Хронікі рэпрэсій. «Экстрэмісцкі» чат за мяжой і плюс тры палітвязні

З дапамогай праваабаронцаў і іншых незалежных крыніц сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў 2 снежня.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo_1.jpg


Інфармацыйная прадукцыя телеграм-чата «Беларусы Уроцлава ЧАТ» прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі. Рашэнне прыняў 30 лістапада суд Ленінскага раёна Гродна.

Паводле пастановы МУС ад 2 снежня экстрэмісцкім фармаваннем прызнаная «група грамадзян “Чыжоўка сем Чыжоў”, аб'яднаных, у тым ліку, з дапамогай рэсурсаў мэсэнджара Telegram».

* * *

У Мінску 2 снежня абвясцілі прысуд палітвязню, экс-следчаму Мікіту Старажэнку, які абвінавачваўся ў распальванні сацыяльнай варожасці нібыта за «зліў» звестак сілавікоў у пратэсны Telegram-канал, паведамляюць праваабаронцы.

Справу разглядаў Мінскі гарадскі суд. Экс-следчага прызналі вінаватым і атрымаў сем гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Па словах яго былога сукамерніка, Старажэнка быў прызначаны ў 2020 годзе весці крымінальную справу супраць 16-гадовага ўдзельніка пратэстаў, збітага сілавікамі, але адмовіўся і звольніўся з органаў.

* * *

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі Вольгу Анішчук, Уладзіслава Багамольнікава і Насту Лойку. На 2 снежня колькасць палітвязняў, прызнаных такімі праваабарончай супольнасцю, дасягнула 1449 чалавек. Насамрэч іх значна больш, бо не пра ўсе выпадкі палітычнага пераследу праваабаронцам вядома.

* * *

Палітвязня юрыста Максіма Знака адміністрацыя калоніі накіравала ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Пра гэта стала вядома 2 снежня, піша тэлеграм-канал штаба Віктара Бабарыкі. Раней Максіма тройчы змяшчалі ў штрафны ізалятар. ПКТ — гэта самая суровая мера спагнання ў калоніі. Асуджаныя, пераведзеныя ў ПКТ, маюць права марнаваць у месяц толькі 32 рублі, атрымліваць адну бандэроль за паўгода і выходзіць на шпацыр на 30 хвілін у дзень.

«Ціск на прадстаўнікоў каманды Бабарыкі працягваецца: Марыя Калеснікава з ШІЗА трапіла ў рэанімацыю, Віктара Бабарыкі перавялі на працу — выпальшчыка драўнянага вугалю, ён павінен знаходзіцца на вуліцы 9 гадзін 6 дзён на тыдзень, Эдуарда Бабарыка ўтрымліваюць у СІЗА 30 месяцаў», — піша штаб Віктара Бабарыкі.

* * *

Яшчэ 58 чалавек унесены ў «Спіс экстрэмістаў». Цяпер у ім 2117 чалавек. Сярод іх служыцель Мінскай царквы хрысціян веры евангельскай «Гефсіманія», 18-гадовы Максім Шатохін, TikTokер Андрэй Бяляўскі, 19-гадовы палітвязень Ілля Верамееў, прысуджаны да 6,5 гадоў пазбаўлення волі за заклікі да дзеянняў супраць вайны.

* * *

Святара Уладзіслава Багамольнікава арыштавалі сёмы раз запар, паведамляе Хрысціянская візія. Яшчэ адзін суд над ім адбыўся падчас шостага арышту. Гэтым разам суд Ленінскага раёна Менска прысудзіў святара да 13 сутак. Тэрмін Багамольнікава за кратамі — ужо 101 дзень. Былы сукамернік Уладзіслава, навуковец Сяргей Гаранін раней паведаміў, што святар ужо некаторы час галадае, і ягонае здароўе пагоршылася.

Вядома, што за кратамі Уладзіслаў захварэў на кавід. Ён пастаянна змяшчаецца ў нечалавечых умовах, без якіх-небудзь сродкаў гігіены, паколькі перадачы для «палітычных» на Акрэсціна не прымаюцца.

Багамольнікаў з'яўляецца выкладчыкам Мінскай духоўнай акадэміі, ён абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязня Ігара Лосіка, а таксама адслужыў паніхіду па забітым сілавікамі Раману Бандарэнку.

* * *

У лістападзе праваабаронцы даведаліся аб затрыманні не менш 354 беларусаў — гэта прыкладна 11 чалавек у суткі. У мінулым месяцы беларускімі суддзямі было разгледжана не менш за 206 адміністрацыйных спраў, з якіх накладзена 95 арыштаў і 31 штраф.

* * *


* * *

У Мінску пракуратура санкцыянавала прымяненне меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту ў дачыненні да дзвюх дзяўчат, якіх абвінавачваюць у здзеку над дзяржсімволікай. Пра гэта паведамляе прэс-служба пракуратуры.

«Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы 22 лістапада падазраваныя, якім 18 і 19 гадоў, у стане алкагольнага ап'янення сарвалі з фасада будынка інтэрната КТУП «Мінскі Камароўскі рынак» дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Дэманстратыўна махалі ім пры далейшым руху па вуліцы Беламорскай. Убачыўшы супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, падазраваныя кінулі палотнішча сцяга на зямлю, чым здзекаваліся з яго», — заявілі ў пракуратуры.

* * *

Як паведамляюць праваабаронцы, на днях падчас «хапуна» ў Міёрах было затрымана як мінімум 13 чалавек. Арышты адбыліся, у тым ліку, на Мёрскім металапракатным заводзе. Паводле непацверджанай інфармацыі, затрыманні звязаныя з пратэснай актыўнасцю жыхароў пасля 2020 года, а таксама з каментарамі ў Інтэрнэце. Сярод затрыманых — Вітольд Ермалёнак, вядомы ў рэгіёне педагог, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне», аўтар больш за 450 публікацый, некалькіх кніг. Ён узначальвае музейнае аб'яднанне «Спадчына Міёрскага краю», у якое ўваходзяць чатыры мясцовыя музеі.

* * *

Лячэнне Марыі Калеснікавай працягваецца, яна застанецца ў бальніцы да панядзелка, паведамілі ў штабе Віктара Бабарыкі. Дыягназ палітвязня медыкі па-ранейшаму не выдаюць. Паводле непацверджанай інфармацыі, у яе прабадная язва. Напярэдадні яе перавялі з рэанімацыі ў палату хірургічнага аддзялення, па словах лекараў, Марыі стала лепш.

* * *

У Магілёве за каментары затрымалі былога сілавіка, паведаміў набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал. Сцвярджаецца, што ён «абражаў усю праваахоўную сістэму і вышэйшых службовых асоб Беларусі, а таксама ўступіў у экстрэмісцкае фармаванне».

* * *

У Мінскім гарадскім судзе 2 снежня абвясцілі прысуды былому журналісту Белтэлерадыёкампаніі і пазаштатнаму карэспандэнту казахстанскага тэлеканала «Хабар 24» Дзмітрыю Лукшы, ягонай жонцы Паліне Палавінцы, а таксама Дзянісу Яраўскаму і Канстанціну Ніканораву, паведамляюць праваабаронцы.


Прысуд Дзмітрыю Лукшы — чатыры гады калоніі, Паліне Палавінцы — два гады і шэсць месяцаў калоніі, Дзянісу Яроўскаму — адзін год і шэсць месяцаў калоніі, Канстанціну Ніканораву — тры гады «хатняй хіміі».