Чалавек, які прамяняў спакойнае жыццё на цікавае. Да 50-годдзя Валянціна Стэфановіча

Ёсць людзі, з якімі немажліва прытрымлівацца «афіцыйнага стылю». Нават калі бачыш іх у пінжаку і афіцыйным строі. Яны адразу пераходзяць на «ты», кажуць табе «дружа», і ты іх ужо не ўспрымаеш, як нейкага функцыянера. Таму, калі мне кажуць, што «Валянціну Стэфановічу спаўняецца 50 гадоў», я крыху шалею. Таму што — які ён Валянцін? Ён проста Валік.

Нават не магу згадаць, калі мы з ім пазнаёміліся. Не таму, што даўно было, а таму, што ў стасунках з ім падаецца, што вы былі знаёмыя заўсёды. Валік — чалавек выбітна адукаваны, з добрым пачуццём гумару, крыху рамантычны (напэўна, як і ўсе беларусы), але можа быць, калі трэба, і сур'ёзным. І, нягледзячы на яго прыязнасць і рамантычнасць — з моцным і загартаваным характарам. Я на сто адсоткаў упэўнены, што турма яго не зламала і не зламае. Не той гэта чалавек.

Некалі я быў вельмі здзіўлены, даведаўшыся, што Стэфановіч у праваабарону прыйшоў з цікавай пасады. Нам падавалася, што праваабарона, асабліва «Вясна» — гэта такое месца інтэлігенцыі, «гуманітарыяў», якія ў нас заўсёды былі дысідэнтамі і «жадалі дзіўнага». Аднак Валянцін Стэфановіч прыйшоў у «Вясну» з пасады юрыста падшыпнікавага заводу. 

І чалавека, які прамяняў спакойнае жыццё на цікавае — па-мойму, немагчыма ў нечым змяніць.


«Заменнік Бяляцкага»

Стэфановіча, як і ўсіх «вясноўцаў», дарэчы, запіхваць у турму абсалютна бессэнсоўна. Проста таму, што яны ўжо ўсё гэта праходзілі. Думаю, што адным з такіх выклікаў быў арышт Алеся Бяляцкага ў 2011 годзе — пасля «Плошчы-2010» кіраўніка праваабарончай арганізацыі абвінавацілі ў нясплаце падаткаў. Сітуацыя азмрочвалася тым, што фінансавыя дакументы «Вясны» ўладам Беларусі перадаў літоўскі бок. У выніку Бяляцкі быў асуджаны на чатыры з паловай гады ў выпраўленчай калоніі ўзмоцненага рэжыму (выйшаў на волю па амністыі 21 чэрвеня 2014 года).

Як згадвала жонка Валянціна Стэфановіча Аліна, тады яны знаходзіліся з мужам у адпачынку, і было цалкам зразумела, што яму небяспечна вяртацца ў Беларусь. Але ён вярнуўся — і вымушана стаў «заменнікам Бяляцкага» ў арганізацыі.


Ужо з тых часоў, з таго досведу можна было зразумець, што «Вясна» — гэта не арганізацыя аднаго чалавека. Што гэта не тое што нават каманда — гэта супольнасць праваабаронцаў, людзей, аб’яднаных аднымі мэтамі і ідэямі. І калі пасадзіць частку гэтых людзей — астатнія будуць працаваць «за дваіх і за траіх». Але не разбягуцца, як не разбегліся ў 2011-м.


Мяккая цвёрдасць

Пры ўсім сваім даволі прагматычным жыцці — служба ў войску, бацькі — інжынеры-будаўнікі, праца на заводзе да праваабароны, — Валік Стэфановіч падаецца даволі рамантычным чалавекам. Тым не менш, калі трэба, ён можа і праявіць і цвёрдасць, і пераканаўчасць, а часам — і ўяўную рэзкасць, і адвагу на мяжы з дзёрзкасцю. Яго калега Сяргей Сыс пісаў, што, калі міліцыянты пасля «Плошчы-2010» уварваліся ў офіс «Вясны», Стэфановіч проста парваў пастанову на ператрус і кінуў яе ў твар гэтым міліцыянтам.

Цікава было, дарэчы, слухаць Стэфановіча на Трэцім праваабарончым форуме, які праходзіў у 2013 годзе ў Вільні. Менавіта на тым форуме праваабаронцы абмяркоўвалі рэч, вакол якой вядуцца спрэчкі і дагэтуль: крытэры вызнання людзей палітвязнямі. Спрэчкі былі гарачыя і жорсткія, але Стэфановіч упарта, з незвычайнай настойлівасцю тлумачыў, напрыклад, чаму нельга даваць статус палітвязня за гвалтоўныя дзеянні, нават калі гэтыя дзеянні здзейсненыя па палітычных матывах. А галоўнае — перасцерагаў ад прызнання палітвязнямі ва ўмовах недахопу інфармацыі.


У выніку былі выпрацаваныя тыя крытэры, якімі праваабарончая супольнасць кіруецца і цяпер: шмат каго прызнаюць палітвязнямі не з моманту арышту, а пасля суда, улічваючы, у тым ліку і непрапарцыйнасць вынесенага пакарання здзейсненаму ўчынку.


