Вітольду Ашурку магло б сёння споўніцца 52 гады

Сёння Вітольду Ашурку магло б споўніцца 52 гады. Аднак 21 траўня 2021 года палітвязень памёр пры нявысветленых абставінах у калоніі.

aszurak1_1.jpg

Вітольд Ашурак — актывіст з Бярозаўкі, супраць якога ў жніўні 2020-га распачалі крымінальную справу за паслявыбарчыя падзеі. Суддзя суда Лідскага раёна Максім Філатаў у закрытым рэжыме асудзіў Вітольда да пяці гадоў зняволення. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў шклоўскую калонію.

21 траўня 2021 года, на 244-ы дзень свайго зняволення, палітвязень Вітольд Ашурак памёр у шклоўскай калоніі. Афіцыйная прычына — спыненне сэрца, хоць, па словах сваякоў, да зняволення на здароўе мужчына не скардзіўся.

Родныя дагэтуль не ведаюць, чаму памёр мужчына. Крымінальнай справы па факце яго смерці таксама да гэтага часу няма.

Менавіта Вітольд быў першым палітзняволеным за падзеі 2020 года, хто распавёў пра масавую пазнаку палітвязняў у калоніях жоўтымі біркамі. Пра гэта ён напісаў у сваім лісце на волю:

«Палітычных тут [у шклоўскай калоніі] не бракуе. Так што сумаваць нагоды няма. Тым больш што адміністрацыя выдала загад мець жоўты колер бірак на адзенні, і таму палітычных можна адрозніць здалёк».

Праз некалькі месяцаў пасля смерці Вітольда сваякам аддалі яго рэчы, і высветлілася, што знік яго турэмны дзённік, які вёў за кратамі палітвязень.


Знаёмыя Вітольда па просьбе праваабаронцаў прыгадваюць, якім ён быў чалавекам і якім застаўся ў памяці.

Незалежны журналіст з Бярозаўкі Юрась Дзяшук разам з Вітольдам правёў шмат гадзін у размовах за кубачкам кавы:

«Вітольд каву распушчальную не прызнаваў. Цяпер, калі мяне дзесьці частуюць кавай, то я яе [заўсёды] параўноўваю з той, якую рабіў Вітольд. Яна была густая-густая, як нафта… Пасля яе адразу хацелася бегчы, нешта рабіць, на турнікі ісці... Вельмі ў яго кава была моцная!»

Доктарка з Ліды Ірына Здота не ведала Вітольда асабіста, але часта бачыла яго на мясцовых маршах і пікетах. Таму яна прыйшла на суд Вітольда — у тым ліку і як урач:

«Кожны ўрач — псіхолаг. Я намагалася скласці карціну, да якога ўзроўню апусцяцца нашы суды, калі судзяць чалавека, які быў сапраўды міралюбівым».

Вынесены Вітольду прысуд — пяць гадоў калоніі — абурыў людзей. У зале суда яны скандзіравалі: «Ганьба! Верым, можам, пераможам!», і іх пачалі рэпрэсіраваць. З-за гэтага Юрась трапіў у Лідскае ІЧУ. А ў суседняй камеры на той момант яшчэ сядзеў Вітольд. Ён нават змог перадаць Юрасю цукеркі, а ягоным сукамернікам — цыгарэты.

Тады ж Юрась чуў голас Вітольда і нават пабачыў яго сілуэт праз «кармушку».

— Вітольд? Гэта ты, Вітольд?

— Так.

— Ну што, Вітольд, этап?

— Так, паеду зараз у Гародню.

— Як ты там?

— Усё добра. У гэтым годзе выйду, убачымся, так што не перажывай.

— Вітольд, што перадаць брату Андрэю?

— Перадай брату: хай трымаецца.

— А што перадаць жонцы, Вользе?

— Перадай Вользе, што я яе моцна абдымаю.

— А што перадаць маці?

— Перадай, што я яе люблю.

