Вярнулася ў Беларусь па праграме «Дарога дадому» — цяпер будуць судзіць па 12-ці артыкулах

У Гомельскім абласным судзе прызначаная дата разгляду крымінальнай справы 49-гадовай адміністратаркі пратэсных чатаў Таццяны Курылінай. Судовы працэс пачнецца 28 снежня і будзе адбывацца ў закрытым рэжыме.

kurylina.jpg

Справу будзе разглядаць суддзя Мікалай Доля.
У чым абвінавачваюць Курыліну?
Таццяну Курыліну абвінавачваюць па цэламу шэрагу крымінальных артыкулаў. Жанчыне можа пагражаць да 15 год зняволення:
ч.3 арт. 361 – заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;арт. 369 – абраза прадстаўніка ўлады;ч. 1 арт. 342 – арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;ч.1 арт.203-1 – незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных;ч.1 арт. 130 – распальванне іншай сацыяльнай варожасці;ч.3 арт. 203-1 – незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных;арт. 188 – паклёп;ч. 1 арт. 367 – паклёп у дачыненні да прэзідэнта Беларусі;ч. 2 арт.203-1 – незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных;ч.1 арт. 368 – абраза прэзідэнта;ч. 2 арт. 367 – паклёп у дачыненні да прэзідэнта, здзейснены паўторна;

ч.2 арт. 366 – гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак.
Што паведамляе пра справу пракуратура?

Па матэрыялах следства, Таццяна Курыліна з 20 жніўня 2020 года па 20 лютага 2022 года праз Telegram-рэсурсы заклікала ўдзельнікаў чатаў да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да прадстаўнікоў улады і сілавых структур.


Яна ж без згоды пацярпелых, якімі прызнаныя ў тым ліку пракурорскія работнікі і суддзі, неправамерна збірала, сістэматызавала і распаўсюджвала звесткі аб іх прыватным жыцці, чым прычыніла істотную шкоду іх правам і законным інтарэсам. У такіх паведамленнях змяшчалася загадзя ілжывая інфармацыя.

“Пачынаючы з 20 верасня 2020 года, Курыліна на працягу паўтара года размяшчала ў Telegram-каналах публікацыі, у якіх заклікала да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах на тэрыторыі Беларусі, аказанні актыўнага супраціву супрацоўнікам праваахоўных органаў, перакрыццю дарог, пашкоджання маёмасці арганізацый і прадпрыемстваў, ухілення ад выплаты падаткаў”, – паведамляе пракуратура.

У тэкставых паведамленнях абвінавачанай у Telegram-чатах таксама ўтрымліваліся абразы з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі, пагрозы гвалтам у дачыненні да Лукашэнкі, паклёп, спалучаны з яго абвінавачваннем у цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынствах.

Таццяну Курыліну «развялі» беларускія спецслужбы, пацярпеў «Рабочы рух»

Як паведамлялі праваабаронцы, Таццяна Курыліна доўгі час знаходзілася за мяжой. У студзені 2022 года беларускія сілавікі ўзламалі шэраг чатаў «97%». А ў лютым Курыліна «ўсплыла» на беларускім тэлебачанні ў праграме прапагандысткі Ксеніі Лебедзевай. Аказалася, што Курыліна ўжо знаходзіцца ў Беларусі.

На тэлебачанні, стомленая, яна казала, што чаты не маюць сэнсу, але кантралююцца польскімі спецслужбамі, заяўляла пра шчыльныя кантакты з «Байп*лам», расказвала нюансы сваёй працы.
Па інфармацыі «Байп*л», Таццяну Курыліну «развялі» беларускія спецслужбы. Гэтую жанчыну спакусіў малады чалавек і папрасіў вярнуцца да яго ў Беларусь, абяцаў вырашыць усе пытанні. Яна вярнулася, але гэта аказалася спецаперацыяй КДБ. І жанчына стала «ўсіх зліваць».