Ці скончыцца святло і цяпло ў дамах беларусаў?
Ключавыя інфраструктурныя сістэмы краіны — энергетыка, жыллёва-камунальная гаспадарка і транспарт — маюць сур’ёзныя праблемы і не гатовыя да будучых крызісаў. Да такой высновы прыйшлі ў выніку маштабнага даследавання эксперты Альянсу «Зялёная Беларусь».

Энергетычны комплекс складаецца з вялікай колькасці элементаў: электрастанцыі і электрычныя сеткі, кацельныя і целавыя сеткі, нафтаперарацоўчыя заводы, нафтаправоды, сховішча нафты і нафтапрадуктаў, газаправоды і т.д. і ўсе яны моцна звязаныя. З аднаго боку, гэта дазваляе ствараць рэзервы, каб сістэма працавала без збояў. З іншага боку, калі адно або некалькі элементаў ламаецца, праблемы могуць перадацца па ўсёй сетцы, выклікаючы каскадныя адключэнні.
Надзейная праца энергетычнага комплекса — гэта не толькі энергетычныя ці эканамічныя, але таксама і сацыяльных складанасці, бо ад энергіі залежыць здароўе і дабрабыт людзей. Любое, нават кароткае адключэнне электрычнасці можа абярнуцца вялікімі стратамі.
Сёння Беларусь жыве ва ўмовах глабальнай няўстойлівасці. Адчуваецца гэта і ў сферы энергетыкі, дзе пытанне незалежнасці стаіць як ніколі востра. Наш энергетычны дабрабыт ідзе плячо ў плячо з рызыкамі. Таму вельмі важна разумець, адкуль яны зыходзяць і як мы можам на іх паўплываць.
Даследчыкі Альянсу «Зялёная Беларусь» правялі аналіз устойлівасці энергетычных сістэм Беларусі да знешніх і ўнутраных шокаў, прааналізавалі ўсе магчымыя пагрозы — ад унутраных паломак да знешніх уздзеянняў — і прапаноўваюць канкрэтныя крокі, як іх пазбегнуць і мінімізаваць шкоду.
Беларуская энергетычная сістэма: погляд на сённяшні дзень
Галоўны фактар няўстойлівасці энергетычнай сістэмы Беларусі — надзвычайная залежнасць краіны ад імпартных рэсурсаў, і гэтая залежнасць, як паказвае даследаванне, толькі расце. Асноўнае паліва — прыродны газ і нафта — Беларусь сёння атрымлівае з Расіі. Гэта практычна адзіны пастаўшчык газу і нафты ў краіну. Так склалася гістарычна і тэхналагічна.

І хаця Беларусь здабывае уласную нафту, каля 2 млн тон ў год, яе аб’ёмы недастатковыя для забеспячэння ўнутраных патрэб. Увесь прыродны газ Беларусь таксама вымушаная закупаць у Расіі, у самой краіне яго здабываюць толькі як спадарожны газ пры здабычы нафты. Закупае Беларусь у Расіі і паліва для сваёй першай АЭС, пабудаванай на расійскія грошы.

У Беларусі больш за ўсё энергіі спажывае прамысловасць. За ёй ідзе насельніцтва, якое выкарыстоўвае газ і цяпло для ацяплення дамоў. На трэцім месцы — транспарт, які ездзіць на бензіне і дызельным паліве.
Галоўнае паліва, якое краіна выкарыстоўвае для вытворчасці цеплавой энергіі і электрычнасці — гэта прыродны газ. Таксама ў ход ідуць біямаса і мазут. Яшчэ нядаўна атамная энергія амаль не выкарыстоўвалася, але цяпер сітуацыя мяняецца. Пасля запуску атамнай станцыі яе доля значна вырасла.

