Ліст да Вітольда Ашурка

Прывітанне, дарагі Вітольд! Я быў у ад’ездзе, калі прыйшоў ад цябе ліст з месца твайго зняволення. Мне паведамілі пра тое па тэлефоне. Я падумаў, што адпішу табе адразу, як вярнуся дахаты. Я заўсёды адказваю на лісты. Ты ж ведаеш. А пасля прыйшла жудасная трагічная навіна пра тое, што смерць забрала цябе ў шклоўскай калоніі, дзе ты адбываў няволю.

196638725_104434775201041_1745014137195867860_n_1.jpg


Цяжка было ў тое паверыць. Цяжка было па вяртанні дахаты разгарнуць твой апошні ліст ужо пасля таго, як не стала таго, хто яго напісаў. Цяжка адпісваць на той ліст, бо сэрца абліваецца крывёй і мае́ ўжо не маладыя вочы, якія пабачылі многа чаго ў жыцці, наліваюцца слязьмі — як у малога дашкаляці. Але я мушу адпісаць на твой ліст. Я заўсёды адказваю на лісты. Ты ж ведаеш.
Цяпер гляджу на твой прыгожы почырк, на гэтыя старанна і з павагай да чытача выведзеныя літары і ўспамінаю, што ты і сам быў такі ж шляхетны, годны, прыстойны, заўсёды ставіўся з павагай да суразмоўцы, да кожнага чалавека… Культурны, сціплы, з арыстакратычнымі паводзінамі, якія былі ў тваёй крыві, у генах, у манерах… Заўсёды акуратны, статны, праўдзівы, стойкі, смелы…
У мяне почырк паганы, таму я табе заўсёды «пісаў» на кампутары, каб лягчэй чыталася. Я так пісаў і Алесю Бяляцкаму ў турму, і Паўлу Севярынцу, і іншым палітвязням. Бо ведаю, што такім людзям шмат суайчыннікаў пішуць, і лепш, калі чытаецца лёгка.
Дарэчы, ад Паўла Севярынца ліст да мяне прыйшоў амаль адначасова з тваім. Мы з ім гэтак жа, як і з табой, часта разважаем пра непарыўнасць беларускай місіі ў вечнасці і пра адраджэнне беларускасці і нашай нацыі. І ведаеш, я хачу падзяліцца з табой некаторымі яго падлікамі. Табе гэта будзе вельмі цікава. Павал паведамляе пра вынікі своеасаблівай статыстыкі, праведзенай ім паводле атрыманых у зняволенні лістоў. 71 адсотак — гэта беларускамоўныя лісты. Раней гэты адсотак быў меншы. А самы вялікі працэнт беларускамоўных лістоў прыходзіць акурат з тваёй любай Гродзеншчыны. 82 адсоткі. Амаль усе! Вось, Вітольд, гэта і ёсць адзін з вынікаў тваёй працы на ніве Беларускага Адраджэння. Твае высілкі не прапалі дарма. І не толькі ў гэтым кірунку.
Ты пішаш, што цябе вельмі ўражвае повязь пакаленняў, калі нашы продкі, мы і нашы нашчадкі ёсць адзінай нацыяй, якая існуе па-за межамі лінейнага часу. Ты сцвярджаеш у сваім лісце так: «…Калі мы існуём у мінулым часе, сёння і ў будучыні, то мы практычна бессмяротныя! Ад гэтай думкі проста немагчыма пазбавіцца! Гэты містычны ланцужок з мінулага ў будучыню цяпер трымаем у сваіх руках мы, і на нас ляжыць адказнасць за тое, што мы перадамо ў спадчыну нашчадкам!…».
Дарагі сябар! Ты з годнасцю перадаў нашчадкам усю вялікую спадчыну нашых продкаў. Цябе, Вітольд, нашы славутыя продкі выбралі для гэтай місіі, бо ведалі, што ты не падвядзеш. І ты не падвёў. Тваё Імя ўжо стала сімвалам для беларускіх патрыётаў. Для людзей, якія ідуць шляхамі праўды і справядлівасці. Неўзабаве тваім Імем будуць названыя вуліцы ў розных гарадах нашай краіны, па якіх табе давялося прайсці, а людзі будуць прыносіць кветкі да выбітага ў золаце твайго Прозвішча. Нашчадкі будуць ганарыцца тым, што ў нашым народзе нараджаюцца такія Людзі, як ты. Так, як і ты ўсё жыццё ганарыўся сваім Народам, яго лепшымі дочкамі і сынамі.
Ты і сам згадваеш пра веліч свайго народа ў гэтым лісце. Ты сцвярджаеш: «…Гэта натхняе! Гэта абуджае ў нас усё самае светлае і дае надзею, што мы выканаем тое, што нам наканавана лёсам — мы Пераможам!…».І яшчэ ты самаахвярна напісаў: «…Ведаеш, шаноўны сябар, у параўнанні з гэтым лёсавызначальным працэсам маё становішча зараз не мае істотнага значэння»…
Дарагі сябар. Гэтыя словы ўсё гавораць пра цябе. Свет, які ад іх зыходзіць, застаўся тут. А ты пайшоў у іншы Свет, куды некалі прыйдуць усе. Там няма канкрэтнага адрасу, як на Зямлі. Таму гэты ліст я адпраўляю табе праз сваю любімую газету. Яна заўсёды выходзіла па-беларуску, таму ўпэўнены, што ты і Адтуль заўважыш і яе, і гэты ліст.
Заканчваю так, як і ты заканчваў кожны свой ліст да мяне. Думаю, што і не толькі да мяне. Словамі — «Жыве Беларусь!!!».