«Наш калядны цуд — клопат адно пра аднаго». Гід па віншаваннях палітвязняў са святамі

Святы абуджаюць надзею на новы, свежы і лепшы за бягучы год, які чакае нас наперадзе. Пры гэтым за кратамі застаюцца тысячы нашых суайчыннікаў. Выданне «Сойка» разам з праваабаронцамі сабрала асноўныя спосабы віншавання палітвязняў. І іх значна больш, чым падаецца.

novyj_rik_za_gratamy.jpg


Лісты

Ва ўсіх месцах утрымання нашых палітвязняў лісты застаюцца асноўным спосабам камунікацыі. З пачаткам поўнамаштабнага нападу на Украіну карэспандэнцыю з беларускімі вязнямі моцна блакіруюць, ды ўсё ж нешта даходзіць да адрасатаў. У калоніі варта адпраўляць заказныя лісты. Яшчэ можна дасылаць проста пустыя паштоўкі — так больш шанцаў, што іх аддадуць, ды і самі палітвязні змогуць павіншаваць са святамі сваіх блізкіх.

Важна! Лісты і паштоўкі можна адпраўляць, не адыходзячы ад камп'ютара ці тэлефона з дапамогай:

Валанцёрскай ініцыятывы «Майстэрні паштовак салідарнасці»

Сэрвісу письмо.бел

Блакіраванне лістоў і паштовак — адзін з пашыраных метадаў ціску з боку супрацоўнікаў СІЗА, турмаў, калоній. Аднак давайце памятаць, што, калі лісты дойдуць, яны могуць аказацца ледзь не адзінай светлай падзеяй на святы.

Былы палітвязень Андрэй Шляпаў, які правёў у зняволенні амаль паўгода, зыходзячы з асабістага досведу, расказаў пра важнасць і неабходнасць падтрымкі лістамі зняволеных:

«Беларусам трэба надаваць адмысловую ўвагу напісанню лістоў палітвязням, асабліва малавядомым людзям. Бо звычайным хлопцам прыходзіць мала лістоў — таму ў іх складваецца ўражанне, што пра іх забыліся. Я да затрымання сам пісаў лісты палітвязням, але толькі ў турме адчуў іх сілу. Яны сапраўды вельмі патрэбныя людзям. Які б чалавек ні быў моцны, ён там заўсёды чакае лістоў. І нават не асабліва важна, што ў іх напісана. Сам факт атрымання ліста ўжо выклікае каласальныя эмоцыі».


Тэлеграмы

Іх можна адправіць з аддзялення пошты ці хатняга тэлефона па нумары 166. Не забудзьце падпісацца, калі хочаце, каб вязень ведаў, ад каго прыйшла вестачка.

«Твая тэлеграма — два радкі, 82 літары — умясціла вялізную колькасць цяпла і нават трошачкі натхніла мяне на ўчынкі ў будучыні», — вось так адрэагаваў на тэлеграму адзін з палітзняволеных, які знаходзіцца ў калоніі.


Грашовыя пераводы

Грашовыя пераводы можна зрабіць вязням, якія знаходзяцца ў следчых ізалятарах і прысуд у дачыненні да якіх не ўступіў у сілу. Любы сімвалічны данат палітвязню будзе вялікай падтрымкай, бо нагадае, што пра яго не забыліся. На грошы, што прыйдуць на асабісты рахунак, зняволены зможа набыць у «атаварцы» (турэмнай краме) да Калядаў нешта прыемнае, напрыклад, згушчонку і каржы для святочнага торта.

З успамінаў святкавання мінулага Новага года на Валадарцы былога вязня Арцёма Майсіёнка:

«У «атаварцы» мы замовілі інгрэдыенты для торціка: каржы для «Напалеона», згушчонку, масла. Згушчонка была «Глыбоцкая». Але ў спісе крамы там проста напісана — «Згушчонка», «Вафлі».

Зрабіць грашовы перавод можна на пошце ці нават праз інтэрнэт-банкінг. Плюс яшчэ такой падтрымкі ў тым, што калі чалавека этапуюць у калонію, то гэтыя грошы з асабістага рахунку ў СІЗА пяройдуць на яго рахунак у калоніі. Але грашовы перавод нельга зрабіць тым, хто ўнесены ў так званы «спіс тэрарыстаў». Пазнаку пра гэты статус можна знайсці тут.

navagoni_gaid_soikaimg249.jpg


Пасылкі

Палітзняволеных можна павіншаваць і сапраўдным падарункам — пасылкай з ласункамі ды прыемнай драбязой. Такі спосаб актуальны для вязняў, якія знаходзяцца ў СІЗА і прысуд у дачыненні да якіх не ўступіў у законную сілу. У пасылку можна класці тое ж, што і ў перадачу, толькі дадаць вопіс-пералік у адвольнай форме. Узгадняць пасылкі з роднымі палітвязня не трэба, але, калі ёсць сувязь, можна дазнацца пра тое, што любіць чалавек.

Важна! Перадачы без узгаднення з роднымі рабіць вельмі не рэкамендуецца.