Што яшчэ трэба ведаць пра энергетыку Беларусі? Вось галоўныя факты:
Для транспарту ў асноўным выкарыстоўваецца бензін і дызель, хаця ў невялікіх колькасцях таксама выкарыстоўваецца звадкаваны газ і электрычная энергія. На гэта мы трацім каля $5-5,56 млрд.
На прыродны газ насельніцтва і прадпрыемствы марнуюць каля $700 млн і яшчэ каля $1,3 млрд марнуюць электрастанцыі і кацельні, якія вырабляюць з газу і іншых паліваў электрычную і цеплавую энергію.
Сур’ёзныя рызыкі і іх наступствы
Эксперты Альянсу «Зялёная Беларусь» пабудавалі матэматычную мадэль энергетычнай сістэмы, якая ўяўляе сабой усе элементы энергетычнага комплекса і сувязі паміж імі. Далей яны паспрабавалі сабраць усе магчымыя пагрозы энергетычнаму комплексу і ацаніць, як гэтыя пагрозы могуць паўплываць на нармальнае функцыянаванне элементаў сістэмы ці сувязей паміж імі. Для складання пагроз выкарыстоўваўся метад PESTEL, які дазваляе разгледзець розныя фактары ўзнікнення энергетычных крызісаў (у тым ліку палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя, тэхналагічныя, экалагічныя і юрыдычныя). У выніку было вызначана, што ўсе рызыкі вядуць на пэўных шокаў для энергетычнай сістэмы, якія можна падзяліць на дзве галоўныя групы:
- Спыненне паставак энергіі.
- Рэзкі рост цэн на яе.
Самыя вялікія пагрозы ідуць звонку, бо беларуская энергетычная сістэма моцна залежыць ад імпарту. Гэта асабліва датычыцца Расіі, якая адначасова і пастаўляе Беларусі газ і нафту, і валодае газаправодамі. Таму любыя праблемы з ёй, няхай гэта будзе скарачэнне паставак або транзіту, аднолькава небяспечныя для нас.
Сітуацыя з краінамі ЕС іншая. Яны не прадаюць Беларусі рэсурсы, але могуць транспартаваць іх пры неабходнасці. У іх ёсць доступ да сусветнага рынку, сістэма працуе вельмі надзейна, а палітыкі маюць вельмі абмежаваныя механізмы ўплыву. Але ёсць свае асаблівасці: некаторыя маршруты ў Польшчы і Літве могуць мець абмежаваныя магчымасці для транспарціроўкі энергетычных рэсурсаў у Беларусь.

Эксперты Альянсу «Зялёная Беларусь» таксама прааналізавалі ўнутраныя рызыкі, звязаныя з беларускімі электрастанцыямі, нафтаперапрацоўчымі заводамі і сеткамі. Усяго было вывучана 20 важных аб’ектаў, была праведзена ацэнка іх уразлівасці, каб зразумець, наколькі сур’ёзнымі могуць быць унутраныя праблемы.
Эксперты прыйшлі да высноў, што хаця аварыі і прыродныя катаклізмы таксама могуць стварыць праблемы для энергасістэмы, найбольш небяспечныя і доўгія крызісы, як правіла, выклікаюцца не імі, а палітычнымі прычынамі.
Тэхнічныя сістэмы Беларусі адносна ўстойлівыя да аварыйных адключэнняў альбо неспрыяльных пагодных умоваў, аднак, калі гаворка пойдзе пра палітычныя канфлікты з суседзямі, сітуацыя можа стаць катастрафічнай, і суседнія краіны сутыкаліся і пераадольвалі падобныя крызісы.
Так, у 1990 годзе адразу пасля таго, як Літва абвясціла сваю незалежнасць, здарыўся энергетычны крызіс штучна ініцыяваны Масквой, якая не жадала губляць кантроль над гэтай балтыйскай рэспублікай і фактычна ўвяла эканамічную блакаду. Масква спыніла пастаўкі нафты і газу, каб прымусіць Літву адмовіцца ад суверэнітэту. Краіна засталася без паліва для электрастанцый і прамысловасці, што прывяло да рэзкага скарачэння вытворчасці, абмежаванняў на продаж бензіну і ацяплення дамоў. Гэты крызіс быў чыстай вады палітычным інструментам.
У 2006, 2009, 2014 гадах адбываліся спыненні паставак расійскага газу ў Еўропу праз тэрыторыю Украіны. Расія сцвярджала, што Украіна незаконна забірае частку газу для сваіх патрэб. Гэтыя абвінавачванні Украіна абвяргала, сцвярджаючы, што Расія выкарыстоўвае пастаўкі газа як механізм ціску. Тыя крызісы моцна паўплывалі на мільёны еўрапейскіх спажыўцоў, якія засталіся без цяпла і электрычнасці ў самы халодны перыяд зімы.
Пасля прыходу да ўлады праеўрапейскіх сіл ў Малдове ў 2021-2022 гадах Расія рэзка падняла цэны на газ для Малдовы. Краіна апынулася ў вельмі цяжкім становішчы, і ёй прыйшлося шукаць новых пастаўшчыкоў, у тым ліку ў Румыніі і іншых краінах ЕС. Гэты крызіс быў відавочным інструментам палітычнага ціску.

