«Народныя абраннікі» забаранілі народу выезд, статыстыку і скардзіцца
Ніжняя палата беларускага парламента сёння прыняла шэраг паправак у законы. Характэрна, што ў гэтых папраўках няма амаль нічога «дазволенага» — усе яны накіраваны на далейшае абмежаванне правоў грамадзян.
![regnum_picture_1551098297908038_normal.jpg regnum_picture_1551098297908038_normal.jpg](/img/v1/images/regnum_picture_1551098297908038_normal.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У першым чытанні прынятыя папраўкі ў законы, якія прадугледжваюць у тым ліку і часовую забарону на выезд грамадзян, у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, а таксама права КДБ забараняць выезд з краіны любому грамадзяніну.
«...устанаўліваецца часовае абмежаванне на выезд з Рэспублікі Беларусь асоб, у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ніжняй палаты парламента.
Папраўкамі таксама:
- прадастаўляецца права Камітэту дзяржаўнай бяспекі часова абмяжоўваць выезд фізічных асоб з Рэспублікі Беларусь у інтарэсах нацыянальнай бяспекі;
- удакладняюцца падставы для прадастаўлення права на адтэрміноўку ад прызыву на вайсковую службу;
- прадугледжваецца дадатковае рэгуляванне парадку выезду за мяжу супрацоўнікаў дзяржаўных органаў.
- прадугледжваецца вызначэнне парадку выдачы біяметрычнага пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
![Забарона на выезд: Back to USSR Забарона на выезд: Back to USSR](/img/v1/images/1598439812_pasport_sssr.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Таксама Палата прадстаўнікоў у першым чытанні прыняла змяненні ў закон аб дзяржаўнай статыстыцы. Праектам прадугледжана магчымасць абмяжоўваць распаўсюджванне статыстычных даных пры пагрозе прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы краіны ў выпадку іх распаўсюду.
Нагадаем, з 2020 года Белстат скарачае аб'ём апублікаваных статыстычных даных. Спачатку з адкрытага доступу зніклі даныя аб смяротнасці (падчас пандэміі COVID-19), затым быў скарочаны аб'ём даных аб знешнім гандлі (калі на краіну наклалі санкцыі), а пазней іх публікацыя і зусім спынілася.
Аналагічныя абмежаванні ўвялі і іншыя дзяржаўныя органы. Напрыклад, Міністэрства фінансаў больш не публікуе даныя аб выкананні бюджэту (калі эканамічны крызіс стаў відавочным, а дэфіцыт бюджэту пачаў «зашкальваць»).
Таксама ў адным чытанні прыняты праект закона аб дэнансацыі Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах ад 16 снежня 1966 года.
«Асноўнай прычынай выхаду з Факультатыўнага пратакола з'яўляецца адвольнае пашырэнне паўнамоцтваў названага камітэта, якое стварае дадатковыя неабгрунтаваныя абавязацельствы для дзяржавы, якія ім не прымаліся пры далучэнні да міжнароднага акту», — сказана ў паведамленні прэс-службы парламента.
![Беларускія ўлады не хочуць, каб грамадзяне скардзіліся ў ААН Беларусь не хоча, каб яе грамадзяне скардзіліся ў ААН наконт парушэнняў правоў чалавека ](/img/v1/images/123846639_2161322070667986_2565607484093712774_o_2_1024x768.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Факультатыўны пратакол устанаўлівае механізм падачы і разгляду ў Камітэце ААН па правах чалавека паведамленняў ад асобных грамадзян, якія сцвярджаюць, што яны з'яўляюцца ахвярамі парушэння якога-небудзь з правоў. Як правіла, рашэнні КПЧ ААН не выносіліся на карысць «дзяржавы Рэспубліка Беларусь».