Палітычныя вынікі 2022 года
Доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч аналізуе галоўныя падзеі году на Радыё Св*бода ва ўнутранай палітыцы, тлумачыць, чаму мала хто «заўважыў» новую Канстытуцыю, і вызначае галоўны чыньнік, які ўплываў на падзеі ў Беларусі.
— Якія галоўныя падзеі і паваротныя пункты варта адзначыць, абмяркоўваючы вынікі году ва ўнутранай палітыцы? У 2022 годзе ў Беларусі была прынята новая Канстытуцыя, але, здаецца, з многіх прычынаў гэта ня стала галоўнай палітычнай падзеяй. Усе перабіла вайна Расеі супраць Украіны?
— Так, вайна — гэта самая важная падзея, якая вызначыла ўвесь год і стала галоўнай унутрыпалітычнай падзеяй у Беларусі. Рэпрэсіі, санкцыі, праверка баяздольнасьці — вайна перадвызначыла ўсю палітычную дынаміку ў Беларусі.
Чаму канстытуцыйная рэформа выклікала так мала зацікаўленасьці? Бо пасьля апублікаваньня праекту Канстытуцыі і экспэртам, і грамадзтву стала зразумела, што гэта не палітыка, а адмена палітыкі. Улада захаваецца за Лукашэнкам, ніякіх палітычных зьменаў чакаць ня варта, улада ня будзе арыентавацца на грамадзкую думку.Вядома, з фармальнага гледзішча ў Канстытуцыю былі ўнесены істотныя зьмены — у функцыях «усебеларускага народнага сходу», іншае пераразьмеркаваньне дзяржаўных паўнамоцтваў. Але кансэнсус сярод экспэртаў быў у тым, што гэта проста прывядзе да яшчэ большай цэнтралізацыі ўлады ў руках аднаго чалавека. І гэта робіць усе гэтыя юрыдычныя дэталі, па вялікім рахунку, бессэнсоўнымі, бо яны мяняюць палітычную абгортку палітычнай сыстэмы, але не мяняюць яе сутнасьці.
— Але за год пасьля прыняцьця новай Канстытуцыі законы, якія павінны забясьпечыць новыя рэаліі, так і не прынялі. Нібыта Канстытуцыя жыве сама па сабе, а рэальнасьць — сама па сабе. Чым гэта тлумачыцца? Яны не сьпяшаюцца, бо не зусім ведаюць, што і як рабіць?
— Так, я думаю, у іх няма візіі, якім чынам рабіць гэтыя канстытуцыйныя пераўтварэньні. Былі розныя праекты Канстытуцыі, але ў выніку ўлады прыйшлі да высновы, што хаця і трэба рабіць нейкую рэформу, але па сутнасьці нічога мяняць ня трэба, проста падкарэктаваць розныя юрыдычныя працэдуры. Таму яны і цягнуць — трэба нешта рабіць, каб прывесьці заканадаўства ў адпаведнасьць з новай Канстытуцыяй, але палітычнай волі і жаданьня гэта рабіць няма. Больш за тое, у Лукашэнкі ёсьць разуменьне, што любыя зьмены — гэта рызыкі, таму лепш іх рабіць мінімальна і адцягваць іх, наколькі можна.Але да некаторых рашэньняў улады ўжо падыходзяць. Думаю, палітычныя партыі ў працэсе перарэгістрацыі будуць зачышчаныя.
— Адной з адметнасьцю году былі палітычныя рэпрэсіі. Можна нагадаць, што ў пачатку году гэта не было настолькі відавочным. Некаторым здавалася, што рэжыму было б выгадней спыніць ці аслабіць рэпрэсіі, каб паспрабаваць пачаць «наладжваць масты» з Захадам. Чаму гэтага не адбылося, якая была лёгіка ў працягу і разгортваньні рэпрэсіяў?
— Узровень рэпрэсіяў у Беларусі заўсёды меў карэляцыю са стасункамі з Захадам. Асноўны чыньнік, які вызначаў палітыку ў Беларусі ў 2022-м — гэта вайна. Вайна прывяла да чарговага абвастрэньня стасункаў з Захадам, новых санкцыяў, фактычнага разрыву адносінаў з Украінай. У такіх умоваў ва ўладаў цалкам разьвязаліся рукі.Па-другое, сытуацыя ў грамадзтве дастаткова напружаная, захоўваецца актыўнае непрыняцьце гэтай улады значнай часткай насельніцтва. Усё гэта стварае для ўлады вельмі небясьпечную сытуацыю з гледжаньня бясьпекі і патэнцыйных рызык. І ў гэтым для іх ёсьць стымул зачышчаць усе неляяльныя структуры і элемэнты, а таксама структуры, якія зьвязаныя зь «недружалюбнымі» краінамі. Мэханіку і лёгіку рэпрэсіяў я вызначыў бы такім чынам.
— Калі зьвярнуцца да іншага боку палітычнага спэктру, палітычнай апазыцыі за межамі Беларусі, то як бы вы ацанілі тое, што там адбывацца? Быў створаны Пераходны кабінэт, там зьявіліся сілавікі, Ціханоўская атрымлівала новы ўзровень прызнаньня на міжнароднай арэне...
— Трэба сказаць, што адбылася пэўная кансалідацыя дэмакратычных сілаў. Цікавасьць на міжнароднай арэне да беларускіх дэмакратычных структураў істотна павялічылася — на фоне пагаршэньня адносінаў з афіцыйным Менскам. Тут ёсьць пэўныя дасягненьні, дадзены новы імпульс актывізацыі міжнароднай дзейнасьці Офісу Ціханоўскай.
Цяпер на міжнародным узроўні фактычна няма альтэрнатывы камандзе Ціханоўскай, усе спробы запускаць нейкі альтэрнатывы, напрыклад ад Валера Цапкалы, ня мелі істотнага посьпеху.Вядома, нельга сказаць, што ўсё было зроблена, бо нельга сказаць, што дэмакратычныя сілы змаглі перахапіць палітычную ініцыятыву. Але, я мяркую, можна сказаць, што сёньня палітычны ўплыў каманды Ціханоўскай большы, чым быў на пачатку году, калі магло здацца, што палітычная дзейнасьць стане ўсё больш ізаляванай.
— Калі ў рамках спартовай, футбольнай тэрміналёгіі апісаць вынікі 2022 году, то хто перамог, хто забіў больш галоў праціўніку?
— Аналёгія з футболам тут зусім не карэктная, бо ў футболе ёсьць правілы. Вынік 2022 году ў тым, што лёс Беларусі стаў менш залежаць ад падзеяў унутры Беларусі. Адбылася рэгіяналізацыя, зараз усё больш залежыць ад вайны, ад таго, у якім стане апынецца Расея пасьля гэтай вайны. Бо ўплыў Расеі ў Беларусі павялічыўся, самастойнасьць і стратэгічная аўтаномія менскага рэжыму зьменшылася.Вайна можа прывесьці да палітычнага крызісу ў Расеі, да нейкіх палітычных перабудоваў. На жаль, шмат у чым лёс Беларусі будзе вызначацца вынікам вайны Расеі супраць Украіны.