Еўрапейскі энергетычны крызіс 2022-2023 гадоў пачаўся пасля ўварвання Расіі ва Украіну. У адказ на санкцыі Еўропы Расія пачала скарачаць пастаўкі газу. Гэта прывяло да рэзкага росту цэн на газ і электрычнасць, што выклікала інфляцыю, эканамічныя праблемы і павысіла выдаткі для насельніцтва. Каб пазбегнуць крызісу, еўрапейскія краіны прынялі надзвычайныя меры, пачалі шукаць новых пастаўшчыкоў (ЗША, Катар) і актыўна пераходзіць на аднаўляльныя крыніцы энергіі.

Таксама цэлы шэраг энергетычных крызісаў быў і ў Беларусі. Першы такі крызіс быў у 2002 годзе. Тады пастаўкі газа ў Беларусь скараціліся на 50%. Другі крызіс адбыўся ўжо ў 2004 годзе, у якім пастаўкі газа ў Беларусь таксама абмяжоўваліся. Быў яшчэ крызіс 2006-2007 гадоў, а таксама 2010 года і кожны раз пастаўкі газа ў Беларусь абмяжоўваліся або спыняліся на непрацяглы тэрмін. Таксама было яшчэ некалькі нафтавых крызісаў, апошні з якіх адбыўся ў 2020 годзе, калі на працягу першых трох месяцаў года Беларусь не атрымлівала нафту з Расіі.
Гэтыя прыклады паказваюць, што энергетычныя рычагі часта выкарыстоўваюцца як інструмент палітычнага ўплыву. Як вынік, нават эканамічна моцныя краіны, якія залежаць ад паставак, становяцца ўразлівымі.
Дзе шукаць выйсце?
Значная частка гэтых крокаў не з’яўляецца ўнікальнай і раней рэалізоўвалася ў розных краінах у розныя перыяды з рознай інтэнсіўнасцю. Таму, прааналізаваўшы іх, эксперты Альянсу «Зялёная Беларусь» сфармулявалі спіс захадаў, накіраваных на пераадоленне і мінімізацыю наступстваў для энергасістэмы Беларусі.

