Старт эпохі «БССР-2»
Палітолаг Елісееў: «Пуцін едзе ў Мінск правесці рэвізію "супрацоўніцтва" ў вайсковай сферы — нічога добрага для беларускай дзяржаўнасці ад гэтай сустрэчы чакаць не даводзіцца».
Палітолаг Андрэй Елісееў падзяліўся думкамі на сваёй старонцы ў Facebook аб будучым візіце Пуціна.
— Пуцін едзе ў Мінск правесці рэвізію «супрацоўніцтва» ў ваеннай сферы і выкананне так званых «інтэграцыйных праграм». Гэта — эўфемізм трансфармацыі Беларусі ў БССР-2; яны могуць разглядацца таксама ў якасці комплексу пераданексійных мерапрыемстваў — прывядзенне беларускай прававой сістэмы ва ўсіх найважнейшых сферах да расійскай, татальная эканамічная прывязка і пазбаўленне суверэнітэту ў такіх адчувальных сферах як падатковая (ужо адбылося).
Вось гэтая (на апярэджанне) фраза Лукашэнкі намякае, што нічога добрага для беларускай дзяржаўнасці ад гэтай сустрэчы чакаць не даводзіцца:
«Асабліва пасля гэтых маштабных перамоваў (наступныя перамовы ў Мінску) усе будуць казаць, што ўсё: ужо ў Беларусі няма ўлады, тут ужо расійцы пешшу ходзяць і кіруюць краінай».
Не выключана, што Пуцін будзе ў тым ліку ўздымаць пытанні, якіх тычылася незабыўная 31-я карта, а менавіта «інтэграцыі» ў палітычнай сферы. Магчыма, Лукашэнка для таго і выказаўся пра правал ключавой (з пункту гледжання яго эканамічных інтарэсаў) «інтэграцыйнай карты» (газавай) — таму як плануе налягаць на тым, што палітычную сферу не трэба фарсіраваць да рэалізацыі ўсіх «эканамічных» мерапрыемстваў. Іншымі словамі (як звычайна): плаціце грошы, а тамака паглядзім.
Аднак яго пазіцыі ў адвечным пытанні «увечар крэслы, раніцай грошы — ці наадварот» занадта слабыя і няроўныя. З часу падпісання «інтэграцыйных праграм» у лістападзе 2021 года беларускі суверэнітэт з'яўляецца вельмі ўмоўным (старт эпохі БССР-2), а пасля 24 лютага 2022 года — тым больш.
Дзіўна, што і дагэтуль у палітычнай і аналітычнай сферах працягваюць гучаць нерэлевантныя пытанні кшталту «Ці здасць Лукашэнку суверэнітэт?», «Ці ёсць небяспека суверэнітэту Беларусі». Падобныя пытанні запазніліся на некалькі гадоў (насамрэч, на пару дзесяцігоддзяў; апошнія тры гады — ужо фінальны этап).Да цяперашняга часу суверэнітэт ужо парадкам абгрызены і ад яго застаюцца толькі аб'едкі. Актуальны статус суверэнітэту Беларусі прыкладна адпавядае аб'ёму суверэнітэту Літвы, Латвіі і Эстоніі ў перыяд паміж восенню 1939 і летам 1940 года (ад ультыматыўнага падпісання ваенна-палітычнай дамовы з Масквой да іх фактычнай акупацыі і анексіі).
На самую бліжэйшую перспектыву, да крытычнага паслаблення Масквы ў выніку фатальнай «малой пераможнай вайны» з Украінай-Руссю, скрыжаванне для Беларусі, мабыць, абмяжоўваецца дзвюма маркотнымі, дэпрэсіўнымі і дэструктыўнымі опцыямі з разраду «хрэн ці рэдзька».
Або несуверэнны статус пры захаванні чыста намінальнай дзяржаўнасці ў цяперашнім фармаце «Саюзнай дзяржавы» па выніках рэалізацыі бягучых «інтэграцыйных праграм» (БССР-2). Альбо — калі Маскве «на пасашок» вельмі захочацца паўнавартасна «паглыбіць» фармат «Саюзнай дзяржавы» і ў ваенна-палітычнай сферы — аж да часовага фактычнага ўваходжання ў склад метраполіі.