«З камеры, дзе сядзеў Вітольд, былі чуваць крыкі». Былы палітвязень — пра гібель Ашурка
Людзей у Шклоўскай калоніі б’юць проста так, асабліва палітычных, распавёў былы палітвязень. Пасля гібелі Вітольда Ашурка збіццё на нейкі час спынілася.
Былы палітвязень Віктар Пархімчык, як і Вітольд Ашурак, адбываў пакараньне ў Шклове. Ён падзяліўся са «Св*бодай» інфармацыяй, якую здолеў здабыць у калёніі пра сьмерць палітвязьня.
Вітольда Ашурка затрымалі ў верасьні 2020 году, пазьней прысудзілі пяць гадоў зьняволеньня за ўдзел у акцыях пратэсту. Пакараньне ён адбываў у шклоўскай калёніі. 21 траўня 2021 году Ашурак загінуў за кратамі пры нявысьветленых абставінах. Крымінальнай справы па факце сьмерці Вітольда Ашурка заводзіць ня сталі. Паводле афіцыйнай вэрсіі, ён памёр ад «спыненьня сэрца». Родныя і паплечнікі палітвязьня перакананыя ў гвалтоўным характары ягонай сьмерці.
«Яны хацелі дабіцца ад яго паслухмянасьці, але зь Вітольдам такое не праходзіла»
Былы палітзьняволены Віктар Пархімчык на момант сьмерці Ашурка адбываў пакараньне на «хіміі» у Камянецкім раёне. За адмову пешшу хадзіць 25 кілямэтраў на працу яго перавялі ў шклоўскую калёнію, дзе загінуў Вітольд. Там Пархімчык прабыў чатыры месяцы — зь вясны 2022 году па канец лета. Пасьля вызваленьня былы палітвязень выехаў зь Беларусі.
«Я ня быў у шклоўскай калёніі ў той час, калі там сядзеў Вітольд, але ягоная сьмерць мела вялікі рэзананс сярод вязьняў, — расказвае Пархімчык. — Размаўляў са многімі людзьмі, якія памяталі Вітольда, якія былі сьведкамі таго, што адбывалася зь ім. Цяпер усе ўжо маўчаць на зоне. Баяцца нешта гаварыць пра гэтую сьмерць. Чаму? Каб не пайсьці ўсьлед. Мне расказвалі, што Вітольда прэсавалі ад самага прыбыцьця ў калёнію. Адразу пасьля карантыну ён трапіў у ШЫЗА. Прычыны для гэтага вертухаям не патрэбны. Не пагаліўся, не павітаўся. Кантролю за сапраўднасьцю парушэньняў няма. Ёсьць уражаньне, што пракуратура дае поўны карт-блянш турэмнікам на ўсе дзеяньні. У іх тады была задача прэсаваць палітычных, і цяпер яна таксама стаіць».
Віктар Пархімчык таксама расказвае, што сярод супрацоўнікаў калёніі «ня бачыў людзей у звычайным сэнсе гэтага слова», бо «звычайны чалавек з базавымі каштоўнасьцямі ня здолее там працаваць».
«Там сярод іх адмоўная сэлекцыя. Некаторыя вертухаі „прэсуюць“ палітычных з большым імпэтам, праяўляюць ініцыятыву, некаторыя — зь меншым, таму што так трэба. Але фальсыфікацыяй парушэньняў, наўмыснай дыскрымінацыяй палітычных займаюцца ўсе без выключэньня. Па маіх асабістых назіраньнях, непасрэдна біцьцём займаюцца ня ўсе вертухаі, а асобная частка афіцэраў, своеасаблівая група сілавога ўзьдзеяньня», — кажа былы вязень.
«У мяне склалася ўражаньне, што Вітольд меў лідэрскія здольнасьці, — дадае Пархімчык. — Ён паказваў свой характар. Таму яго і „прэсавалі“, каб, як яны самі казалі, „паставіць на месца“, дабіцца ад яго паслухмянасьці. Людзі, якія сядзелі ў суседняй камэры з ШЫЗА, дзе быў Вітольд, казалі мне, што чулі з камэры Вітольда крыкі і чулі голас Сяргея Карчэўскага, начальніка рэжымнай часткі. Я не магу сказаць, што яны мелі мэту менавіта забіць Вітольда. Я проста ня ведаю. Можа быць, яго моцна пабілі і ён памёр ад траўмаў», — кажа былы палітвязень.
Пра Сяргея Карчэўскага як вінаватага ў сьмерці Ашурка гаварылі ў сваім расьсьледаваньні і журналісты з «Альянсу расьсьледнікаў Беларусі».
Апроч Карчэўскага, вінаватымі называлі начальніка калёніі Аляксандра Карніенку, начальніцу мэдыцынскай часткі Натальлю Дабрадзеравец, псыхіятра калёніі Ігара Кандраценкава, лекарку Тацяну Разьвянкову і дзяжурнага памочніка калёніі Дзяніса Сазонова.