Неабходна распрацаваць планы хуткага рэагавання:
- Шукаем новых сяброў: наладжваем новыя пастаўкі з-за мяжы. Пастаўкі нафты і газа магчымыя праз інфраструктуру Літвы, Польшчы ці нават Германіі, калі размова ідзе пра тэрміналы рэгазіфікацыі газа.
- Павышаем эфектыўнасць: эканомім энергію там, дзе без яе можна абысціся — адключаем лішнія ліхтары, кандыцыянеры, а пры сур'ёзным дэфіцыце энергіі пераводзім прадпрыемствы на скарочаны рэжым працы.
- Уводзім абмежаванні на транспарт, павышаем даступнасць і прывабнасць грамадскага транспарту, абмяжоўваем хуткасць руху і продаж паліва.
- Абараняем людзей: ствараем фонды падтрымкі маламаёмасных, забяспечваем у першую чаргу энергазабеспячэнне крытычнай інфраструктуры (бальніц, сацыяльных аб’ектаў, сістэм водазабеспячэння і каналізацыі і г.д.), а таксама падтрымліваем іх памкненні да эканоміі праз праграмы падтрымкі інвестыцый у энергазберажэнне.
- Кантралюем рынак: усталёўваем разумныя межы на цэны, каб пастаўшчыкі не атрымлівалі звышпрыбыткі.
Калі ўзляцяць кошты на нафту, Беларуcі патрэбна загадзя падрыхтаваць рэсурсы, якія дапамогуць справіцца з надзвычайнай сітуацыяй. У тым ліку наладзіць працу грамадскага транспарту, каб людзі пачалі ездзіць на аўтобусах, а не на машынах. І развіць сетку зарадных станцый для электрамабіляў, каб людзі лягчэй пераходзілі на экалагічны транспарт.
Ужо сёння краіна купляе нафту ў Расіі па коштах, амаль роўных сусветным (каля $60/ барэль), таму менавіта ў выпадку з нафтавым крызісам можна будзе ўздыхнуць з палёгкай: рэзкія ваганні цэн на нафту больш не могуць стаць для Беларусі вялікім шокам.
Больш значная пагроза для Беларусі — раптоўнае спыненне паставак газу з Расіі ці рэзкі скачок цэн на яго. Калі пастаўкі спыняцца, Беларусь будзе вымушаная купляць дарагую энергію па сусветных цэнах. (Закупка газу ў краінах ЕС з улікам выдаткаў на транспарт абыдзецца ў тры разы даражэй).

Але есць набор мер, якія неабходна рэалізоўваць ўжо зараз.
Павялічваем ёмістасць сховішчаў. Публічных даных аб ёмкасці падземных сховішчаў газа няма, але прыблізна Беларусь мае сховішчаў прыблізна на 1 млрд м3, (5,5% ад гадавога спажывання). Таксама ў 2022 годзе агучваліся намеры павялічыць аб'ёмы захоўвання нафты з 10 дней да 2 месяцаў.
Павялічваем выкарыстанне ўласных відаў энергіі: выкарыстоўваем усе запасы нафты, газу, і торфу, якія ёсць у краіне. Зараз выкарыстанне мясцовых відаў паліва знаходзіцца на ўзроўні каля 17%.
Каб гэтага пазбегнуць, трэба загадзя падрыхтаваць грошы для некалькіх важных праграм:
- Мадэрнізацыя: абнавіць абсталяванне, каб спажываць менш газу.
- Уцяпленне: зрабіць дамы больш цёплымі (Энергаэфектыўным лічыцца дом з узроўнем энергаспажывання ніжэй за 40 кВтг/м2, а пілотныя праекты дасягаюць нават паказчыка 30 кВтг/м2, аднак у сярэднім ў Беларусі энергаспажыванне складае каля 136 кВтг/м2 у год).
- Рэзервы: сфарміраваць запасы мясцовага паліва, напрыклад, біямасы.

Калі перакрыюць газ з Расіі, Беларусь павінна быць гатовая весці перамовы адначасова і з Масквой, і з Еўропай, каб наладзіць крытычна важныя для энергетычнай сістэмы краіны пастаўкі.
Наша краіна, напрыклад, магла б выкарыстаць для вырашэння патэнцыйнага энергетычнага крызісу газаправод «Ямал — Еўропа» ў зваротным напрамку, яго магутнасцяў павінна хапіць. Але трэба разумець, што ў такім выпадку Беларусь будзе плаціць за газ па еўрапейскіх біржавых коштах.
Беларусь зараз набывае газ у Расіі, які на мяжы Беларусі каштуе каля $129/тыс м3, у той час як ў Еўропе газ каштуе больш за $300/тыс м3, а з улікам выдаткаў на транспарт — нават больш за $400/тыс м3 . Напрыклад калі б Беларусь у 2023 годзе набывала газ у Еўропе, то гэта абышлося б нам даражэй на $4,2 мільярда. І гэта ў адносна спакойны 2023 год.
Калі б такі пераход неабходна было б рэалізаваць у 2022 годзе, пад час газавага крызіса ў Еўропе, калі цэны часам перавышалі $ 2000/тыс м3, то дадаткова за газ прыйшлося б заплаціць больш на $20 млрд, што амаль у 2 разы больш за ўсе золата-валютныя рэзервы краіны.

