў гэтым плане ён нават паступіўся сваімі асабістымі пачуццямі. На прэс-канферэнцыі прысутнічаў Стыў Розэнберг з ВВС — чалавек, якія задаваў Лукашэнку жорсткія пытанні. Інтэрв’ю CNN у Лукашэнкі атрымалася, ён паўстаў такім, як і хацеў, а вось Розэнберг зрабіў інтэрв’ю вельмі ўмела і непрыемна для Лукашэнкі. І тым не менш Розэнберга заклікалі, далі магчымасць яму задаць пытанні. Значыць, Лукашэнку патрэбна была высокая трыбуна, з якой ён мог бы данесці свой мэсэдж да аўдыторыі ВВС.
Вынесем за дужкі ягоную слоўную эквілібрыстыку, пафасную рыторыку на адрас Расіі і знявагі ў бок Украіны, усю канспіралогію. Па сутнасці нічога надзвычайнага Лукашэнка не сказаў, але яму важна было падкрэсліць, што ён ваяваць не жадае. Маўляў: я ваяваць не хачу, таму вы мяне не чапайце, а калі ёсць магчымасць — падтрымайце мяне, ці хаця б не рабіце мне горш. Я вам не вораг, бо не жадаю распаўзання вайны. Гэты мэсэдж прызначаўся і для Украіны, і для Захаду.
Лукашэнку менавіта гэта было патрэбна, і ён гэта зрабіў. Астатнія выказванні, кшталту запрашэння Байдэна ў Мінск на перамовы, на якіх Лукашэнка стане пасярэднікам паміж Пуціным і ЗША, — калі і змяшчаць у прэсе, то выключна ў раздзеле «гумар», «экзотыка» альбо «іх норавы».
Мне падавалася, што Белы дом і еўрапейцы ўсё ж неяк адрэагуюць на запрашэнне Лукашэнкі (якраз праходзіць Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы). Але Белы дом праігнараваў гэта, Макрон, Шольц у сваіх прамовах пра Лукашэнку ўвогуле не згадалі, яны на яго зусім увагі не звяртаюць.
Але мэсэджы Лукашэнкі да адрасатаў усё ж дайшлі. Першае — ён не жадае ваяваць, будзе ваяваць толькі тады, калі па тэрыторыі Беларусі будзе нанесены ўдар. Я не выключаю, што Лукашэнка трохі зазірае наперад і разглядвае сцэнар, пры якім не будзе наступлення з тэрыторыі Беларусі, але будзе нанесены ўдар з тэрыторыі Беларусі па Украіне. Гэта сігнал Украіне: не адказвайце. Бо калі ўжо Украіна адкажа, то ў яго не застанецца магчымасці не адказаць. Верагодна, у яго ёсць нейкія дамоўленасці з Пуціным. Ходзяць жа размовы пра тое, што Пуцін цісне на Лукашэнку, але ён не паддаецца. Але асабіста я не лічу, што нехта на яго асабліва цісне. Ён сам, дарэчы, на прэс-канферэнцыі падкрэсліў, што на яго не ціснулі ў Маскве (з іншага боку, было б смешна, калі б ён сказаў іншае). Другое — запрашэнне Байдэна ў Мінск на перамовы, што змяшчалася ў навінах і не каментавалася, то-бок не ўспрымалася сур’ёзна.
«Не шукайце ў Лукашэнку нешта патаемнае»
— Вернемся да ціску. Сустрэча ў Нова-Агарове пачалася з таго, што Пуцін падзякаваў Лукашэнку за прыезд, на што апошні адказаў: «Як быццам я мог не пагадзіцца!»
— Пытанне палягае ў тым, як мы ацэньваем Лукашэнку. Адзін падыход: Лукашэнка хітры, спрытны, спрактыкаваны палітык, які дакладна ведае, што кажа, пралічвае ўсе свае крокі і словы. Другі падыход: Лукашэнка насамрэч вельмі просты. Мы спрабуем знайсці патаемныя сэнсы ў ягоных словах, якіх насамрэч там няма, ён абсалютна просты чалавек.
Адзін прыклад. Расійскі журналіст Андрэй Караулаў некаторы час таму кінуўся ва ўспаміны пра Лукашэнку, з якім у яго нібыта вельмі добрыя адносіны, а ў мінулым нават сумесныя паходы ў лазню. Журналіст прытрымліваецца думкі, што Лукашэнка абсалютна аўтэнтычны, просты: што думае — тое і кажа. Не шукайце ў Лукашэнку нешта патаемнае!
Што нам паказалі з Нова-Агарова? Мы ўбачылі публічную частку, і, хутчэй за ўсё, акрамя яе мы больш нічога з гэтай сустрэчы і не ўбачым, і не даведаемся. Магчыма, нам і пакажуць фінальнае падсумаванне, але абсалютна фармальнае.
І Пуцін, і Лукашэнка ведалі, што знаходзяцца перад камерамі, за іхнімі словамі сочаць і іх будуць абмяркоўваць. На фармальнае вітанне Пуціна Лукашэнка адказвае фразай «Як быццам я мог не пагадзіцца!». Спачатку выглядае, што Лукашэнка гаворыць сур’ёзна, але затым у яго з’яўляецца ўсмешка — складваецца ўражанне, што гэтую сітуацыю ён імкнецца перавесці ў жарт.
Можам паразважаць, што гэта было на самай справе: ці такі лукашэнкаўскі гумар, альбо гэта часткова гумар? А можа, гэта спецыфічны сігнал SOS ад Лукашэнкі таму ж Захаду: я ваяваць не хачу, я тут, канечне, але мяне прымусілі. Маўляў, што б ні здарылася — гэта не маё. Такая інтэрпрэтацыя таксама магчымая.
— Сапраўды, галоўнай тэмай сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным анансавалася абмеркаванне вайны і бяспекі, насамрэч на публіцы яны абмяркоўвалі толькі эканоміку.
— Гэтыя публічныя заявы далі падставы Амерыканскаму інстытуту вайны напісаць сёння, што беларуская прамысловасць стане часткай расійскага ВПК. Ізноў жа: ці дае падставы заява Лукашэнкі пра самалёты для такіх гучных высноваў? Гэта адна з інтэрпрэтацый. Усе, хто імкнецца прааналізаваць сітуацыю, знаходзяцца ў вельмі цяжкім становішчы: мы атрымліваем маленькія кавалачкі інфармацыі, якія, да таго ж, могуць з’яўляцца наўмыснай фальсіфікацыяй. Амерыканцы зрабілі такую выснову.
Мне ўсё ж падаецца, што беларускі ВПК адыгрывае важную ролю, але не для гэтага Лукашэнку выклікаюць у Крэмль перад першай гадавінай вайны. Перавод беларускай эканомікі на ваенныя рэйкі — пытанне не аднаго дня, не кароткатэрміновай перспектывы.