«Галоўнае пытанне: што вы з ім зрабілі, са здаровым чалавекам?»
Брат Вітольда Ашурка распавёў «Нашай Ніве» пра два месяцы без яго.
Два месяцы мінула са смерці палітвязня, актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка пры нявызначаных абставінах у шклоўскай калоніі. Праверка па факце смерці ўсё гэтак жа цягнецца, і сям’я не верыць, што яна дасць больш за першапачаткова агучаную афіцыйную версію: спынілася сэрца. «Бягучы перыяд жыцця для нас самы цяжкі», — прызнаецца брат Вітольда Андрэй. Пагутарылі з ім пра тое, як іх сям’я вучыцца жыць наноў без свайго любага Міхалыча.
— Як вам даліся гэтыя месяцы без Вітольда?
— Вітольда ўжо даўно не было побач з намі: ён шмат прасядзеў за кратамі па нашых мерках (з верасня па май). Іншы раз здаецца, што ён яшчэ недзе там сядзіць. А потым прыходзіш на могілкі і разумееш: не, не сядзіць. Калі ў цябе забіраюць блізкага чалавека, з якім ты рос побач амаль 50 гадоў, гэта цяжка. Час, канешне, сваю справу робіць: як ні круці, эмоцыі спадаюць. Усё яшчэ баліць, але жыццё ідзе далей. І трэба жыць з улікам таго, што Вітольда больш няма з намі. Шмат у чым дапамагае забыцца любімая праца: спачатку на будоўлі папрацуеш, а потым дома яшчэ справы — і галава імі занятая.
Маці і жонцы цяжэй. Першая неяк сказала, што ёй толькі і засталося, што плакаць. Я, бывае, адзін запланую паехаць на могілкі. А здалёк бачу, што і маці туды пілуе. Тым больш, могілкі недалёка ад яе дома.
Там, дарэчы, увесь час з’яўляюцца свежыя кветкі. Учора яшчэ не было, здаецца, а сёння ёсць. Людзі ходзяць туды, каб ушанаваць памяць, бо Вітольд быў вядомым чалавекам. Нядаўна з’явіўся новы вянок: «Вітольду — герою Беларусі ад патрыётаў СІЗА №1». Спачуванні нам працягваюць выказваюць нават тыя, чые погляды на жыццё з нашымі разыходзіліся (хоць такіх і мала, толькі 3%).
Увогуле я неяк злавіў сябе на думцы: мне вось 48, Вітольду было 50, і чаго толькі ні здаралася за гэтыя гады! Часам было так цяжка, што горш немагчыма было ўявіць. Але скажу шчыра: бягучы перыяд жыцця для нас усё ж самы цяжкі. Мы плакалі, калі забілі Рамана Бандарэнку. Душа балела па Тарайкоўскім, па Шутавым — па ўсіх. Але ніхто не мог падумаць, што гора здарыцца яшчэ і так побач.
— Ці былі спачуванні ад афіцыйных структур?
— Не, канешне. Вы ж ведаеце, якая гэта сістэма. У прыватных размовах нават міліцыянеры маглі выказаць спачуванні. І задавалі мне пытанне: «Як жа так сталася?» Ну, гэта не я працую ў праваахоўных органах, каб такі адказ даць. Як сталася, што ў чалавека было здаровае сэрца, а яно спынілася? Як сталася, што цела нам аддавалі не адразу? Як сталася, што ён падаў і разбіў галаву? Што было да таго? На гэтыя пытанні мы дагэтуль не маем афіцыйных адказаў.
Затое перад самым пахаваннем мне званіў пракурор раёна: «Вы ж разумееце, трэба каб неяк без мітынгаў». Я яму сказаў, што, у сваю чаргу, чакаю, што ўсё абыдзецца без арыштаў. Дзякуй богу, нікога на пахаванні сапраўды не затрымалі.
— Вам сніцца брат?
— Вітольд сніўся адзін раз недзе з месяц таму. Ëн нібыта прыехаў да мяне на ровары — стаяў і ўсміхаўся. Нічога не гаварыў. Проста ўсміхаўся, як заўсёды, у сваёй армейскай куртцы, у якой ездзіў на працу.
— На якім этапе праверка па факце смерці Вітольда?