Яшчэ адна сур’ёзная пагроза — спыненне працы электрычнай сеткі. Такое можа здарыцца як па ўсёй краіне (напрыклад, як было ў Іспаніі ў 2025 годзе), так і ў асобным раёне (як у Мазыры пасля летняй буры ў 2024 годзе).
Каб выправіць сітуацыю, нам трэба мець запасныя часткі для хуткага рамонту, мабільныя дызель-генератары для забеспячэння самых важных месцаў, напрыклад бальніц, рэзервы паліва для гэтых генератараў, запасы вады, ежы і лекаў на выпадак, калі перастануць працаваць камунікацыі.
Яшчэ адна пагроза, якая патэнцыйна можа паўстаць перад беларусамі, — пагроза дарагога цяпла. Зараз у Беларусі насельніцтва плаціць за ацяпленне значна менш, чым яно каштуе насамрэч.
Напрыклад, поўны кошт адной адзінкі цяпла ў 2025 годзе быў 134,94 рубля, а беларусы плацілі толькі 27,23 рубля. Гэта значыць, што дзяржава даплачвае каля 80 %. Калі гэтая падтрымка знікне, тарыфы для людзей рэзка ўзляцяць.
Каб справіцца з гэтым крызісам, па ацэнках экспертаў, спатрэбіцца:
- Больш грошай на ўцяпленне дамоў і мадэрнізацыю сістэм ацяплення.
- Фінансавыя фонды для адраснай дапамогі тым, хто не можа аплаціць камуналку.
Як зразумець, што крызіс на парозе?

Калі крызіс выкліканы палітычнымі прычынамі, яго ініцыятар можа актыўна пагаршаць сітуацыю. Гэта можа быць:
— Імітацыя і зацягванне бачання нармальных перамоваў, каб краіна як мага пазней пачала рыхтавацца да надыходзячага крызісу.
— Выкарыстанне свайго ўплыву на беларускую энергетычную інфраструктуру. Расіі належаць магістральныя газаправоды і газасховішча, што можа ствараць перашкоду для арганізацыі альтэрнатыўных паставак газа ў Беларусь.
— Правядзенне інфармацыйных кампаній, каб людзі перасталі верыць у тое, што крызіс можна пераадолець сваімі сіламі, або каб пераканаць людзей, што крызіс больш за ўсё выгадны бягучай уладзе ў краіне.
Як можна зразумець, што другі бок палітычнага канфлікту рыхтуецца да стварэння крызісу? Ёсць шэраг прыкмет:
- газавыя і нафтавыя сховішчы пусцеюць хутчэй, чым звычайна;
- плануюцца буйныя рамонты на магістральных газа- і нафтаправодах;
- падазроныя кампаніі рэзервуюць магутнасці па транспарціроўцы газу ў суседніх краінах;
- узнікае павышаны попыт на мазут з боку замежных кампаній, падкантрольных краіне-ініцыятару крызісу;
- заключаюцца кантракты на пастаўку газаёмкіх прадуктаў у Расію, што не мае вялікага эканамічнага сэнсу.
Пры гэтым дзеянні з прыведзенага вышэй спісу могуць адбывацца паралельна са складанасцямі ў падрыхтоўцы новага кантракта (калі ён заканчваецца).
І тым не менш, сітуацыя не настолькі цяжкая і бязвыхадная як можа падацца на першы погляд

