Святара Уладзіслава Багамольнікава вызвалілі пад падпіску — пасля 110 дзён за кратамі

Як паведаміла «Хрысціянская візія», 19 снежня праваслаўнага святара Уладзіслава Багамольнікава вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе.

915b358c_6a4f_4db7_9a1d_220367e9c41c_1_1.jpg


Багамольнікава затрымалі 31 жніўня. Ён правёў на Акрэсціна сем адміністрацыйных арыштаў запар. Вядома, што за кратамі Уладзіслаў трымаў галадоўку і перахварэў на кавід.

У пачатку снежня паведамлялася, што яго затрымалі паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса  («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), 10 апошніх дзён ён адбыў у СІЗА нумар 1 Мінска. Сёння скончыліся 110 дзён з моманту затрымання ў якасці падазраванага.


Уладзіслаў Багамольнікаў — клірык прыхода храма Богаяўлення ў Мінску, загадчык Царкоўна-гістарычнага музея Беларускай праваслаўнай царквы, сябра епархіяльнага суда Мінскай епархіі, выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі.

Ён галадаваў у падтрымку палітвязня, журналіста «Свабоды» Ігара Лосіка, а на «Плошчы Перамен» у Мінску адпраўляў літыю па забітым мастаку Рамане Бандарэнку. Акрамя таго, святар дапамагаў украінскім уцекачам, на гэтай падставе прапаганда разгарнула супраць яго ганенне нібыта за збор сродкаў для Узброеных сіл Украіны.

Пасля нападу Расіі на Украіну Уладзіслаў Багамольнікаў быў сярод праваслаўных святароў, якія выступілі са зваротам супраць вайны.

Праваабаронцы прызналі Уладзіслава Багамольнікава палітвязнем.