Павел Сапелка: 99% палітвязняў не выйдуць па амністыі

Апублікаваны законапраект аб амністыі ў Беларусі. Калі закон прымуць у такім выглядзе, хто зможа выйсці на волю, а хто не? Палітвязняў не выпусцяць?

img_2815_logo_1_1.jpg

Калі закон аб амністыі ў Беларусі прымуць у такім выглядзе, як ён апублікаваны цяпер, амаль ніхто з палітвязняў не выйдзе на волю, адзначаюць эксперты «DW» .

Таксама не варта чакаць масавага вызвалення асуджаных за распаўсюджанне наркотыкаў і карупцыю. Для іх застаецца толькі адзін варыянт — памілаванне, рашэнне па якім прымае асабіста Лукашэнка.

Чаму амністыя не будзе распаўсюджвацца на палітвязняў?

Юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка ў інтэрв'ю «Нямецкай хвалі» звяртае ўвагу, што законапраект аб амністыі складзены дыскрымінацыйна ў дачыненні да асуджаных, нязгодных з палітыкай рэжыму Лукашэнкі. «Практычна ўсе артыкулы, па якіх асуджаны палітвязні, аднесены да спісу, на які амністыя не распаўсюджваецца, — кажа эксперт. — Мы памятаем, як Лукашэнка анансаваў закон да 17 верасня, нібыта нас чакае прымірэнне грамадства. Нічога падобнага. Адразу магу назваць толькі адно выключэнне: могуць выйсці людзі, асуджаныя за паклёп, па артыкуле 188 КК судзілі некаторых грамадзян за выказванні пра чыноўнікаў».

Пад амністыю, згодна з законапраектам, не падпадаюць асуджаныя за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях пратэсту (арт. 342, 342-2 КК). Гэты артыкул у Беларусі ўжо называюць «народным» — па ім асуджана больш за ўсё палітвязняў. Акрамя таго, амніставаць не будуць асуджаных за распальванне варожасці, масавыя беспарадкі, здраду дзяржаве, заклікі да санкцый, абразу чыноўніка, суддзі або Лукашэнкі, удзел у экстрэмісцкім фарміраванні (поўны спіс артыкулаў, на якія не будзе распаўсюджвацца амністыя, можна паглядзець у праекце дакумента, у арт. 10).

«Таксама амністыя не будзе распаўсюджвацца на «злосных парушальнікаў рэжыму», а такі статус, на жаль, сёння ў большасці палітвязняў, якія паспелі пабываць у ШІЗА. І на асуджаных, пераведзеных з калоніі ў турму, — працягвае Сапелка. — Штучна навесіць парушэнні на асуджанага для адміністрацыі калоніі не праблема. Вось і атрымліваецца, што 99% палітвязняў не выйдуць па амністыі, калі закон прымуць у тым выглядзе, які мы пакуль бачым».

Скарачэнне тэрміну або замена пазбаўлення волі на больш мяккае пакаранне ў дачыненні да асуджаных па артыкулах, якія прапісалі ў выключэнні, і «злосных парушальнікаў рэжыму» не будзе прымяняцца.

«Акрамя таго, амністыя не будзе распаўсюджвацца на тых, хто не пагасіў шкоду, — дадае Сапелка. — Як мы ведаем, многім палітвязням выставілі непад'ёмныя пазовы, напрыклад, «Мінсктранс» — за абмежаванне руху аўтобусаў падчас пратэстаў».

Таксама ў законапраекце ўказана, што амністыя не распаўсюджваецца на грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай або тэрарыстычнай дзейнасці — сілавікі ўключаюць нязгодных з рэжымам у спецыяльны спіс.

Што застаецца палітвязням?

Раней генпракурор Андрэй Швед заяўляў, што «выйсці на волю змогуць і тыя, хто здзейсніў злачынствы, звязаныя з «экстрэмізмам», але толькі ў выпадку раскаяння і звароту да Лукашэнкі з прашэннем аб памілаванні».

Расійскі адвакат Антон Гашынскі, які шмат гадоў практыкаваў у Беларусі, тлумачыць працэдуру: «Асуджаны піша заяву, якую спачатку разглядае адміністрацыя калоніі. Глядзяць, ці прызнае чалавек віну, ці раскайваецца ў зробленым, ці пагашана шкода, і даюць яму характарыстыку. Калі ўсё ў парадку, далей дакументы накіроўваюцца ў камісію па памілаванні, якая працуе пры адміністрацыі прэзідэнта. Засядае яна раз на тры месяцы. Па кожнай заяве выносіцца абгрунтаванае рашэнне, але апошняе слова — за Аляксандрам Лукашэнкам. Колькі будзе доўжыцца працэдура, ніхто не ведае, можа, некалькі месяцаў, а можа і год. Асуджаны ўвесь гэты час проста чакае рашэння, паўплываць на яго ці абскардзіць, па законе, нельга».

Закон аб амністыі ўступіць у сілу з дня яго апублікавання, далей даецца шэсць месяцаў на вызваленне асуджаных. Калі дэпутаты будуць галасаваць па законапраекце, пакуль не паведамляецца. Вядома толькі, што гэта здарыцца падчас цяперашняй сесіі, якая працягнецца да 9 снежня.

Пераклад «НЧ»