Кацярыну Андрэеву і Сафію Сапега вельмі жорстка прэсавалі ў калоніі
Пра журналістку «Б*лсата» Кацярыну Андрэеву і Сафію Сапега праекту «Палітвязынка» распавяла палітзняволеная, што выйшла на волю.

Былая
палітзняволеная просіць падтрымаць журналістку Кацярыну Андрэеву і Сафію
Сапега, з якіх здзекуюцца ў калоніі. Дзяўчаты з усіх сіл стараюцца ўсё гэта
выносіць. Кацярыне і Сафіі за кратамі вельмі патрэбна падтрымка!
«Каці з самага пачатку вельмі цяжка давялося. Яе размеркавалі ў прэс-атрад, праз які прайшлі многія палітвязні-дзяўчаты. Цяпер там Сафа Сапега, і яе вельмі жорстка прэсуюць ужо працяглы час. Яе і Паліну Шарэнда-Панасюк выклікалі на «гутарку» да начальніка калоніі. У турме не лепшы соцыум і сустракаюцца вельмі розныя людзі.
Каця вельмі чулая. І на яе аказваецца маральны ціск з боку маргінальных асоб. Каці забаранялі нават падыходзіць да палітычных. А калі ёй удавалася перакінуцца з намі словамі, было відаць, што яна стараецца з усіх сіл усё гэта выносіць.

Каця цяпер вярнулася ў калонію з дадатковым тэрмінам. Яе перавялі ў атрад крыху лепшы, але на фабрыцы ёй забаранілі нават глядзець на палітычных. Каця моцна напакутавалася, але вельмі годна праходзіць гэты шлях, як бы цяжка ёй ні было».

Адрас для лістоў: Кацярына Андрэеўна Бахвалава, ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3