Што Лукашэнка спрабуе прадаць Трампу, каб вырвацца з арбіты Крамля?

На гэтым тыдні ўсе гаварылі пра вызваленне палітвязняў. І ўсе спрабавалі зразумець, для чаго ЗША так актыўна працуюць з Лукашэнкам і што ад гэтага атрымлівае кіраўнік Беларусі. Бо вонкава выглядае, што Штаты яго проста разводзяць «у абмен на пацалункі», як ён разводзіў Расію. Але ці так гэта? Усё ж Лукашэнка — асоба хітрая і дасведчаная…

Малюнак з sevastopol.su

Малюнак з sevastopol.su

Вядома, Лукашэнка рады, што яго раптам заўважылі ЗША і прызначылі для яго цэлага спецпасланніка. Але пра тое-сёе ён прагаварыўся на тыдні ў інтэрв'ю Грэце Ван Сустэрэн для тэлеканала Newsmax. Лукашэнка, праўда, не быў бы сабою, каб не пачухаў пачуццё ўласнай важнасці, заявіўшы, што ён быў ад самага пачатку прыхільнікам Дональда Трампа, — і не толькі прыхільнікам, а таварышам, дарадцам і настаўнікам.

«Тое, што робіць зараз Трамп, гэта блізка да маёй пазіцыі і той палітыкі, якую мы праводзім у Беларусі. Хаця вось Джон (Коўл, спецпасланнік Трампа) быў сведкам, я яму ў першай сустрэчы выказаў нейкія крытычныя заўвагі ў дачыненні да палітыкі Трампа. І тое, пра што я папярэджваў... Гэта здарылася сёння, і я ўчора ім пра гэта сказаў», — заявіў Лукашэнка, праўда, не ўдакладняючы, што «здарылася сёння» і пра што ён там папярэджваў. 

Але, як заўсёды, калі Лукашэнка нешта кажа, ён прагаворваецца. Лукашэнка пахваліў нядаўна апублікаваную стратэгію нацыянальнай бяспекі ЗША. Яна адраджае прынцыпы дактрыны Манро XIX стагоддзя, калі Штаты пакідалі за сабой Заходняе паўшар'е, але не імкнуліся ўмешвацца ў еўрапейскія справы. На думку Лукашэнкі, гэта «сапраўдны падарунак». А таму ён гатовы «дамаўляцца» са Злучанымі Штатамі.

«Я думаю, мы дамовімся. Мы вельмі падобныя, у нас еўрапейскія карані, таму я ўпэўнены, што мы дамовімся, можа быць, на рэйках прагматызму. Амерыканцы людзі выключна прагматычныя, мы таксама. Таму, я думаю, калі мы вызначымся па асноўных кірунках нашага прагматызму, мы дамовімся. Я Джону Коўлу перадаў некаторыя прапановы нашага прагматызму. Яны ляжаць у плашчыні інтарэсаў Злучаных Штатаў Амерыкі. Трэба дамаўляцца, трэба спыніць нам адзін з адным біцца, асабліва прыхільнікам», — сказаў Лукашэнка.

І тут жа прапанаваў сябе як перамоўцу па справах з Венесуэлай, паколькі ў яго добрыя адносіны з Мадура. То-бок, раней ён хацеў выступіць пасярэднікам з Пуціным — не атрымалася. Цяпер ён шукае новыя спосабы паказаць сваю каштоўнасць Штатам.

Лукашэнка яшчэ шмат чаго добрага сказаў у кірунку ЗША. І калі ўсё, што казаў Лукашэнка, успрымаць літаральна, то гэта вельмі дрэнны сігнал для Пуціна. Бо складаецца ўстойлівае ўражанне, што «саюзнік» вырашыў «адпятляць» ад Крамля у бок Вашынгтона. Пры гэтым варта разумець, што літаральна праз тры гады ў Штатах будзе іншы прэзідэнт. І гэта будзе не лаяльны да Расіі Трамп, а, хутчэй, ягоная поўная супрацьлегласць.

