Ці паспрыяе Нобелеўская прэмія вызваленню Алеся Бяляцкага і іншых вязняў?

Сапраўдная колькасць асуджаных за ўдзел у масавых мірных акцыях за выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі наблізілася да 10 тысяч. Галоўная міжнародная ўзнагарода дае шанец на вызваленне Алеся Бяляцкага і «вясноўцаў», але наўрад ці прывядзе да шырокай палітычнай амністыі.

_cihi_supraciu__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__9__logo_1.jpg

Алесь Бяляцкі, заснавальнік праваабарончай арганізацыі «Вясна», стаў адным з лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру 2022 года. У 2011-м ён быў асуджаны па абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, якое міжнародныя праваабарончыя арганізацыі палічылі беспадстаўным і палітычна матываваным, Бяляцкага вызвалілі ў 2014 годзе. Улетку 2021 года праваабаронцу зноў арыштавалі ў сувязі з масавымі акцыямі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Як прэмія адаб'ецца на далейшым лёсе Алеся Бяляцкага? Ці падштурхне гэтае рашэнне Нобелеўскага камітэта беларускія ўлады да вызвалення палітвязняў?

Пра гэта СНплюс пагаварыла з праваабаронцам Гары Паганяйлам.

Думаю, гэтая сітуацыя дае шанец

— Бяляцкі некалькі разоў вылучаўся намінантам на Нобелеўскую прэмію. Гэта ўжо велізарная заслуга. Шчыра і з велізарным задавальненнем віншую Алеся, гераічных «вясноўцаў» і ўсю беларускую праваабарончую супольнасць з натхняльнай, у вышэйшай ступені ўнікальнай узнагародай.

З улікам іх вялізнага ўнёску ў дэмакратычную перабудову Беларусі, працяглай барацьбы за годнасць асобы і правы чалавека пры існым таталітарным рэжыме – узнагарода заслужаная.

Не прымазваючыся, напэўна, маю права сказаць: яна — ацэнка і заслуга ўсёй беларускай праваабарончай супольнасці, у тым ліку і Беларускага Хельсінкскага камітэта.

— Праваабаронцы заклікалі вызваліць Алеся Бяляцкага. Ці адаб'ецца Нобелеўская прэмія на яго далейшым лёсе?

— Памятаеце праваабаронцу Аун Сан Су Чжы з М'янмы, якая 20 гадоў правяла ў турмах? Неўзабаве пасля таго, як яна стала Нобелеўскім лаўрэатам, улады вымушаныя былі выпусціць яе: многія замежныя дзяржавы, многія сусветныя аўтарытэты хадайнічалі пра гэта, выступілі ў яе падтрымку.


Пасля яна ўзначаліла ўрад, але цяпер зноў апынулася ў месцах зняволення.

Так, існуе шанец вызвалення і Алеся Бяляцкага, і іншых вясноўцаў. Калі сусветныя лідары, урады, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі — усе, каму не чужыя лёс беларускіх палітвязняў, прынцыпова і настойліва запатрабуюць гэтага.

Некаторыя могуць апынуцца на свабодзе, выкарыстоўваючы амністыю. У выніку некаторыя палітвязні могуць выйсці з турмаў. Далёка не ўсе, але тыя з удзельнікаў акцый пратэсту, якія асуджаныя ўпершыню, якія адбываюць тэрмін на так званай «хіміі» або атрымалі невялікія тэрміны — да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Бо і па справе Алеся Бяляцкага суда яшчэ не было. Сумняваюся, што ў якогасьці суддзі падымуцца рукі прысудзіць нобелеўскага лаўрэата да працяглага тэрміну зняволення. А паколькі Бяляцкі вядучы, а вясноўцы — кіраваныя, то ў гэтым выпадку ўсе яны атрымліваюць шанец неўзабаве выйсці на волю.

Зрэшты, і нам гэта добра вядома, усё залежыць ад таго, якія каманды будуць аддадзеныя судам. 


Не толькі народ павінен…

— Чаму амністыя, прымеркаваная да 17 верасня, так зацягнулася?

