Лукашэнка выбачаецца перад Зяленскім і абяцае не ўвязвацца ў вайну

Самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Лукашэнка ў інтэрв’ю тэлеканалу «Аль-Арабія» заявіў, што не варта чакаць ваенных дзеянняў з боку Беларусі, і папрасіў прабачэння ва Уладзіміра Зяленскага за рэзкія словы. Гэта адбылося на фоне словаў Дональда Трампа, што Амерыка зноў звяртае ўвагу на Украіну, і прапановы Зяленскага да Трампа правесці сустрэчу з Пуціным у ЗША. Ідуць 1574-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

517104169_1090040226642388_7970412682617767207_n.jpg

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 228 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 16 чэрвеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 25 штурмаў расіян у бок Дабраполля, Новага Данбасу, Біліцкага, Радзінскага, Новааляксандраўкі, Котліна, Удачнага, Зацішак, Шаўчэнкі, Мірнага, Грышына, Сяргееўкі, Мураўкі і Новапаўлаўкі.

На Ліманскім кірунку расійцы 23 разы спрабавалі ўклініцца ў абарону УСУ ў раёнах Зарэчнага, Ліману, Навасёлаўкі, Дробышава, Дзіброва, Новаміхайлаўкі, Новаягораўкі, Азёрнага і Ямпалю.

На Гуляйпольскім кірунку расіяне здзейснілі 22 атакі ў бок Злагоды, Дабраполля, Радаснага, Роўнаполля, Уздвіжаўкі, Гуляйпольскага, Далінкі, Верхняй Тэрсы, Тэрнаватага, Шырокага і Чароўнага.

На Славянскім і Канстанцінаўскім кірунках армія РФ штурмавала па 12 разоў на кожным.

На Паўднёва-Слабажанскім і Арэхаўскім кірунках абаронцы Украіны спынілі па пяць спроб расіян прасунуцца на кожным.

* * *

На мінулым тыдні Сілы абароны Украіны спынілі прасоўванне расійскіх войскаў на поўначы Данецкай вобласці: на Краматорскім і Канстанцінаўскім кірунках, паведамляе OSINT-праект DeepState.

У пачатку мінулага тыдня расіяне аднавілі прасоўванне ў раёне горада Гуляйполе Запарожскай вобласці, захапіўшы там 5,26 кв. км украінскай тэрыторыі, чаго не было з канца траўня. Зрэшты, у сярэдзіне і канцы тыдня далейшыя прасоўванні арміі РФ на Гуляйпільскім кірунку зноў не фіксаваліся.

Разам з тым Сілы абароны Украіны змаглі спыніць прасоўванне расіян на Краматорскім і Канстанцінаўскім кірунках: у пачатку мінулага тыдня армія РФ заняла толькі 0,25 кв. км паміж Канстанцінаўкай і вёскай Ступачкі, пасля чаго лінія фронту там заставалася нязменнай.

Як адзначаюць у DeepState, прасоўванне войскаў РФ суправаджаецца скарачэннем так званых «раёнаў пранікнення», то-бок у значнай меры яно адбывалася за кошт замацавання ў «шэрай зоне», асабліва на Пакроўскім і Славянскім кірунках. На мінулым тыдні «раён пранікнення» паменшыўся на 10 кв. км.

* * *

Восем чалавек, сярод якіх двое дзяцей, пацярпелі ў выніку расійскай дронавай атакі ў горадзе Балаклея Харкаўскай вобласці ноччу 16 чэрвеня.

Войскі РФ вечарам 15 чэрвеня нанеслі ракетны ўдар па вёсцы Дабрэнька Берасцінскага раёна Харкаўскай вобласці. У выніку атакі пацярпелі 7 чалавек, сярод якіх двое дзяцей ва ўзросце 7 і 10 гадоў.

Беспілотнікі атакавалі нафтабазу ў станіцы Палтаўскай Краснаармейскага раёна ў расійскім Краснадарскім краі ў ноч на 16 чэрвеня, узнік пажар. З-за атакі перакрылі трасу паміж станіцай Палтаўскай і хутарам Трудабелікаўскім.

Ударныя дроны атакавалі Маскоўскі нафтаперапрацоўчы завод у раёне Капотні, што знаходзіцца ў 15 кіламетрах ад Крамля. МНПЗ — найбуйнейшы нафтаперапрацоўчы завод Масквы. Ён забяспечвае каля 35% рынку паліва сталіцы: пастаўляе 40% бензіну, 50% дызельнага паліва для рэгіёна, а таксама паліва для маскоўскіх аэрапортаў.

* * * 

725714351_1360926516220423_4624547484249672635_n.jpg

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна прапаноўвала расійскаму боку сустрэчу лідараў, але Уладзімір Пуцін гэтага не хоча.