Спажыванне Беларуссю прыроднага газу непасрэдна як паліва не такое значнае. Рост цэн на яго можа быць змякчана разумнай палітыкаў ў сферы сацыяльнай абароны насельніцтва.
Значная доля вытворчасці электрычнай энергіі адбываецца з газа. Але калі ацаніць выдаткі на вытворчасць электрычнай энергіі, то акажацца, што газ там займае толькі каля траціны ўсіх выдаткаў. То бок, пры росце цэн на газ у тры разы (а прыблізна на столькі ён падаражэе пры пастаўках з ЕС), кошт электраэнергіі з газа падаражэе толькі на 60%.
А з улікам таго, што электраэнергія з АЭС і з крыніц якія працуюць на другіх палівах не зменіцца, то агульны рост будзе складаць усяго толькі каля 35%.
Большыя праблемы могуць быць у забеспячэнні цеплавой энергіяй. Там і доля газа большая, таму рост тарыфаў на цеплавую энергію складзе да 2,5 разоў адносна сённяшніх. Дадаткова субсідыі складаюць каля 80%, а гэта значыць, што нават пры сённяшніх цэнах для аплаты поўнага кошту за газ трэба павышаць тарыфы ў пяць (!) разоў.
Менавіта ў гэтай сферы трэба прымаць як мага больш намаганняў ужо зараз. У першую чаргу трэба актыўна займацца ўцяпленнем будынкаў і пераводам кацельных на мясцовыя віды энергіі.
Неабходна распрацаваць сістэму адраснай падтрымкі найбольш уразлівых груп замест субсідаваных тарыфаў, а таксама распрацаваць праграмы і стандартныя наборы мер, якія дазволяць захаваць камунальныя плацяжы на прымальных узроўнях за кошт значнага скарачэння спажывання цеплавой энергіі (павышэння эфектыўнасці будынкаў).
Фінансаваць такія праграмы з бюджэта больш эканамічна выгадна, чым проста аплочваць кожны год частку выдаткаў на цеплазабеспячэнне насельніцтва.
Высновы
Сёння мы павінны шчыра прызнаць: верагоднасць таго, што Беларусь у агляднай будучыні сутыкнецца з энергетычным крызісам, дастаткова высокая. Прычыны відавочныя: моцная залежнасць ад імпарту, перш за ўсё ад расійскага газу, і слабая абароненасць сістэмы перад палітычнымі фактарамі.
Але гэта не значыць, што будучыня прадвызначана. Крызісы прыходзяць туды, дзе няма гатоўнасці. Калі мы пачнем дзейнічаць ужо зараз, наступствы можна змякчыць і пазбегнуць катастроф для людзей і эканомікі.
Што гэта азначае на практыцы?
Трэба дакладна разумець: залежнасць ад газу значна больш небяспечная, чым ад нафты. Менавіта газ вызначае цэны на цяпло і электраэнергію, а значыць напрамую ўплывае на рахункі кожнай сям’і.
Сістэма субсідзіравання ЖКГ не можа існаваць вечна. Яна маскіруе рэальныя рызыкі, але не ўхіляе іх. Калі дзяржава пакрывае да 80% выдаткаў, найменшая змена вонкавых умоў ператвараецца ў шок. Неабходна паступова пераходзіць ад масавых субсідый да адраснай падтрымкі самых уразлівых груп.
Сховішчы паліва — гэта стратэгічная «падушка бяспекі». Іх трэба павялічваць, каб краіна магла перажыць перабоі і выйграць час для адаптацыі.
Праграмы ўцяплення і павышэння энергаэфектыўнасці — гэта не раскоша, а крытычна важная мера. Кожная хата, якая губляе менш цяпла, зніжае залежнасць краіны ад імпарту і памяншае нагрузку на бюджэт.
Праграмы развіцця мясцовых відаў паліва, перавод кацельняў з газу на мясцовых відах паліва гэта таксама вельмі важна.
Пры гэтым важна не ўпадаць у крайнасці. Наратыў аб тым, што Беларусь не зможа існаваць без расійскіх нафты і газу, не зусім дакладны. Так, цана пытання высокая: у 2023 годзе розніца паміж ільготным расійскім газам і сусветнымі цэнамі складала $4,2 млрд. Але пры пісьменнай палітыцы, пры прадуманай падрыхтоўцы і дыверсіфікацыі паставак крызіс можа быць кіруемы. Ён не павінен станавіцца катастрофай для людзей.
Такім чынам: да энергетычнага крызісу Беларусі трэба рыхтавацца ужо зараз. Чым раней краіна пачне умацоўваць сістэму, тым меншы удар па грамадстве і эканоміцы нанясе любы з будучых энергетычных крызісаў.