— «И хочется, и колется, и мама не велит». Захад цвёрда стаіць на тым, што гандаль палітвязнямі непрымальны. Мы лічым, што ўсе, хто сядзіць за акцыі пратэсту ў 2020 годзе, з'яўляюцца палітычнымі зняволенымі, усе яны першапачаткова асуджаныя незаконна. Такім чынам, павінны быць вызваленыя, рэабілітаваныя і адноўленыя ў правах.

Але беларускія ўлады не хочуць прызнаваць, што ўдзельнікі акцый пратэсту асуджаныя незаконна. Менавіта таму палітвязням настойліва прапануюць пісаць прашэнні аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі з прызнаннем сваёй віны. Вось такія два патрабаванні. Фактычна, прашэнне аўтаматам азначае не толькі прызнанне віны, але і прызнанне легітымнасці прэзідэнта. І ў гэтым для многіх сядзельцаў «затык». Яны свядома не хочуць падпісваць такога роду дакументы насуперак сваім перакананням і пачуццю ўласнай годнасці.


Калі хтосьці паддасца на спакусу і напіша прашэнне аб памілаванні, ніякіх прэтэнзій да іх няма і быць не можа. Яны маюць права распараджацца сваім лёсам, перспектывай хутчэйшага вызвалення. Але ёсць і іншая катэгорыя зняволеных, магчыма, малалікая: гэтыя людзі маюць намер да апошняга адстойваць сваю правату – гэта іх мужны і годны выбар.

Асабіста я, як праваабаронца, які ведае, што сёння дзеецца за кратамі, лічу, што марнаваць гады ў турме, нават дзеля жорсткага супрацьстаяння, дзеля прынцыповай пазіцыі, наўрад ці разумна. Вы патрэбныя сваім сем'ям, сваёй справе, якой на свабодзе будзеце больш карысныя, чым у зняволенні. Падкрэслю — у месцах зняволення з катавальнымі ўмовамі, у якія пасля 2020 года ператварыліся нашы турэмныя ўстановы.

Я нармальна ўспрымаю, калі людзі гатовыя звяртацца па памілаванне. Але не магу пярэчыць і супраць іх выбару, калі яны адмаўляюцца. Гэта справа кожнага. Не выключаю, што мая пазіцыя не бездакорная. Аднак яна заснаваная на гуманным стаўленні да кожнага і Божай волі выбару за свае ўчынкі.

Шырокай амністыі для тых, хто асуджаны за ўдзел у акцыях пратэсту, думаю, чакаць не даводзіцца. Бо рэпрэсіі не спыненыя, яны працягваюцца, і кожны дзень затрымліваюцца ўсё новыя і новыя людзі. Хоць, па логіцы, рэпрэсіўную машыну можна і трэба было б запаволіць, выкарыстоўваючы, у тым ліку, прававыя механізмы за даўнасцю тэрмінаў прыцягнення да крымінальнай адказнасці ці ж за малазначнасцю, альбо выкарыстоўваць умоўна-датэрміновае вызваленне.

З аднаго боку, жорсткія рэпрэсіі не спыняюцца, з другога боку – улады рыхтуюць гуманны акт аб амністыі.

Загаварылі аб ёй да 17 верасня, затым захісталіся. Мабыць, вядуцца жорсткія дыскусіі адносна таго, каго можна вызваліць…

Год прымірэння... каго з кім? Не толькі народ павінен шукаць прымірэння... Улада абавязаная прыслухацца да меркавання іншадумцаў.

Дарэчы, пра сам законапраект аб амністыі… Афіцыйныя асобы заяўляюць, што закон закране каля 8 тысяч асуджаных. Між тым, на сённяшні дзень ужо больш за 3 тысячы асуджаных афіцыйна прызнаныя палітвязнямі, а ў рэальнасці колькасць асуджаных за ўдзел у масавых мірных акцыях за выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі, не выключаю, ужо наблізілася да 10 тысяч.


Паводле СНплюс. Пераклад НЧ