«У наступны раз я Вітольда пабачыў у труне», — дадаў Юрась.


Сябра Рады руху «За свабоду» Вольга Быкоўская ездзіла забіраць цела Вітольда:

«Мы шмат да чаго рыхтаваліся, але калі Андрэй пабачыў яго цела, ён выбег з будынку, рукі ў яго трэсліся, ён закурыў і сказаў, што цела ў такім стане, што проста немагчыма апісаць… У яго была заматаная галава практычна да кончыка носа, вельмі тоўстым слоем бінту… Яны сказалі: "Гэта мы проста цела ўпусцілі". А калі мы прыехалі, нас чакаў АМАП…»

Сілавікі сачылі і за пахаваннем Вітольда. А было яно самым масавым з тых, што бачыла яго родная Бярозаўка.

«Я падышла да мамы Вітольда, выказала спачуванне і спытала, ці можна прыўзняць павязку? — успамінае Ірына Здота. — І толькі я паспрабавала прыпадняць, як тут жа сказалі: "Не чапаць, інакш ..!" Вось не сорамна ім сядзець у зале, дзе развітваюцца?! Сядзелі, нібы звычайныя мужыкі, а насамрэч гэта пераапранутыя мянты.

Гэты бінтавы чэпчык вельмі туга сядзеў, таму ў мяне склалася ўражанне, што гэта ўсё ж такі гіпсавая павязка.

 Яго марылі голадам — таму што знясіленне страшнае. Гэта я як медык гавару.

 На твары — не трупныя плямы, я ўсё ж такі лекар з вялікім стажам. То-бок гэта было прымяненне сілы…

 Гэта было забойства».

Сілавікі яшчэ некалькі дзён пільнавалі магілу Вітольда.

«Такое ўражанне, што пільнавалі, каб ён не падняўся. Яны яго баяліся. Нават мёртвага», — кажа Юрась Дзяшук.

А потым пільнавалі і ўзгадкі пра памерлага.

«Аднойчы я памылілася, паўгода было па Вітольдзе, — распавядае Ірына Здота. — Я напісала ў наш лідскі чат, што будзе імша ў Бярозаўцы, ёсць машына — хто хоча? І толькі пад абед я зразумела, што пераблытала даты — пяць месяцаў… І калі я вечарам убачыла аўтазак у Лідзе… То-бок разумееце — адна згадка, а яны прыганяюць аўтазак!»

Ірыну таксама рэпрэсіравалі за падзеі падчас агалошвання прысуду Ашурку. Доўгі час жанчына была гатова сесці і не хацела пакідаць радзіму. Але прыняць такое рашэнне ёй дапамог менавіта Вітольд…

А Вольга Быкоўская адзначае: калі яна вернецца ў Беларусь, то абавязкова паездзе ў Бярозаўку:

«Будзем піць шампанскае і крычаць «Жыве Беларусь!». Я нават ведаю адрас: гэта будзе ў Андрэя Ашуркі, які, я ўпэўнена, таксама вернецца. І абавязкова прыгадаем Вітольда. Бо Вітольд зрабіў шмат, каб мы ўсе разам жылі ў свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі».

«Вітольд адчуваў адказнасць за іншых людзей, калі б яго не забілі, ён бы вырас у палітыка рэспубліканскага ўзроўню. Ён бяссрэбранік, за праўду і за ідэю, чалавек такі. На жаль, яго няма, на жаль», — распавёў ягоны брат Андрэй Ашурак падчас гадавіны памяці.

Брат Вітольда Андрэй таксама мусіў пакінуць Беларусь. Спачатку на яго завялі крымінальную справу за тое, што скандзіраваў «Ганьба!» пасля абвяшчэння прысуду Вітольду Ашурку. Пазней стала вядома, што справу за гэта спынілі, прычым прыпынялі яе тры разы, а пасля аднаўлялі, і не выключана, што яе маглі аднавіць і ў чацвёрты раз.