«Калі яшчэ раз пра яго спытаеце, пасадзім і іншых». Як выратаваць святара з Акрэсціна?
Айца Уладзіслава Багамольнікава, які служыў літыю па забітым сілавікамі Раману Бандарэнку, больш за тры месяцы ўтрымліваюць за кратамі ў невыносных умовах, падобных на маруднае забойства. За што затрымалі святара, як рэагуе духавенства і што кажуць вернікі?
![Святар Уладзіслаў Багамольнікаў Святар Уладзіслаў Багамольнікаў](/img/v1/images/dsc02876_333x500_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Святар Уладзіслаў Багамольнікаў
Святар праваслаўнай царквы, выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі Уладзіслаў Багамольнікаў знаходзіцца за кратамі з 31 жніўня 2022 года. Сёмы раз запар яго асуджваюць на новыя і новыя «суткі» на Акрэсціна. Днямі навуковец Сяргей Гаранін, які пасля «хапуна» ў Акадэміі навук апынуўся са святаром у адной камеры, напісаў надзвычай трывожны пост. Спадар Гаранін заявіў: «Праваслаўнага свяшчэнніка айца Уладзіслава Багамольнiкава забіваюць на Акрэсціна. I я гэтаму сведка! Чуеце? — Сведка!».
![Навуковец Сяргей Гаранін: На Акрэсціна фізічна знішчаюць. Пра гэта трэба крычаць! Сяргей Гаранін: На Акрэсціна забіваюць айца Уладзіслава Багамольнікава](/img/v1/images/imgl5378_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Сёння ўсім беларусам вядома, што гэтыя словы — ні ў якім разе не парабольшанне. 21 траўня 2021 года пры нявысветленых абставінах за беларускімі кратамі памёр Вітольд Ашурак. Днямі ў рэанімацыю трапілаМарыя Калеснікава. Даносяцца трывожныя звесткі пра стан здароўя Мікалая Статкевіча. Шэраг страшэнных выпадкаў указвае нам на тое, што словы спадара Гараніна варта ўспрымаць у наўпроставым сэнсе і прыкладаць усе намаганні, каб выцягнуць чалавека з кіпцюроў катаў. Але ці можна што-небудзь зрабіць?
Нагадаем, што ў дадзеным выпадку за кратамі па незразумелых прычынах апынуўся прадстаўнік вялізнай уплывовай структуры — праваслаўнай царквы, якая, як здаецца на паверхні, прадэманстравала суцэльную абыякавасць да лёсу святара. Але, як паведамляе крыніца «Новага Часу», настаяцель храма, у якім служыць айцец Уладзіслаў, звяртаўся да мітрапаліта Веніяміна пасля першага ж арышту, каб той праявіў удзел у справе затрымання святара. Але безвынікова.
А ў "кампетэнтнэых органах" людзям наогул сказалі:: «Калі яшчэ раз гэтую тэму ўздымеце, тады і астатніх святароў вашага храма закрыюць, а прыход — разгоняць», — паведамляе крыніца «НЧ».
![Мітрапаліт Веніямін Мітрапаліт Веніямін](/img/v1/images/wr_960__1__1.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Мітрапаліт Веніямін
Таксама наш суразмоўца кажа, што вернікі спрабавалі паўплываць на мітрапаліта праз набліжаных да яго:
— Казалі пра пост перад Раством, пра справы міласэрнасці… Многія людзі з царквы — і святары, і прыхаджане — імкнуліся данесці да мітрапаліта сітуацыю, выклікаць у ім жаданне ўмяшацца, каб дапамагчы айцу Уладзіславу, але ніякага плёну няма.
Затрыманне Уладзіслава Багамольнікава часта звязваюць з літыяй па Раману Бандарэнку, але, як паведамляе крыніца, арышт айца Уладзіслава быў звязаны з яго казаннем на Унебаўзяцце (Успенне).
— Так намякнуў мітрапаліт, маўляў, святар сказаў «не тое» і таму ён (мітрапаліт) не можа дапамагчы, — кажа наш суразмоўца. — Але ў той прамове не было палітыкі! Ён казаў хрысціянскія рэчы і выкрываў вайну як адназначнае, абсалютнае зло.