Лукашэнка можа вітаць «новую дактрыну Манро», але пры гэтым мы памятаем публікацыю Reuters, у якой амерыканскія чыноўнікі паведамілі агенцтву, што хай нават у нязначнай ступені». І што «нават нязначны зрух у бок Захаду будзе стратэгічнай перамогай, улічваючы, што Беларусь доўгі час была пастаяннай крыніцай раздражнення для NATO і верным саюзнікам Расіі».

А гэта значыць, што апублікаваная стратэгія нацбяспекі Штатаў можа аказацца як мінімум апублікаванай не поўнасцю, а як максімум — «аперацыяй прыкрыцця» рэальных інтарэсаў ЗША ў свеце.

Але для Лукашэнкі гэта ўсё роўна «сапраўдны падарунак», які дазволіць яму збегчы ад Пуціна, атрымаўшы, верагодна, нейкія гарантыі бяспекі ад ЗША. Вось толькі можа атрымацца так, што гарантыі бяспекі атрымае асабіста Лукашэнка, а не Беларусь у цэлым. І ён правядзе рэшту сваіх дзён дзе-небудзь у Маямі са скрадзенымі мільёнамі. А на далейшы лёс Беларусі яму будзе напляваць з высокай званіцы.

Менавіта на гэты сцэнар ён, падобна, і… Не напішам нават, што «разлічвае» — ён на яго спадзяецца.

Бо пакуль усе амерыканскія «бонусы» за вызваленых палітвязняў выглядаюць як «газ у абмен на пацалункі». Так, амерыканцы вывелі з-пад санкцый беларускі калій. Але Еўропа ад санкцый не адмовілася, і вазіць угнаенні прыйдзецца праз Расію. І атрымаць грошы за гэты калій праблематычна, паколькі ніхто не адмяняў санкцыі ў дачыненні да беларускіх банкаў. А гэта значыць, што нават «несанкцыйны» калій усё роўна прыйдзецца прадаваць па кантрабандных схемах з велізарнымі зніжкамі.

Рэсурсы ж у «прэзідэнта АМАПа» знікаюць на вачах. І гэта тычыцца не толькі матэрыяльнага. У сераду Віктар Лукашэнка ўзнагародзіў свайго брата Дзмітрыя медалём. А Аляксандр Лукашэнка ў тую ж сераду падпісаў указ аб узнагароджанні «Прэзідэнцкага спартыўнага клуба» прэміяй. То-бок, у Лукашэнкі настолькі заканчваюцца верныя людзі, што ўзнагароджваць больш няма каго — у сям'і абменьваюцца ўзнагародамі адзін з адным.

А зіма працягвае абвастраць праблемы. Пакуль у сям'і Лукашэнкі абменьваліся ўзнагародамі, частка Барысава засталася без электразабеспячэння. Як паведаміла «Мінскэнерга», «адбылося аварыйнае адключэнне КЛ-10кВ №511 ад ПС «Барысаў Паўднёвая», з-за прарыву цеплавой сеткі ЖКГ, у выніку чаго адбылося трапленне вільгаці на токаводныя часткі трансфарматарнай падстанцыі 72».

То-бок, у Барысаве адбылося адразу дзве камунальныя катастрофы, прычым адна пацягнула за сабой другую.

І гэта адбываецца ўжо рэгулярна. Але хоць так, таму што ў Гомелі наогул газ падарваўся ў шматпавярхоўцы — на сёмым паверсе дзесяціпавярховага панэльнага жылога дома. Прычым, на момант напісання матэрыялу, па паведамленнях аблвыканкама, прычына здарэння ўстанаўлівалася.

Адключэнні святла, выбухі ў шматпавярхоўках… Падобна на тое, што беларускія ўлады ўрэшце дамагліся таго, каб у Беларусі ўсё было, як ва Украіне —толькі без вайны.