«Ну і што?» Журналісты спыталі Раду Бяспекі і прэс-службу Лукашэнкі аб планах РФ паглынуць Беларусь
У СМІ з'явіўся дакумент аб магчымых планах па ўзмацненні расійскага ўплыву ў Беларусі, нібыта атрыманы з адміністрацыі Пуціна. Згодна з дакументам, галоўная стратэгічная мэта Расіі — да 2030 годзе стварыць «паўнавартасную Саюзную дзяржаву».
СМІ называюць гэты план «паглынаннем Беларусі». Пад выглядам занепакоенай грамадзянкі журналістка «Л*юстэрка» звярнулася ў Раду Бяспекі і прэс-службу Лукашэнкі.
«Што мы яшчэ вам павінны тлумачыць?»
У канцылярыі Рады Бяспекі да тэлефона паклікалі супрацоўніка, які што-небудзь тлумачыць адмовіўся:
— Пішуць, што нас Расія можа да 2030 года паглынуць.
— Ну і што?
— Раскажыце, што адбываецца. Страшна.
— А куды вы тэлефануеце?
— У Раду Бяспекі.
— А што, мы павінны вам каментаваць гэтыя пытанні?
— Напэўна. Вы ж адказваеце за гэтыя пытанні.
— Гэта правільная фраза «напэўна». Прэзідэнт выразна
сказаў, калі ўжо вы так кажаце, на канферэнцыі з Пуціным выразна ўсё
растлумачыў. Што мы яшчэ вам павінны тлумачыць?
Суразмоўца не ўдакладніў, што ён мае на ўвазе і аб якой
канкрэтна канферэнцыі ідзе гаворка. Верагодна, аб сумесных прэс-канферэнцыях
Лукашэнкі і Пуціна па выніках сустрэч, якія ў апошні год яны праводзяць вельмі
часта.
На адной з такіх, 19 снежня, журналістам дазволілі
задаць палітыкам пытанні, тыя пыталіся пра футбол і кошты на газ, а яшчэ — пра
імавернае паглынанне Беларусі Расіяй. Пуцін адказаў, што ў Расіі «няма
зацікаўленасці каго б там ні было паглынаць, у гэтым проста няма
мэтазгоднасці». А. Лукашэнка дадаў, што гэта ўкіды «двух тысяч збеглых»,
разважаў аб тым, што яго і Пуціна ў свеце лічаць суагрэсарамі, і паўтарыў, што
ў Захаду «не атрымаецца разарваць нашы адносіны»: «Яны будуць толькі
ўмацоўвацца. А базу сёння мы фактычна з прэзідэнтам і нашымі калегамі стварылі
для будучага рыўка наперад. Мы яго зробім». Пра што канкрэтна гаворка і ці можа
суседняя дзяржава пашырыць уплыў на нашу краіну, так і не адказаў.
— Значыць, ніякіх каментароў канцылярыя даваць не будзе, —
адказалі ў Радзе Бяспекі. — Мы займаемся тым, што нам вызначана указам
прэзідэнта, дадзенае пытанне да нашай кампетэнцыі не адносіцца. Ёсць указ
прэзідэнта «Аб Радзе Бяспекі Рэспублікі Беларусь», там усё дакладна
вызначана, ён адкрыты. Глядзіце, чытайце, а ўжо потым задавайце пытанні.
— На сайце адміністрацыі Лукашэнкі ўказана, што да кампетэнцыі Рады Бяспекі «адносяцца пытанні ўнутранай і знешняй палітыкі Беларусі,
якія «закранаюць інтарэсы нацыянальнай бяспекі, прыняцце найважнейшых рашэнняў
па забеспячэнні палітычнай, эканамічнай, навукова-тэхналагічнай, сацыяльнай,
дэмаграфічнай, інфармацыйнай, ваеннай і экалагічнай бяспекі дзяржавы і яе
грамадзян».
— Так, так, — пагадзіўся супрацоўнік. — Але
мы не тлумачым палітыку дзяржавы грамадзянам, — адказаў ён і адправіў да
чыноўнікаў у адміністрацыі Лукашэнкі, якія займаюцца зваротамі грамадзян, і ў
яго прэс-службу, а затым паклаў слухаўку.
«З гэтымі навінамі мы знаёмыя»
Па настойлівай рэкамендацыі Рады Бяспекі журналісты патэлефанавалі ў прэс-службу Лукашэнкі. На званок адказала адна з супрацоўніц і адразу сказала, што афіцыйнага каментара з гэтай нагоды не прадстаўнікам СМІ не дае.
— А хто можа звычайнаму чалавеку растлумачыць, ці будзе нас паглынаць суседняя дзяржава? Тут такія навіны з'яўляюцца, і ніхто нічога не каментуе.
— Пра гэта пішуць даўным-даўно ў розных варыяцыях, але... (паўза)
— Дык ужо ёсць дакумент, дзе прапісаныя канкрэтныя крокі: можа стварацца адзіная валюта, будуць выдавацца расійскія пашпарты, будзе падладжвацца заканадаўства, поўная інтэграцыя. Інтэграцыя ў нас вядзецца — чаму мы не павінны верыць гэтым дакументам?
— (доўгая паўза) Ну глядзіце, гэтыя дакументы — гэта ўзята
кімсьці аднекуль. Гэта ж не афіцыйныя дакументы. Афіцыйна такіх навін няма,
таму тут няма чаго каментаваць.
— Ну і пра вайну спачатку афіцыйна нічога не было — казалі,
што нічога не будзе, а потым расійскае войска апынулася на тэрыторыі Украіны.
Вы потым будзеце нешта каментаваць? Вы навіны бачылі наогул? Вы ж прэс-служба
Аляксандра Лукашэнкі.
— З гэтымі навінамі мы знаёмыя. Калі будуць афіцыйныя
каментары, вы іх ўбачыце.
— А калі яны будуць? Калі нам растлумачаць, што наогул
адбываецца?
— Не магу зараз адказаць. Складанае пытанне, ці будзе гэта
каментавацца. < ... > Такія навіны трапляюць у сетку рэгулярна. Калі яны
падмацаваныя нейкім дакументам, сапраўднасць якога пацвердзіць ніхто не можа, —
ну, нічога тут новага няма.
— Вы наогул вывучаеце гэтыя навіны, разумееце, што калісьці
яны могуць стаць не навінамі? Ўвойдзем у склад суседняй дзяржавы. Вы ж павінны
на гэта звяртаць увагу. Мы не хочам жыць у Расіі — мы хочам жыць у Беларусі,
незалежнай.
— (паўза) Ну, асабіста я таксама. Як чалавек і як
грамадзянін сваёй краіны. Я не думаю, што варта турбавацца наконт чарговых
навін такога роду.
Журналісты спрабавалі даведацца ў супрацоўніцы прэс-службы, хто з
прадстаўнікоў улады можа адказаць на гэтае пытанне, але яна толькі паабяцала
перадаць кіраўніцтву «такі запыт, што людзі хвалююцца».
— І, можа быць, яны падумаюць, што сапраўды варта зрабіць
нейкую афіцыйную заяву, выступ, каб людзі не турбаваліся. Дзякуй за пільнасць,
мы вас пачулі, — адказала дзяўчына.
Таксама журналісты выдання паспрабавалі звязацца з Міністэрствам замежных спраў Беларусі і старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацбяспецы Сяргеем Рачковым. Аднак атрымаць каментар не ўдалося.