— Гэтым займаецца Упраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці. Першы раз я размаўляў са следчым, калі забіраў цела брата. Другі раз — два тыдні таму, калі прыехаў па яго рэчы. Там ужо напісаны такі том па памеры, нібыта «Вайна і мір», але нібыта не гатовыя вынікі ўсіх экспертыз і заключэнне зрабіць немагчыма. Следчы сказаў, што праверка можа цягнуцца доўга, але я буду званіць яму і кантраляваць гэтае пытанне.
Гледзячы на таго следчага, мне хочацца яму верыць, ён выклікае давер. У мяне склалася ўражанне, што калі б ён працаваў у нармальнай сістэме, дзе на чале — закон, адзіны для ўсіх, то ён мог бы быць адным з самых сумленных супрацоўнікаў. Але мы маем вывернутую сістэму. І афіцыйная версія смерці Вітольда была агучаная ў першыя дні: раптоўнае спыненне сэрца. І відэа тое жудаснае было прадэманстравана, мы яго разоў сто пераглядзелі. На ім дакладна Вітольд, але ў такім стане, што не можа сябе кантраляваць. І ў мяне галоўнае пытанне: што вы з ім зрабілі, са здаровым чалавекам?
Не факт, што канчатковая праверка дасць на гэта адказ. Як і не факт, што нам вернуць дзённік брата, які не аддалі разам з іншымі асабістымі рэчамі. Вітольд жа заўсёды быў майстрам слова і, хутчэй за ўсё, апісваў усё, што бачыў навокал у зняволенні. Такі дзённік даўно маглі знішчыць. Надзея толькі на нейкага пранырлівага таварыша, які мог акуратна схаваць яго для будучыні.
— З асабістымі рэчамі вам аддалі лісты, што дасылалі Вітольду. Вы праглядалі іх?
— Там вельмі шмат лістоў. І з Беларусі, і з-за мяжы. Чытаць я не магу пакуль. Перабраў літаральна нейкія паштоўкі, што былі без канвертаў. Мне гэта даецца цяжка. Пісалася ж усё жывому чалавеку. Там вельмі шмат пра тое, што яго чакаюць, што Вітольд зрабіў усё слушна, што ён не адсядзіць пяць гадоў. Ні ў якім разе. А ўсе мы ведаем, чым усё гэта скончылася...
Сам я, дарэчы, брату амаль не пісаў. Мы з ім на спатканні ў Гродне дамовіліся, што я лепш буду прыязджаць і мы жыўцом пагутарым, пасмяёмся. Як ні спрабаваў, не атрымлівалася ў мяне пісаць нейтральна пра надвор’е — адны паэмы, з эмоцыямі, якія б не прапусціў аніводны цэнзар.
— Вам за сябе страшна не бывала?
— За сябе я ніколі не баюся: гэта маё жыццё, я ім магу распараджацца на свой густ. Канешне, ёсць сям’я і абавязкі перад ёй. Некаторыя хваляванні за жонку і сыноў ёсць. Хаця яны ў мяне — галоўныя патрыёты сваёй краіны. Жонка ўвогуле першай узялася за арганізацыю перадач, калі Вітольд сеў. Яна ў мяне зрабіла б так, каб усе людзі былі шчаслівымі ў добраахвотна-прымусовым парадку, калі б тое было магчымым.
Проста, на жаль, у мінулае сышлі тыя недалёкія часы, калі ў Бярозаўцы людзі кожны дзень выходзілі на акцыі. Пакуль гэта немагчыма — інакш будзеш праз паўгадзіны ў Лідзе ў міліцыі. Але я магу хаця б даваць інтэрв’ю, усе людзі могуць паўтараць услых, што адбылося, нагадваць. Нельга даваць ім расслабіцца: хай чэшуцца і не думаюць, што ўсё сышло на тармазы.
— Якім Вітольд быў братам?
— Здаралася, і пабіцца маглі: які ты брат, калі брату па носе не даў у дзяцінстве? (смяецца) Але агулам мы з ім ладзілі. І нават калі жыццё нас параскідала, клопаты ва ўсіх свае з’явіліся, заўсёды гатовыя былі прыйсці адзін аднаму на дапамогу. Мая жонка яшчэ дзяцей вучыла: «Глядзіце, якія ў вашага таты з дзядзькам адносіны, бярыце прыклад». Калі аказваліся побач, заўсёды нехта іншаму тэлефанаваў: «Міхалыч, стаў чайнік, я еду! Будзем піць каву і размовы размаўляць».
