Хронікі рэпрэсій. Дзмітрый Семчанка не выйшаў на волю, здзекі з таксіста ў Магілёве

З дапамогай праваабаронцаў і журналістаў сабралі чарговыя звесткі пра палітычны пераслед беларусаў.

photo_2022_10_13_21_34_21.jpg

Былы кіраўнік лукашэнкаўскага пула журналістаў Дзмітрый Семчанка не выйшаў на волю пасля 28 сутак на Акрэсціна.

Журналіста разам з жонкай затрымалі 15 верасня ў Мінску. Праз дзень мужчыну арыштавалі на 15 сутак паводле арт. 19.1 КаАП («Дробнае хуліганства»). Пасля «сутак» на волю Дзмітрый так і не выйшаў, пазней яму прызначылі яшчэ 13 сутак арышту.

Пакуль судовага рашэння адносна далейшага лёсу журналіста няма. БАЖ стала вядома, што сёння, як і папярэдні раз, спачатку яго даставілі ў Фрунзенскае РУУС Мінска, а пасля вярнулі назад на Акрэсціна.

Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі «пакаяльнае відэа» з магілёўскім таксістам Дзянісам Клешчанком. Паводле іх звестак, мужчына нібыта далучыўся да чат-бота плана «Перамога».

Сваю прамову мужчына казаў, стоячы на БЧБ-сцягу. У канцы відэа яго прымусілі спяваць песню «Любэ» пра «операў» і таптаць сваю кепку з «Пагоняй».

Студэнт мінскай ВНУ стаў фігурантам крымінальнай справы за «садзейнічанне экстрэмізму».

Па даных следства, у лютым 2022 года 19-гадовы хлопец (яго імя не называецца), выкарыстоўваючы свой мабільны тэлефон, ажыццявіў відэаздымку ваеннай тэхнікі, якая рухалася паблізу горада Мар'іна Горка. Пасля гэтага падпісаўся на адзін з «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў і пераслаў зробленае відэа ў яго чат.

Дзеянні хлопца кваліфікаваны следствам па ч. 3 арт. 361-1 («Удзел у экстрэмісцкім фарміраванні») і ч. 1 арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Праваабароцам сталі вядомыя некалькі прысудаў паводле дыфамацыйных артыкулаў, вынесеныя судом Мастоўскага раёна (Гродзенская вобласць) яшчэ на пачатку 2022 года. Усе асуджаныя з'яўляюцца ўраджэнцамі ці жыхарамі Мастоў або Мастоўскага раёна. Іх імёны пакуль невядомыя, але вядома, як выглядаў іх крымінальны пераслед.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед па дыфамацыйных артыкулах: за абразу Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК).

18 студзеня 2022 года быў асуджаны бацька траіх непаўнагадовых дзяцей. Ён родам з Мастоў, але жыў у іншым горадзе. Гэта не першы ягоны прысуд паводле дыфамацыйнага артыкула.

Раней мужчыну асудзілі да трох гадоў «хіміі». Гэта было зроблена на падставе абвінавачвання адразу паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі: 188 (паклёп), 189 (абраза), 366 (пагроза гвалтам), 369 (абраза прадстаўніка ўлады).

Да моманту другога прысуду (18 студзеня 2022 года) мужчына ўжо паспеў адбыць 4 месяцы і 27 дзён арышту.

Цяпер жа, 18 студзеня, яго прызналі вінаватым у падбухторванні да гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (ч. 5. арт. 16 КК і арт. 364 КК). За гэта суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе зняволення тэрмінам на два гады. З улікам папярэдняга пакарання (шляхам частковага складання) мужчына атрымаў канчатковае пакаранне на тэрмін 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

У віну шматдзетнаму бацьку паставілі ягоны каментар у адным з тэлеграм-каналаў. Мужчына, выкарыстоўваючы нікнэйм «Псіхо3%», напісаў на адрас начальніка аддзялення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі паведамленне са словамі: «У дачыненні да рудавалосага чалавека варта здзяйсняць нейкія дзеянні моцна разагрэтай качаргой».

Абвінавачванне палічыла такое паведамленне падбухторваннем да гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Абвінавачаны з гэтым не пагадзіўся і сваёй віны ў здзяйсненні злачынства не прызнаў. На судзе ён не адмаўляў, што размясціў гэтае паведамленне, але аспрэчваў, што яно змяшчае падбухторванне да гвалту. Лінгвістычная экспертыза ж прыйшла да высновы, што ў паведамленні «няма выказванняў заахвочвальнага характару, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеянняў».

Тым не менш суд вырашыў, што паведамленне ўсё ж утрымлівае заклік да ўжывання гвалту ў дачыненні да міліцыянта, бо гэта «вынікае з кантэксту паведамлення, што з'яўляецца відавочным як для самога абвінавачанага, гэтак і для тых, хто чытае дадзенае паведамленне». І менавіта таму абвінавачаны ўсведамляў, што заклікае людзей ужыць гвалт да міліцыянта — да такой высновы прыйшоў суд.

