«Дзетка, трымайся! Проста трымайся!»

«Прывітанне, мой любімы дзіцёнак! Кожны дзень чакаю тваіх лістоў! Люблю цябе і вельмі хацела б быць побач», — так пачынаецца адзін з лістоў да дачкі ад палітзняволенай Алены Маліноўскай.

Анюта І Фёдар. Фота з сямейнага архіву

Анюта І Фёдар. Фота з сямейнага архіву

З Аленай Маліноўскай, якой 20 верасня прысудзілі 4 гады калоніі, мы правялі разам два месяцы на Валадарцы. Яна — мама Ганны і непаўнагадовага Фёдара, якіх не можа абняць амаль 9 месяцаў.

Сёлетні Дзень маці сотні жанчын сустракаюць за кратамі, бо хацелі годнага жыцця для сваіх дзяцей. І тысячы мам прачнуліся сёння, як і кожны ранак, з першай думкай пра сваіх дзяцей, якія за кратамі толькі таму, што хацелі лепшай будучыні для сваёй краіны. Вось такое ў нас свята маці…

Кожны свой дзень за кратамі я бачыла, як ціха плачуць мамы, калі разглядаюць фота сваіх дзяцей ці ў чарговы раз перачытваюць іх лісты. Проста фізічна адчувала, як ірвуцца на шматкі іх сэрцы ад таго, што яны не могуць быць побач з дзецьмі. Назірала, як сваю любоў і клопат яны спрабуюць падарыць чужым дзецям, якія таксама апынуліся за кратамі.

— У кожнага павінна быць мама. Гэта няправільна, што мам і тат у дзяцей забіраюць, — кажа Анюта, дачка Алены.

На яе плечы легла большасць клопатаў пра непаўнагадовага брата, пра маму і яшчэ шмат пра што. Яна такая пяшчотная, тоненькая, але такая моцная. Так хочацца яе абняць, суцешыць, проста паплакаць разам.

— Мне вельмі не хапае мамінай цеплыні, не хапае менавіта тактыльнасці. Хаця б так, як на нашым спатканні — прыкласці руку да шкла. Далонь да далоні… Мне не хапае таго пачуцця бяспекі, якое ты адчуваеш, калі мама побач. Калі ў дзяцінстве мама брала мяне за руку, я вельмі моцна сціскала яе пальцы і гаварыла: «Мама, мацней! Ты можаш трымаць мяне мацней?» Як толькі яна крыху аслабляла руку, я зноў гаварыла: «Калі ласка, мацней». Гэта ўсё якраз пра нашы з ёю адносіны. І цяпер гэтай рукі няма, і мне вельмі сумна. Мне вельмі моцна не хапае мамы. І ў той жа час я шалёна ганаруся сваёй мамай, ганаруся яе апошнім словам у судзе. Я зразумела, што прага да справядлівасці ў мяне ад мамы. Яна з ранняга дзяцінства вучыла глядзець на ўсё расплюшчанымі вачыма.


Анюта з мамай

Анюта з мамай

«Дзетка, трымайся, проста трымайся. Мы ўсе суцяшаем сябе думкай, што сядзім для таго, каб вы не сядзелі. Урэшце наша пакаленне вінавата больш. Я абдымаю вас вельмі моцна і ўпэўненая, што ўсё гэта скончыцца — і я буду сведкай на іх судах. Лёгка не будзе ні табе, ні мне. Але, дзеці, мы ўсё вытрымаем, толькі памятайце пра гэта. Бо любові ўсё роўна больш у гэтым свеце», — гэта ўрывак з ліста Алены да Анюты.

Чытаю гэта — і нібыта бачу, як на шэрай коўдры сваёй ніжняй «шконкі», падцягнуўшы пад сябе ногі, сядзіць мая былая сукамерніца і са слязьмі на вачах дапісвае ўжо трэцюю старонку ліста. У Алены заўсёды доўгія-доўгія лісты, пра ўсё на свеце. Уяўляю, як яна ў чарговы раз перачытвае ліст ад дачкі, як марыць убачыць дзяцей — хай сабе і праз «клетку» ў судзе. І ўсе ў камеры прыціхлі. Бо ўсе пішуць лісты сваім дзецям — хлопчыкам і дзяўчынкам, маленькім і дарослым. Лісты ад мамы. Хаця б — лісты замест абдымкаў і пацалункаў...

