11 гадоў — за тое, што «выказаў гатоўнасць» не пускаць эшалоны з расійскай ваеннай тэхнікай
Суд прысудзіў жыхара Асіповічаў, які «выказаў гатоўнасць» правесці «акцыю прамога дзеяння» на чыгунцы, да 11 гадоў калоніі.
Магілёўскі абласны суд прысудзіў жыхара Асіповічаў Аляксея Шышкаўца да 11 гадоў калоніі паводле артыкулаў аб тэрарызме (артыкул 289 КК) і ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або канфлікце (артыкул 361-3 КК), паведамляюць праваабаронцы. Прысуд яму быў вынесены 12 кастрычніка, вядома пра гэта стала праз дзень, адзначае «М*дыязона».
Прэс-служба МУС пісала пра тое, што ў пачатку 2022 года Шышкавец «увайшоў у склад экстрэмісцкага фармавання BYP*L, ён аўтарызаваў у мабілізацыйным чат-боце для здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў у Беларусі» і «кіраваў дэструктыўным “дваровым” чатам».
«Выказаў актыўную гатоўнасць садзейнічаць акцыям прамога дзеяння на аб'ектах чыгункі ў раёне горада Асіповічы, з мэтай правядзення дыверсій і недапушчэння прасоўвання эшалонаў з ваеннай тэхнікай», — распавядаў начальнік Магілёўскага абласнога ўпраўлення ГУБАЗіК Міхаіл Сухачоў.
У сакавіку Следчы камітэт пісаў, што супраць Шышкаўца распачата справа па артыкуле аб тэрарызме і аб удзеле ў «экстрэмісцкім фарміраванні» (частка 3 артыкула 361-1 КК).
У верасні КДБ дадаў Шышкаўца ў спіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».
Нагадаем, гэта далёка не першы жорсткі прысуд «рэйкавым партызанам». Суды выносілі “партызанам” вялікія тэрміны. Напрыклад, Сяргею Канавалаў з Віцебска прысудзілі 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму — ён нібыта планаваў вывядзенне са строю сістэмы, якія забяспечваюць бяспеку чыгуначнага руху.
Трое «партызан» з Бабруйска атрымалі ад 14 да 16 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
У суд перадалі справу «рэйкавых партызан» з Мазыра. У Гомелі ў канцы верасня таксама пачаўся суд над «рэйкавымі партызанамі» са Светлагорска, сярод іншага іх абвінавачваюць у тэрарызме і здрадзе дзяржаве.