Сам «пацярпелы» міліцыянт таксама палічыў, што паведамленне заклікае да гвалту. І што яно «абумоўлена помстай за тое, што ён працуе ў міліцыі, і накіравана на ягоныя маральнае прыгнечанне, змушэнне да звальнення» — усё гэта вынікае з «агульнага сэнсу паведамлення», адзначыў «пацярпелы» міліцыянт.

1 лютага жыхара адной з вёсак Мастоўскага раёна асудзілі да 1 года і 6 месяцаў «хатняй хіміі». Вядома, што мужчына з'яўляецца ўдаўцом.

Яго прызналі вінаватым у «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК).

Паводле абвінавачання, мужчына, «выкарыстоўваючы ў якасці прылады здзяйснення злачынства мабільны тэлефон», напісаў у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» каментар пад фота двух амапаўцаў, чым «зняважыў іх гонар і годнасць».

Абодва амапаўцы заявілі пазовы аб матэрыяльнай кампенсацыі іх маральных пакут ад каментара — па 1500 беларускіх рублёў кожны. Суд іх задаволіў. Такім чынам, акрамя абмежавання волі, удавец мусіць выплаціць 3000 беларускіх рублёў.

Сваю віну на судовым працэсе ён прызнаў, а з пазовамі пагадзіўся.

Суд у сваім рашэнні дадаў, што здзейсненае «злачынства» ў выглядзе каментара нясе грамадскую небяспеку, бо «абвінавачаны дзейнічаў схавана, усведамляючы сваю беспакаранасць». Мяркуючы па ўсім, суд меў на ўвазе тое, што мужчына пісаў каментар з акаўнта «Аднакласнікі», дзе быў паказаны нікнэйм, які не супадаў з ягоным сапраўдным імем.

22 лютага «жыхара адной з вёсак Мастоўскага раёна асудзілі за «абразу Лукашэнкі» (ч. 1. арт. 368 КК) да двух гадоў «хатняй хіміі». Да суда мужчына знаходзіўся пад хатнім арыштам.

Мужчына «абразіў» Лукашэнку не праз інтэрнэт, а непасрэдна «ў грамадскім месцы». Як высветлілася на судзе, ён здзейсніў дарожна-транспартнае здарэнне, праз што супрацоўнік Мастоўскага РАУС даставіў яго ў паліклініку, каб ён прайшоў медыцынскі агляд (на прадмет утрымання алкаголю ў крыві). Каля прыёмнага аддзялення абвінавачаны і выказаўся ў адрас Лукашэнкі.

На судзе мужчына сказаў, што дрэнна памятае, як гэта было. Ён пагадзіўся з тым, што быў нападпітку, і наогул прызнаў сваю віну.

Суд палічыў, што словы абвінавачанага значна падарвалі аўтарытэт Лукашэнкі ў вачах навакольных і стварылі ягоны «негатыўны вобраз». А праз тое, што мужчына выказаўся ў прысутнасці іншых грамадзян, «ягоныя дзеянні насілі публічны характар».

17 сакавіка зноў жа за «абразу Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК) асудзілі ўраджэнца адной з вёсак Мастоўскага раёна, які працуе інжынерам па ахове працы. Яму прызначылі 1,5 года «хіміі».

Да суда мужчына знаходзіўся пад хатнім арыштам.

Пераслед пачаўся з адміністрацыйнай справы. У яе межах супрацоўнікі Мастоўскага РАУС забралі ў мужчыны ноўтбук і тэлефон. Зазірнуўшы ў прылады, міліцыянт пабачыў старонку ў «Аднакласніках», дзе мужчына размясціў відэаролік. Назва гэтага роліка і была кваліфікавана як абраза Лукашэнкі. Як палічыў суд, яна з'яўляецца «непрыстойнай і носіць абразлівы характар».

Акрамя таго, суд палічыў, што мужчына «прадбачыў грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў» і нават «жадаў яе надыходу». Бо «назва відэафайла вылучана тлустым шрыфтам», таму падчас яго размяшчэння абвінавачаны «свядома разумеў абразлівы змест яго назвы».

Сам абвінавачаны на судзе прызнаў сваю віну: ён пацвердзіў, што сапраўды апублікаваў у сябе на старонцы гэты відэаролік.

Акрамя абмежавання волі суд пастанавіў канфіскаваць у абвінавачанага тэлефон як «сродак здзяйснення злачынства». Аднак ноўтбук яму вярнулі.

photo_2022_10_13_11_34_47.jpg

Палітвязень Уладзімір Сушко выйшаў на волю.

Жыхар Жлобіна Уладзімір Сушко выйшаў з магілёўскай калоніі, цалкам адбыўшы тэрмін.

Нагадаем, суд Жлобінскага раёна асудзіў Уладзіміра на два гады «хіміі» за каментар пра міліцыянта ў тэлеграм-канале. Мужчыну прызналі вінаватым па арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»). З трэцяга сакавіка 2021 года адбываў тэрмін у гродзенскай папраўчай установе № 24. Але потым палітвязню ўзмацнілі пакаранне і перавялі яго ў калонію.