Павел Усаў: Пакаранне непазбежнае для ўсіх — ад шараговага надзорцы ў вязніцы да квазіміністра
Права на справядлівасць для вязняў і знішчэнне духу сістэмы немагчымае без аднаўлення справядлівасці, разважае ў сваім тэлеграм-канале палітолаг Павел Усаў.
Можа, скажу жорсткія словы, але трэба ўмець не толькі выбачаць, але і ненавідзець. Нянавісць дапамагае памятаць пра злачынствы, асабліва пра мэтанакіраваны гвалт.
Тыя, хто іх здзяйсняў тады і здзяйсняе цяпер, павінны ведаць, што пакаранне непазбежнае для ўсіх — ад шараговага надзорцы ў вязніцы, да квазіміністра.
Таму, калі нехта яшчэ захоча паплакаць над смерцю чарговага чыноўніка Лукашэнкі, нейкага кішэннага алігарха, паклапаціцца пра лёсы іх дзяцей ці бізнесу...
Калі яшчэ ў кагосьці павернецца язык сказаць «ну, не ўсё так адназначна, не ўсё так кепска было»...
Няхай той прачытае гэты допіс былой палітзняволенай Вольгі Гарбуновай.
«Аднойчы я ў СІЗА развітвалася з жыццём, я думала, што паміраю і мне ніхто не дапаможа з медыкаў. Памятаю, як я ляжала, плакала і ў думках развітвалася з блізкімі.
Я не ведаю, як гэта — апынуцца ў іх у закладніцах на гады. Каб спалохацца за сваё жыццё, мне хапіла некалькіх месяцаў хворых нырак ад холаду на Акрэсціна, двух кавідаў, выкашлівання лёгкіх, пары прыступаў страўніка, парушаных гармонаў, запалення суставаў і анальных крывацёкаў ад нерухомасці, зніжанага зроку, поўнага роту крыві пасля некалькіх тыдняў адсутнасці зубной шчоткі і ўсякіх іншых «дробязяў».
Калі я не магла дыхаць і задыхалася, медык хацеў слухаць мае лёгкія праз кармушку. На хвіліначку — маёй сяброўцы менавіта так, праз кармушку, праводзілі агляд кутняй кішкі (не ў СІЗА). Ён проста ёй сказаў: „Станьце спінай да дзвярэй і нахіліцеся“.
„Ды нічога страшнага, проста зэчка ёб*улася са шконкі!“ і „Здохні, толькі не на маёй змене!“ — сказаў «медык».
Вось, нават не Карпянкоў, не Галоўчанка — твар «дзяржавы», а гэты «медык», шэрая, прагнілая, невядомая постаць. Ён — сэрца сістэмы. Без ідэнтыфікацыі такіх ценяў дух сістэмы будзе існаваць.
Я не ведаю, ці вядзецца сістэмная, інстытуцыянальная праца ў гэтым кірунку (гвалт, катаванні, адказныя за прысуды і тэрор). Знайшоў некалькі ініцыятыў-старонак у інтэрнэце, але хто, якая група адказвае за агульную, сістэмна-інстытуцыянальную працу і следства па кожным учынку (палітычнае дзеянне таксама). Тым больш што ў медыя-прасторы не гучаць голасна назвы і маштабы дзейнасці, акрамя сумна вядомай «Чорнай Кнігі Беларусі».
Гэта, хутчэй, сітуацыйныя ініцыятывы, а такая дзейнасць павінна голасна гучаць і мець усебаковую падтрымку. Функцыянаванне такога інстытута — на дадзены момант і на будучыню — з’яўляецца ключавым для перамен, бо гэта інструмент вынішчэння духу сістэмы, а ён усцяж не створаны.
Людзі, якія займаюцца гэтай дзейнасцю, важнейшыя за ўсе іншыя палітычныя ініцыятывы (могуць быць параўнаны бадай толькі з каліноўцамі), штабы і кабінеты, бо даюць беларусам вельмі важную рэч — надзею на справядлівасць.