«Мы прапаноўвалі Пуціну сустрэцца ў любым месцы, дзе можна было б прыняць рэальныя рашэнні для завяршэння вайны… Мы абмяркоўвалі з ЗША і Францыяй магчымасць сустрэчы з Расіяй на палях G7 з удзелам усіх дэмакратычных дзяржаў. Пуцін гэтага не хоча», — сказаў Зяленскі.

Ён дадаў, што ў нядзелю абмеркаваў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам магчымасць правядзення такой сустрэчы ў ЗША «ў фармаце, у якім Пуціну было б значна складаней адмовіць прынамсі прэзідэнту Трампу». «Паглядзім, што з гэтага выйдзе. Калі Расія адмовіцца і ад гэтага шанцу, спатрэбіцца дадатковы ціск», — лічыць Зяленскі.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што пасля тэлефонных размоў з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і кіраўніком Крамля Уладзімірам Пуціным бачыць магчымасць «штосьці зрабіць» для спынення вайны ва Украіне. Пра гэта ён сказаў падчас сустрэчы з французскім прэзідэнтам Эмануэлем Макронам у Эвіяне перад самітам G7.

«Учора ў мяне была вельмі добрая размова з прэзідэнтам Зяленскім і прэзідэнтам Пуціным. І я бачу, што, магчыма, мы зможам штосьці зрабіць у гэтым кірунку. Я сапраўды так думаю. Думаю, яны абодва адкрытыя да гэтага», — заявіў ён.

Трамп сказаў, што засяродзіцца на спыненні вайны ва Украіне і паглядзіць, «ці зможам мы гэта зрабіць».

«Мы засяродзімся на гэтым, паглядзім, ці зможам мы гэта зрабіць. Штомесяц гіне дваццаць пяць тысяч чалавек, пераважна салдат, і гэтага не павінна адбывацца. Учора ў мяне было дзве вельмі добрыя размовы. Мы будзем пра гэта гаварыць», — адзначыў прэзідэнт ЗША.

* * *

Самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю тэлеканалу «Аль-Арабія» заявіў, што не варта чакаць ваенных дзеянняў з боку Беларусі, і папрасіў прабачэння ва Уладзіміра Зяленскага за рэзкія словы.

«Магчыма, я дзесьці і перабраў, але гэта быў адказ на яго беспадстаўныя заявы: "Так, у нас 500 мэтаў, так, мы ведаем, дзе знаходзіцца Лукашэнка. Мы заўтра нанясем удар ракетамі, беспілотнікамі". Я маўчаў. Нават усе здзіўляліся, што я маўчаў. Я разумеў: чалавек знаходзіцца пад такім ціскам, малады чалавек, нявопытны, ён не ваенны. Магчыма, штосьці ў галаве не спрацавала. Я маўчаў. Але калі мне пачалі пагражаць, я вымушаны быў адказаць», — сказаў Лукашэнка.

«Калі Уладзімір Аляксандравіч пакрыўдзіўся, я прашу прабачэння перад ім за гэтыя словы. Магчыма, і не варта было, улічваючы, што ён усё-такі ваюе. Магчыма, мне і не трэба было так рэзка пра гэта гаварыць. Але, з іншага боку, ён павінен разумець, у нас часта кажуць: як спяваюць, так і адпяваюць», — сказаў Лукашэнка.

«Тым больш ён выдатна разумее, што з боку Беларусі, і асабліва з майго боку, якіх-небудзь ваенных дзеянняў чакаць не варта», — дадаў беларускі кіраўнік.

Нагадаем, раней Уладзімір Зяленскі неаднаразова гаварыў, што Расія працягвае спробы ўцягнуць Беларусь у вайну, у тым ліку, верагодна, з мэтай правядзення аперацыі супраць адной з краін НАТА.

* * *

Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер мае намер аб’явіць аб новых энергетычных санкцыях супраць Расіі і пагадненні аб пастаўках паліва для ўкраінскіх АЭС на бліжэйшыя два гады падчас сустрэчы з партнёрамі на саміце G7, пішуць Politico і сайт брытанскага ўрада.

Чакаецца, што пакет санкцый Вялікабрытаніі будзе накіраваны супраць «ценявога флоту» Расіі пасля першага перахопу падсанкцыйнага нафтавага танкера брытанскімі сіламі на выхадных, а таксама супраць фінансавых сетак, якія выкарыстоўваюцца для абыходу санкцый і ўзбраення расійскіх узброеных сіл.

Брытанскі прэм’ер-міністр заявіў: «Агрэсія Расіі пагражае не толькі Украіне, але і бяспецы ўсёй Еўропы. Менавіта таму Вялікабрытанія ўзмацняе свае дзеянні — перакрываючы даходы, якія сілкуюць вайну Пуціна, і забяспечваючы Украіну энергіяй на маючыя адбыцца зімы».