«Як вы там? — гэта зноў урывак з ліста Алены. — Я, вядома, хачу ўбачыць на спатканні Фёдара. Пішу пра Фёдара і разумею, што проста не магу падабраць словы, каб сказаць, як хачу ўбачыць цябе. Адразу пачынаю плакаць. Жудасна сумую па тваёй худзенькай постаці. … Кожны вечар мару аб тым, што абдыму цябе і Фёдара і ніколі не адпушчу. Так сумую па вас».


Анюта і Фёдар

Анюта і Фёдар

«Мам, прывітанне, хоць нейкі ліст табе прыйшоў? — а гэта ўжо ўрыўкі з лістоў Анюты. —  Калі ласка, пераказвай коратка лісты, якія даходзяць (хоць бы апошняе), тады я хоць нешта буду разумець».

«… Я зрабіла бананавыя блінцы і на наступны дзень бананавы пірог. Фёдар уплятаў як ненармальны. Але ён не кажа, што смачна, кажа "ядома". Не ведаю, ці казаў пры табе так, але, калі ядома, значыць я малайчына».

«… Сёння шла і ўспомніла чамусьці пра тое, як Фёдар у машыне пачынаў плакаць, і мы пачыналі сутаргава гарлапаніць “Белыя караблікі”. І ён спыняўся плакаць. Цікава, з чым гэта канкрэтна гэта было звязана? Проста, што белыя караблікі асацыяваліся ў яго з калыханкай? І ўжо самі словы асацыяваліся са спакоем? Ці ў прынцыпе музыка падабалася?»


Алена Маліноўская. Фота з сямейнага архіву

Алена Маліноўская. Фота з сямейнага архіву

Лісты за краты і лісты з-за кратаў — адзіны спосаб быць хоць нейкім чынам разам. Мамам і дзецям. Аднак і гэтую сувязь спрабуюць разарваць, каб дадаць пакутаў, паказаць сваю ўладу над лёсамі чалавечымі, каб зламаць і прымусіць скарыцца. Але большасць закратаваных і іх родных гэта толькі загартоўвае, дадае моцы і прагі да лепшага жыцця. Веры і надзеі, што гэтая ноч абавязкова скончыцца яркім світанкам.

— Калі мама выйдзе, — кажа Анюта, — калі я яе ўбачу, вельмі моцна абдыму, прыціснуся да яе. І проста буду моўчкі побач. Хачу, каб мама верыла ў сябе, што яна многае можа. Што абавязкова ўсё перажыве. І яе жыццё абавязкова будзе такім, як яна хоча.

У сённяшні Дзень маці сотні мам за кратамі будуць ціха плакаць над лістамі сваім дзецям. А тысячы мам будуць выціраць слёзы, узгадваючы, як сціскалі ў руках маленькія пальчыкі сваіх дачушак ды сыночкаў. А яшчэ будуць ганарыцца тым, што выгадавалі іх мужнымі і годнымі.

Дарагія МАМЫ! Будзьце моцнымі і верце: вы ўсё вытрымаеце і абавязкова сціснеце ў шчаслівых абдымках сваіх дзяцей! Са святам вас!

 

Нагадаем:

Алена Віктараўна Маліноўская з Мінска была затрыманая ўначы 31 студзеня 2022 года. Папярэдне ёй ставілі ў віну ч.2 арт.339 Крымінальнага кодэкса («Хуліганства») за маляванне праз трафарэты «Пагоні», арт.370 КК («Абраза дзяржаўных сімвалаў») і арт.203-1 за «распаўсюд асабістай інфармацыі» ва ўлётках. Пазней абвінавачанне паводле арт.203-1 было знятае. Алена ўтрымлівалася ў ІЧУ на Акрэсціна, пасля была пераведзеная ў СІЗА-1.

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 20 верасня вынеслі прысуды траім палітзняволеным — стрыечнаму брату палітыка Паўла Латушкі Анатолю Латушку, Ліліі Ананян, Алене Маліноўскай. На судзе Латушка і Маліноўская віну не прызналі, Ананян — прызнала цалкам. У выніку суддзя Дзмітрый Карсюк прысудзіў Анатоля да 6 гадоў калоніі, Алену — да 4 гадоў калоніі, Лілію — да 5 гадоў «хатняй хіміі». Латушку яшчэ аштрафавалі на 300 базавых велічынь — ён павінен «кампенсаваць шкоду пацярпелым».