Колькасць і вагавыя абмежаванні для пасылак не вызначаны — толькі тыя, што вам паведамяць на пошце. Але ёсць выключэнне для вязняў, якія знаходзяцца ў берасцейскім СІЗА-7, і для некаторых вязняў баранавіцкага СІЗА-6. Адміністрацыя гэтых ізалятараў залічвае вагу пасылак у агульную вагу перадач. У Берасці гэтыя абмежаванні тычацца амаль усіх палітвязняў, а ў Баранавічах — толькі некаторых. Таму палітвязняў з гэтых ізалятараў можна падтрымліваць лістамі, тэлеграмамі і грашовымі пераводамі.

 Чаго нельга класці ў пасылку

Для пасылак дзейнічаюць тыя ж абмежаванні, што і для перадач, але ёсць і дадатковыя. Напрыклад, у пасылку нельга класці прадукты, якія хутка псуюцца. Існуе пералік прадметаў, якія асуджаныя могуць атрымліваць у пасылках. Яго можна знайсці ў Правілах унутранага распарадку папраўчых устаноў. Так, у пасылкі, напрыклад, нельга класці чарнасліў, разынкі, сланечнікавыя семкі, казінакі, зёлкі, соль, кнігі, часопісы, крыжаванкі, сканворды.

Што варта пакласці ў пасылку

Заўсёды актуальнымі ў СІЗА будуць арэхі, цукаты, сухія каўбаскі і цвёрды сыр, шакалад, кава і гарбата, цыгарэты. Зімой варта паклапаціцца пра вітаміны для палітвязняў: як праз садавіну і гародніну, гэтак і праз лекі. Другое варта аформіць праз «медыцынскую бандэроль», у якой можна пасылаць безрэцэптурныя лекі. Дазваляецца да двух кілаграмаў з улікам упакоўкі і інструкцый да прэпаратаў. Такую бандэроль трэба падпісаць «з медыкаментамі». У некаторых камерах цяпер халодна, таму варта падбаць, каб зняволенаму было цяплей. Таму для калядных пасылак будуць актуальныя, напрыклад, цёплыя ваўняныя шкарпэткі.

З касметыкай у пасылках сітуацыя цяжэйшая. Але можна перадаць духмянае мыла, крэм для рук і гігіенічную памаду.

Бандэролькай можна адправіць пустыя канверты, прыгожыя паштоўкі і паперу, асадкі, налепкі, каб вязні змаглі павіншаваць са святамі сваіх родных і блізкіх людзей.

З ліста палітвязня, старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна» і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага:

«Дзякуй вялікі за віншаванні і за пасылку! Усё атрымаў, асабліва смачныя былі ігрушы. Люблю верасень за багаты плён у гародзе і ў лесе».


Падтрымка «хімікаў»

Для палітзняволеных «хімікаў», якія знаходзяцца ў папраўчых установах адкрытага тыпу, можна таксама замовіць дастаўку ежы ці падарунка, загадзя ўзгадніўшы з імі час. На «хіміях» вязням можна карыстацца тэлефонамі, таму можаце наўпрост павіншаваць іх са святамі ў сацсетках і мэсэнджарах. Таксама можаце адправіць ім звычайную пасылку — тут на іх змест абмежаванняў няма. Але грашовыя пераводы не прадугледжаны.

ewrejvpxmaahom4.jpg


Падтрымка «хатніх хімікаў»

Варта памятаць і пра асуджаных да «хатняй хіміі», якія вельмі абмежаваныя ў волі, хоць і знаходзяцца дома. Вы можаце сачыць за імі ў сацсетках і падтрымліваць іх асабіста. Напрыклад, дзве асуджаныя да «хатняй хіміі» керамісткі Наталля Карнеева і Анастасія Малашук ладзяць майстар-класы па лепцы з гліны і прадаюць свае гліняныя вырабы. Калі вы нешта набудзеце ў іх, то гэта будзе добрай падтрымкай.


Падтрымка сем'яў палітвязняў

Сем’ям палітвязняў можна дапамагаць са зборам перадач зняволеным, а можна і самі сем’і віншаваць са святамі. У гэтым асабліва маюць патрэбу дзеці палітвязняў, пазбаўленыя магчымасці бачыць бацькоў. Падтрымаць іх можна як асабіста, так і паўдзельнічаўшы ў навагодніх зборах Фондаў салідарнасці.

«Важна падтрымліваць сваякоў палітвязняў, і каб пра гэта дазнаўся сам зняволены. Гэта нашмат лепш за падтрымку самога палітвязня», — казаў былы палітвязень.


Віншаванні па радыё

Калі вы дазнаецеся, якое радыё круцяць у той ці іншай установе, то можна крэатыўна павіншаваць палітвязня і вельмі спадзявацца, што ён пачуе паведамленне. Былыя палітвязні расказвалі, што часта чулі прывітанні, перададзеныя па радыё.

Вядома, пералічаныя спосабы вельмі недасканалыя. Сапраўднае хатняе цяпло, смакі, пахі і пачуццё дому ў дачыненні да незаконна зняволеных людзей гучаць як недасяжная калядная магія. Аднак сіла беларусаў — у адзінстве. Пакуль апошні палітзняволены знаходзіцца ў вязніцы, кожны з нас можа быць крыху паўночным аленем, крыху калядным гномам. Пакуль цуд не здарыўся і муры не рухнулі, наш калядны цуд — гэта пастаянны клопат адно пра аднаго.