Мы хоць і шмат у чым падобныя, але адрозніваліся: Вітольд быў генератарам ідэй, а я ўжо рэалізатарам. Ідэі з яго проста сыпаліся. Яшчэ ў канцы 90-х штогод Вітольд прапанаваў сплаўляцца па Нёмане — будавалі платы, караблі амаль. Брат таксама распрацоўваў усе праекты: цэлую папку чарцяжоў рыхтаваў. А вось ужо рэалізацыя была на мне: дзе што ўзяць, з кім дамовіцца.
— Што гэтая жахлівая трагедыя адкрыла для вас новага пра Беларусь і беларусаў?
— Я шмат чаго ведаў пра нашу сістэму і раней, але дэталі аказаліся жахлівейшымі. Што сістэма здольная забіць нават асуджанага чалавека. І, раз такое магчыма, у ёй існуюць людзі без гонару, сумлення, увогуле без усяго чалавечага.
З іншага боку, ужо пасля жніўня для мяне стала адкрыццём народная салідарнасць. Памятаю, раней хадзіла прымаўка ў народзе: адзін беларус — гэта партызан, два — партызанскі атрад, а тры — гэта партызанскі атрад плюс здраднік. Але гэта абсалютна не так: салідарнасць беларусаў не ведае межаў. Калі яшчэ 9 жніўня 2020-га Вітольда затрымалі каля гарвыканкама ў Лідзе і потым, пасля выхаду жанчын у белым, амаль усіх затрыманых адпусцілі, а Вітольда — не, то гэтыя ж жанчыны крычалі: «А Вітольд? Выпускайце!» А калі мы сядзелі з братам восенню на сутках, аказалася, што ў нас столькі траюродных «сясцёр і братоў», якія перадавалі нам перадачы! З такой салідарнасцю ўсё ў краіне павінна быць добра. Шкада, што гэтае дабро так зацягнулася. І такімі стратамі даецца.
— Ці лічыце вы, што смерць Вітольда для сістэмы — таксама жорсткі ўрок і такой трагедыі ў турмах не паўторыцца?
— Хацелася б верыць. Тым больш, маё меркаванне: загаду нейкага на Вітольда не было, проста былі створаныя такія ўмовы, якія чалавека давялі да стану немачы. І пасля ўжо яго нельга было паказваць на спатканнях. Гэта, канешне, выключна мае думкі. Улічваючы, што на баку сілавікоў сёння карт-бланш, абяцанне, што ім за любыя рэчы нічога не будзе, баюся, што такая ж сітуацыя можа паўтарыцца, на жаль.
Мне, дарэчы, гэтага не зразумець. Вы асудзілі чалавека, ён ужо пакараны, навошта працягваць здзеквацца? Такое ж пытанне мы з Вітольдам задавалі ахоўніку ў лідскім ЦІПе (мы тады з ім адбывалі суткі ў суседніх камерах). Ахоўнік нам адказаў: «Сядзельцы павінны адчуць, як хранова сядзець». І я пастараўся патлумачыць, што гэта ерунда, бо чалавек ужо арыштаваны, ён абмежаваны ў свабодзе — яму ўжо дрэнна.
А яны ўсё адно працягваюць ствараць умовы, у якіх складана выжыць, мардуюць голадам, карцарамі. Вітольд быў такі худы, калі я яго забраў! Пры тым, што падчас нашага апошняга спаткання ў Гродне гэта быў нармальны мужчына 50 гадоў з вагой больш 70 кілаграмаў, спартыўнага целаскладу.
У будучыні ўсе гэтыя падзеі мусяць стаць прышчэпкай для ўсіх нас. І, вядома, каб гэтага дакладна не паўтарылася, патрэбная прававая ацэнка ўсіх злачынстваў, якія былі здзейсненыя. Людзі, якія запэцкалі сябе ў збіцці, забойствах, парушэннях законаў, ва ўсім нечалавечым, абавязаныя панесці пакаранне. Усе дзяржструктуры падлягаюць рэформам, іх дзейнасць павінна стаць празрыстай. Грамадзянская супольнасць павінна кантраляваць усе іх важныя крокі.
Наконт брата ж хачу дадаць ад усіх блізкіх: мы ўсе адчуваем невыносны боль страты. Але я злавіў сябе на думцы, што ён ужо даўно не толькі мой брат, а наш, усіх беларусаў . Не сын маці, а сын Радзімы, якой ён не здрадзіў. Спадзяюся, аднойчы мы паставім помнік яму не толькі на могілках, але і на адной з вуліц у Бярозаўцы.