І швец, і жнец…

Вельмі павучальна будзе паглядзець на заняткі Стэфановіча тым, хто лічыць, што праваабарона — гэта такая «сінекура»: маўляў, сядзі сабе і пішы справаздачы. Вышэй я напісаў, што Стэфановіч прамяняў заможнае жыццё на цікавае — і гэта не перабольшванне. Чым яму толькі не даводзілася займацца — хаця б за апошнія 10 гадоў!

Ён выступаў на сесіі Рады правоў чалавека ААН — і адначасова займаўся праблемай лячэбна-працоўных прафілакторыяў у Беларусі, якія праваабаронцы лічаць не толькі «ізаляцыяй па-за крымінальным пераследам», але яшчэ і прымусовай працай.

Так, ён звыкла займаўся палітвязнямі «да таго, як гэта стала мэйнстрымам» — але і дамагаўся роўнасці перад законам моваў. У прыватнасці, спрабаваў праз Канстытуцыйны суд дамагчыся справаводства ў судах па-беларуску. Ён рэгулярна прадстаўляў «Вясну» ў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» — і нават запісаў «казку для дарослых» пра тое, як «дэканы-ваўкі» заганяюць «студэнтаў-трусікаў» на датэрміновае галасаванне.

Стэфановіч шмат разоў абскарджваў факты прымусовай працы — прымусовую ўборку льну на Гомельшчыне, на прыборцы ўраджаю кукурузы ў Вілейскім раёне, сенакосу ў Глускім раёне і гэтак далей, — тое, за што і цяпер выступае Лукашэнка, заклікаючы «мабілізаваць» школьнікаў на ўборку ўраджаю.


Праблемы дзедаўшчыны ў войску, праблемы альтэрнатыўнай службы, мараторый на смяротнае пакаранне, змены ў закон аб масавых мерапрыемствах, дыскрымінацыя ромаў — гэта ўсё тое, чым займаўся Валік. І, нягледзячы на «асаблівае» стаўленне ў нашай краіне да праваабаронцаў — небеспаспяхова. Дзякуючы іх настойлівым намаганням быў адменены ў свой час артыкул Крымінальнага кодэкса за «дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый», а таксама перароблены закон аб масавых мерапрыемствах.

Канешне, гэтым (і не толькі гэтым) займаўся не ён адзін. Канешне, калі ў краіне «не да законаў», гэтыя высілкі цяпер падаюцца марнымі. Але, каб не праца праваабаронцаў па тым жа законе аб масавых мерапрыемствах — ці пабачылі б мы шматтысячныя мітынгі Ціханоўскай у 2020-м?

Не дзіва, што ў 2019 годзе Валік быў абраны віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека.

Так што цяпер у беларускай турме знаходзіцца не проста праваабаронца — цэлы віцэ-прэзідэнт уплывовай міжнароднай арганізацыі.


І крыху філосаф

Рамантычная натура ўсё ж прабіваецца ў ім, як крыніца з-пад глебы.

«Пры ўсіх метамарфозах, якія адбыліся са мной за гэтыя гады, я ўдзячны лёсу. Удзячны за тое, што звёў мяне з цікавымі і цудоўнымі людзьмі, за тое, што, не зважаючы на навакольных, я казаў і кажу тое, што думаю, раблю тое, што падабаецца. Пасля 15 гадоў такога аўтаномнага існавання мяне цяжка прыручыць.

Я больш нікому не дазволю вадзіць сябе строем — ні лукашыстам, ні камуністам, ні хрысціянскім кансерватарам. Нікому!

За ўсе гэтыя гады я зразумеў, што самае галоўнае ў жыцці — свабода. Яе пах, як водар жанчын, якіх ты калісьці кахаў, застаецца ў памяці на ўсё жыццё. Гэта тое пачуццё, што выводзіць цябе на вуліцу, і там, сярод тысяч людзей, ты адчуваеш сябе свабодным і годным. Як я сумую па гэтых адчуваннях! Я амаль забыўся, як яны кружаць галаву.

Быць незалежным ад Сістэмы і быць гаспадаром свайго жыцця — вось у чым сапраўднае шчасце.

Мы даўно сталі рыбамі, у нас выраслі жабры. Нас цяжка прыдушыць і знішчыць. Нам няма куды хавацца, шкадаваць няма аб чым. Мы выраслі на гэтай вайне, мы вядзем бой, у якім няма канца і не бывае перамогі. Мы старыя жаўнеры "забытага палка" Дон Кіхота.

Не думай пра заўтра — жыві сёння. Гэта тваё жыццё, твой лёс. Ты сам яго абраў».

Гэтыя радкі — з кнігі эсэ, выдадзенай да 20-годдзя «Вясны». Менавіта так ацэньваў і асэнсоўваў сваё жыццё Валік Стэфановіч. Чалавека, які разумее, што сам абраў свой лёс, немагчыма «перавыхаваць».


З днём нараджэння, Валік! Рэдакцыя НЧ віншуе юбіляра і жадае яму хутчэйшай свабоды.

Падтрымаць Валянціна лістамі салідарнасці, грашовымі пераводамі і пасылкамі можна па адрасе:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Валянцін Канстанцінавіч Стэфановіч


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: