Як Ізраіль і арабы мірыліся. Дасье ў карыкатурах

Актуальны мірны пакт паміж Ізраілем і ХАМАС — не першая спроба дабіцца нармалізацыі на Блізкім Усходзе. Расказваем пры дапамозе карыкатур.

У ліпені 1949 года былі падпісаныя так званыя Радоскія пагадненні, якія паклалі канец араба-ізраільскай вайне 1948 года. Гэтыя перамовы, арганізаваныя пад эгідай Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, праходзілі на востраве Радос. Дамовы афіцыйна завяршылі вайну, але не ўсталявалі сталы мір паміж бакамі. Наогул, тое, што Ізраіль выстаяў у вайне з суседзямі, было для шматлікіх назіральнікаў неспадзеўкай. Напрыклад, адзін з сірыйскіх карыкатурыстаў, як мы бачым на яго малюнку, не сумняваўся ў перамозе арабаў у пачатку вайны.

photo_2025_10_19_16_56_38.jpg

Пасля шасцідзённай вайны 1967 года ніякага афіцыйнага міру не наступіла. Затое пасля вайны Суднага дня 1973-га ў Жэневе мела месца спроба прымірыць бакі канфлікту. На канферэнцыі прысутнічалі міністры замежных спраў Егіпта, Іярданіі і Ізраіля. Хоць у Жэневе пагадненне дасягнута не было, намаганні не прапалі дарма. Неўзабаве было падпісана пагадненне аб ваенным раз'яднанні паміж Ізраілем і Егіптам, а пасля і з Сірыяй. Важна адзначыць, што перамовы сталіся супольнай спробай СССР і ЗША. У гэтым няма нічога дзіўнага. Масква і Вашынгтон негалосна былі ўдзельнікамі канфлікту, што відаць на карыкатуры аднаго дацкага мастака таго часу.

photo_2025_10_19_16_56_40.jpg

У 1978 годзе амерыканскі прэзідэнт Джымі Картэр зрабіў новую спробу. Ён (як мы бачым на карыкатуры) літаральна выцягнуў у сваю рэзідэнцыю ў Кэмп Дэвідзе прэзідэнта Егіпта і прэм'ера Ізраіля, якія падпісалі мірную дамову. Дакумент паклаў канец вайне паміж дзвюма дзяржавамі і ўсталяваў паміж імі дыпламатычныя і эканамічныя адносіны. Пагадненне выклікала шырокую незадаволенасць у большасці арабскіх краін, паколькі ён не прадугледжваў стварэнне палестынскай дзяржавы, што ў канчатковым выніку аслабіла згуртаванасць арабскай пазіцыі.

photo_2025_10_19_16_56_43.jpg

На хвалі заканчэння халоднай вайны загаварылі аб магчымым міры ў блізкаўсходнім рэгіёне. Пагадненні «Осла-2», да якога прыклаў руку Біл Клінтан, былі падпісаны 28 верасня 1995 года. Цырымонія таксама адбылася ў Вашынгтоне. Падпісаныя дакументы не прадугледжвалі канчатковага рашэння палестына-ізраільскага канфлікту, але разглядаліся як падмурак для ўзаемнага прызнання і перамоваў. Аднак пасля забойства ізраільскага прэм’ера Іцхака Рабіна ў 1995 годзе мірны працэс фактычна спыніўся. Наступныя тэракты смяротнікаў з боку палестынскіх груповак і дзеянні ізраільскіх вайскоўцаў у адказ зрабілі ўмовы для мірных перамоваў непрымальнымі. Ад «Осла-2», як відаць на карыкатуры, засталіся толькі прыгожыя білборды.

photo_2025_10_19_16_56_45.jpg

Пасля перыядаў інтэнсіўнага супрацьстаяння паміж Ізраілем і групоўкай «Хезбала» заключаліся пагадненні аб спыненні агню. Ключавымі з іх з'яўляюцца перамір'е 2006 года і пагадненне, якое набыло моц 27 лістапада 2024 года. Зрэшты, рэалізацыя гэтых пагадненняў сутыкаецца з вялікімі цяжкасцямі. Напружанасць і нестабільнасць сітуацыі на лініі супрацьстаяння паміж Ізраілем і групоўкай «Хезбала» тэма дадзенай карыкатуры.

photo_2025_10_19_16_56_47.jpg

І вось, нарэшце, мірная дамова паміж Ізраілем і ХАМАС. У рамках першай фазы ўсе закладнікі ізраільцяне вызваляюцца, а ізраільскае войска адводзіць свае войскі да ўзгодненай лініі. Ці прынясе гэта сталы мір у рэгіён? Пакуль на гэты конт дамінуюць скептыкі, сярод якіх ёсць і мастакі. На гэтым малюнку стомлены голуб міру ледзь прыходзіць у сябе пасля мірнай місіі на Сярэдні Усход, аднак яго тэрмінова зноў выклікаюць адправіцца туды.

photo_2025_10_19_16_56_50.jpg