![Рэжым і кіраўніцтва РПЦ жорстка атакуе праваслаўную царкву Беларусі Як рэжым атакуе праваслаўную царкву Беларусі. Хронікі атакі з 2020](/img/v1/images/venijamin_i_karpenkau.jpeg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Крыніца запэўнівае, што сям’і айца Уладзіслава Багамольніква аказваюць усебаковую дапамогу. Але дадае, што самому святару зараз дапамагчы няма ніякай магчымасці.
— Ні лекі, ні прадукты перадаць немагчыма. Да таго ж, усе баяцца нешта зрабіць, каб не нашкодзіць.
«Мы патрабуем незалежнага расследавання, устанаўлення і пакарання асоб, якія прымалі рашэнне аб прымяненні катаванняў у дачыненні да святара Уладзіслава Багамольнікава, а таксама тых, хто такія катаванні здзяйсняў сваім дзеяннем альбо бяздзейнасцю. Мы заклікаем кіраўніцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы аказаць неабходнае садзейнічанне вызваленню святара Уладзіслава Багамольнікава і яго належнаму медыцынскаму суправаджэнню», — адзначаецца ў заяве выдання «Хрысціянская Візія».
Затрыманне святара як чарговы фактар раскола ў праваслаўнай царкве. Што кажуць вернікі?
— Сам факт таго, што разуменне добрага і злога ў прадстаўнікоў адной канфесіі можа быць розным, хоць усе жывуць па адных запаветах, прыгнятае больш за усё, — кажа прыхаджанка, якая пажадала застацца ананімнай. — Вядома, у палітыцы людзі могуць мець іншае меркаванне, але ж ёсць запавет «не забі». Аказваецца, і яго можна трактаваць на сваю карысць.
![Мітрапаліт Веніямін і Аляксандр Лукашэнка Мітрапаліт Веніямін і Аляксандр Лукашэнка](/img/v1/images/1045815754_179__1_899_792_1920x0_80_0_0_919677f9fe37e5568a483a06c686c9aa.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Мітрапаліт Веніямін і Аляксандр Лукашэнка
Наша суразмоўца паведаміла, што расчараванне ў царкве як у структуры адчула яшчэ ў 2020 годзе і апошнім часам гэтае адчуванне значна ўзмацнілася.
— Я не маю патрэбы ў царкве як у дзяржаўнай структуры. Нават дапускаю, хаця мне б вельмі гэтага не жадалася, што аднойчы я не пажадаю прычашчацца. Але гэта адбудзецца, калі я буду ведаць, што святары падмянілі Хрыста кіраўніком (любым палітычным дзеячам). Таму што прычашчацца з чалавекам, які кажа, што трэба ісці забіваць — якое ж гэта можа быць аб’яднанне вернікаў? Гэта непрымальна, калі царкву пераўтвараюць у палітычны палігон. На споведзь я амаль не хаджу, увогуле стала нашмат радзей хадзіць у царкву. Але сярод духавенства ў Мінску ёсць і сумленныя людзі.
Многія прыхаджане патрабуюць ад святароў больш радыкальных выказванняў. Але ж у такім выпадку беларускія храмы застануцца ўвогуле без сапраўдных святароў. Калі б у 2020 годзе, на пачатку ўсяго гэтага жаху, усё святарства Мінска сабралося б на Хросны ход і выступіла супраць гвалту — ад такога дзеяння быў бы плён. Але гэтага не адбылося. І не магло, напэўна, адбыцца, таму што людзі сярод духавенства розныя.
Зараз сумленныя святары даносяць праўду не наўпростава. Нармальныя людзі ўсё пачуюць і зразумеюць. Хтосьці кажа, што гэта тое самае, што маўчаць. Але ж Бог у Евангеллі таксама некаторыя рэчы казаў праз прыпавесці, — адзначае праваслаўная верніца.
![Уладзіслаў Багамольнікаў у ілюстрацыі Вольгі Якубоўскай Уладзіслаў Багамольнікаў у ілюстрацыі Вольгі Якубоўскай](/img/v1/images/915b358c_6a4f_4db7_9a1d_220367e9c41c.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Уладзіслаў Багамольнікаў у ілюстрацыі Вольгі Якубоўскай