«Пасьля прыехала пракуратура — і на некаторы час біцьцё спынілася»
«У мяне склалася ўражаньне, што яны не маглі дабіцца „паслухмянасьці“ ад Вітольда, зь ім гэта не праходзіла, — перакананы Віктар Пархімчык. — Ён быў годны чалавек, прынцыповы. Такога пакарыць было складаней. Мне казалі розныя людзі, што пасьля сьмерці Ашурка ў калёнію прыехалі пракурорскія (супрацоўнікі паркуратуры. — РС). Сабралі палітычных, пыталіся, ці ёсьць у іх пытаньні, скаргі. Але хто скажа нешта пры вертухаях? Самі пракурорскія гэта разумеюць. Калі мэта выявіць парушэньні адміністрацыі калёніі, то ў прысутнасьці вертухаяў такіх пытаньняў не задаюць, бо пракурор выдатна ведае, што, як толькі ён зойдзе за рог, то актыўны вязень адразу ж „не павітаецца“ ці „не паголіцца“. Відавочна, што пракурорскіх проста не цікавіла, што адбылося насамрэч».
Былы палітвязень таксама расказвае, што пасьля гібелі Вітольда Ашурка ў калёніі на некаторы час спынілася практыка біцьця вязьняў, былі толькі адзінкавыя выпадкі. Віктар Пархімчык сьцьвярджае, што цяпер сярод вязьняў сьмерць Вітольда Ашурка абмяркоўваецца толькі у вузкіх колах і вельмі акуратна.
«Бо людзі разумеюць, што калі будуць шмат гаварыць, могуць пайсьці ўсьлед за Вітольдам», — кажа былы зьняволены.
Ён мяркуе, што толькі распачатая крымінальная справа і сапраўдныя праверкі маглі б высьветліць прычыну сьмерці палітзьняволенага. «Я ня ведаю, з якой мэтай яго білі ці забілі. Хоць мэта ў іх адна — па максымуме прэсаваць палітычных», — кажа Віктар.
Па словах былога палітвязьня, ён сам шмат разоў трапляў у ШЫЗА. «Для гэтага ня трэба нейкіх прычын і нагоды. У 14:40 мы, палітычныя, мусілі прыбіраць памяшканьне. Так званы „казёл“ (асуджаны, які супрацоўнічае з адміністрацыяй калёніі і часта выконвае працу па кантролі іншых вязьняў. — РС) зрабіў такую практыку, што прыбіраньнем памяшканьняў займаліся выключна палітычныя. У 14:40 мусіла быць чарговая прыборка. Але начальнік атраду даў загад на шыхтаваньне. Калі мы пастроіліся, то ён спытаўся, чаму мы не прыбіраем памяшканьне. Мы сказалі, што нам загадалі пашыхтавацца. І палітычныя аўтаматычна пайшлі ў ШЫЗА, бо звычайных крымінальнікаў на прыбіраньне ня ставілі. Усе выпісаныя на мяне рапарты „ліпавыя“, проста з галавы. Я мусіў пагаджацца зь імі і падпісваць», — кажа Віктар.
«Людзей б’юць проста так, асабліва палітычных»
«Пасьля сьмерці Вітольда вязьняў некаторы час амаль ня білі, — расказвае Віктар Пархімчык. — Але ў верасьні (2021 году. — рэд.) я ўбачыў двух моцна пабітых хлопцаў у ШЫЗА. Моцна білі аднаго хлопца, непалітычнага, бо ён быў пераведзены з „хіміі“ ў калёнію. Ён сам гэтага дабіваўся, бо ў калёніі ідзе дзень за два. Яго моцна пабілі і кінулі ў ШЫЗА. Гэта такая практыка, каб чалавек з пабоямі моцна не „сьвяціўся“ у атрадзе», — кажа Віктар.
Мэта прэсінгу, па словах былога вязьня, трымаць вялікую колькасьць зьняволеных у поўным падпарадкаваньні. Другая мэта, кажа ён, — так званая «генэральная лінія партыі». Такім чынам прасьцей трымаць у страху вялікую колькасьць звычайных грамадзян краіны, каб яны баяліся нешта зрабіць і трапіць за краты.
«Я спытаўся ў аднаго (супрацоўніка калёніі. — рэд.): «Для чаго вы гэта робіце?». Ён мне адказаў, што «мы будзем цябе катаваць, каб ты больш не хацеў сюды вярнуцца», — дадаў Віктар.
Па ягоных назіраньнях, асабліва моцна прэсуюць у калёніях тых, хто быў у атачэньні Сяргея Ціханоўскага. «Тут асабістая крыўда аднаго чалавека на Ціханоўскага і ягонае атачэньне. Таму людзей прэсуюць, пераводзяць у крытую турму. Ім так помсьцяць», — кажа былы вязень.