Перад візітам Байдэна ў Кіеў РФ правяла выпрабаванні ракеты «Сармат». Яны праваліліся
Улады ЗША лічаць, што Расія правяла няўдалы запуск міжкантынентальнай балістычнай ракеты «Сармат» у дзень, калі прэзідэнт ЗША Джо Байдэн наведаў Кіеў.
Пра гэта паведаміў тэлеканал «CNN» са спасылкай на двух ананімных афіцыйных асоб ЗША.
Адзін з чыноўнікаў сказаў, што Расія загадзя апавясціла ЗША пра ракетныя выпрабаванні па лініі пазбягання канфліктных сітуацый. Выпрабаванні не ўяўлялі небяспекі для ЗША і не разглядаліся «як анамалія або эскалацыя», дадала іншая крыніца.
Адзін з суразмоўцаў паведаміў, што Расія правяла выпрабаванні непасрэдна перад тым, як Джо Байдэн прыехаў у Украіну. Іншы чыноўнік не назваў дакладнага часу, адзначыўшы толькі, што гэта здарылася 20 лютага. Крыніцы «Bloomberg» заявілі, што выпрабаванні дакладна не праводзіліся ў той момант, калі Байдэн быў у Кіеве.
«CNN» адзначае, што ЗША і Расія ў пачатку тыдня размаўлялі па розных каналах, каб не дапусціць канфліктных сітуацый. Так, ЗША апавясцілі Расію пра візіт Байдэна ў Кіеў за некалькі гадзін да падзеі. Пра гэта паведаміў раней дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван. «Ніякага абмену думкамі не адбылося. Проста апавяшчэнне і пацвярджэнне таго, што яно атрымана. Ніякіх гарантый», — сказаў Саліван.
Намеснік кіраўніка МЗС РФ Сяргей Рабкоў, каментуючы гэта, паведаміў «Інтэрфаксу», што апошнім часам стала шмат «шкодных укідаў». «Нельга давяраць усяму, што з'яўляецца ў СМІ, тым больш, калі крыніцай выступае «CNN», — адзначыў Рабкоў.
20 красавіка 2022 года на фоне ўварвання ва Украіну Мінабароны РФ паведаміла, што правяло першы пуск ракеты «Сармат» па праграме дзяржаўных выпрабаванняў. Пасля таго запуску Уладзімір Пуцін, які назіраў за выпрабаваннямі па відэасувязі, заявіў, што ракета «Сармат» «прымусіць задумацца» тых, хто спрабуе пагражаць Расіі. Улады ЗША тады паведамілі, што не лічаць запуск «Сармата» пагрозай для краіны.
У той час заходнія эксперты таксама адзначылі, што выпрабаванні 2022 года — гэта «бразганне ядзернай зброяй», і ўспрынялі яго як спробу адцягнуць увагу ад тагачасных ваенных няўдач Расіі, такіх, напрыклад, як патапленне яе чарнаморскага флагмана «Масква».
Нагадаем, учора, 21 лютага, у сваім пасланні, ужо пад самы канец, Уладзімір Пуцін агучыў, напэўна, галоўнае сваё знешнепалітычнае рашэнне апошняга часу — аб прыпыненні ўдзелу ў Дамове аб скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў (СНУ-3). Гэта дамова рэгулюе колькасць ядзерных боезарадаў і балістычных ракет у ЗША і Расіі. У МЗС РФ заявілі, што гэта рашэнне «можа быць адменена», а таксама паабяцалі выконваць абмежаванні, прадугледжаныя дамовай.