Максім Кац: «Калі адбываліся ўсе самыя важныя падзеі ў жыцці Пуціна, Зяленскі ў школу хадзіў»

Расійскі блогер і палітычны аглядальнік у інтэрв'ю «Ж*ццё-маліна» выказаў меркаванне, за што Пуцін асабіста не любіць Украіну, чаму расійскія апазіцыянеры зайздросцяць беларускім, і кажа пра тое, што Беларусь, у адрозненне ад Расіі, ужо вызначылася са сваім кірункам.

wlliudsyeneoaqir.jpg


— Якое ў цябе стаўленне да словазлучэння «рускі мір»?

— Дрэннае, яно ж цяпер стала лаянкавым. Хоць наогул як пазітыўнае яно ніколі не гаварылася, — адказвае Кац. — Гэтае азначэнне ад пачатку ўжывалася, калі казалі пра нейкі рэгіён, які ў цэлым быў аб'яднаны: ва Украіну можна было паехаць па ўнутраным расійскім пашпарце, у Расію — па ўнутраным беларускім.

Зяленскі здымаў серыял «Сваты» для ўсіх трох краін, і яго паўсюль глядзелі як свой. Шмат агульнага было — Рунэт, напрыклад. У прынцыпе, гэта быў даволі інтэграваны рэгіён, і ад гэтай інтэграцыі ўсе глабальна выйгравалі, пакуль Расія не пачала выкарыстоўваць усё гэта ў якасці зброі, пагроз і зусім вар'яцкіх пражэктаў а-ля хто і кім будзе кіраваць.

Максім Кац таксама пагадзіўся: руская мова — гэта спосаб распаўсюджвання ўплыву. Аднак вайна пачалася зусім не з-за таго, што Украіна захацела пазбавіцца ад гэтага ўплыву.

— Пуцін адчуў, што да яго прыйшла будучыня ў асобе Зяленскага. Калі адбываліся ўсе самыя важныя падзеі ў жыцці Пуціна, Зяленскі ў школу хадзіў, а цяпер ён прэзідэнт Украіны — вялікай, вельмі падобнай краіны. І ён уплывовы прэзідэнт. Усё гэта Пуціну было несімпатычна, ён хацеў гэта спыніць: чаму гэта яны самі вырашаюць, хто ў іх прэзідэнт, а не я?

Аглядальнік таксама ўпэўнены, што змены ў Беларусі адбудуцца хутчэй, чым у Расіі.

— Па-першае, ёсць зразумелы лідар — Ціханоўская, якая заўтра становіцца прэзідэнтам, і ўсе гэта прымаюць. Па-другое, ва ўсяго грамадства ёсць зразумелы шлях далейшага руху: еўрапейскага тыпу ліберальная дэмакратыя. Гэта вельмі вялікая справа. У Расіі такога няма.

Там незразумела: ці то нацыянальная дзяржава, ці то шматнацыянальная. Таму Беларусь нашмат хутчэй выйдзе са сваіх праблем, якія цяпер існуюць. Вядома, яе цяпер штучна трымае Пуцін, але гэта скончыцца, і даволі хутка. Потым Беларусь пойдзе наперад, а Расія будзе доўга разбірацца з сабой.

Пры гэтым Кац адзначыў, што расійская апазіцыя зайздросціць беларускай, бо ў яе «ёсць зразумелы лідар і прадстаўніцтва, Ціханоўская можа рабіць палітычныя дзеянні і аб'ядноўваць апазіцыю, а ў расійскай апазіцыі такога чалавека няма».

Максім Кац — прыхільнік мірнага супраціву, падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе многія беларусы глядзелі яго відэавыпускі і верылі ў сілу сваіх дзеянняў. Але з цягам часу стала зразумела — пратэст не спрацаваў. Кац тлумачыць гэта звычайным «нешанцаваннем».

— Навуковыя працы кажуць, што мірны пратэст спрацоўваў у 65% выпадкаў , нямірны — у 30% з чымсьці. Атрымліваецца, часам працуе, часам не. Вядома, гэта жудасна чуць людзям, якія перажылі ўсё гэта на сабе. Але тут адказ у тым, што проста не пашанцавала.

Не атрымалася ў гэты раз. Я думаю, калі мы будзем азірацца назад праз 10 гадоў, то ўбачым, які ўплыў гэта аказала на Беларусь, на змены і іх хуткасць.

Пры гэтым аглядальнік адзначае, што на сітуацыю ў краіне можна ўплываць, у тым ліку знаходзячыся за мяжой. Напрыклад, праз медыйныя рэсурсы.

— Падчас тых жа самых пратэстаў у Беларусі мы бачылі, як Ціханоўская часам была больш уплывовым чалавекам у краіне, чым Лукашэнка. Напрыклад, калі яна заклікала людзей страйкаваць — і яны страйкавалі.