Экс-лідарку М'янмы зноў судзілі. Цяпер яна можа правесці за кратамі 26 гадоў

Лаўрэатку Нобелеўскай прэміі міру Аун Сан Су Чжы ваенная хунта асудзіла яшчэ на тры гады турмы. Цяпер яна павінна адседзець 26 гадоў. Судовы працэс быў закрытым.

Аун Сан Су Чжы. Фота Getty Images

Аун Сан Су Чжы. Фота Getty Images

Былая лідарка М'янмы і лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру Аун Сан Су Чжы асуджана да трох гадоў пазбаўлення волі — гэтым разам па абвінавачванні ў карупцыі. Раней падкантрольныя вайскоўцам суды краіны прызналі яе вінаватай яшчэ ў некалькіх злачынствах, і з улікам апошняга прысуду яе агульны турэмны тэрмін цяпер складае 26 гадоў, паведамляе ВВС.

Аун Сан Су Чжы, якой цяпер 77 гадоў, была затрымана ў першы ж дзень ваеннага перавароту ў М'янме — у лютым 2021 года. Цяпер яе трымаюць у адзіночнай камеры.

Вайсковыя ўлады краіны абвінавацілі яе ў 18 злачынствах, у ліку якіх хабарніцтва, парушэнне правілаў правядзення выбараў, незаконнае валоданне рацыямі і парушэнне абмежаванняў падчас пандэміі. Агулам яны могуць абярнуцца максімальным турэмным тэрмінам амаль у 190 гадоў.

Апошні па часе прысуд звязаны з абвінавачваннямі Аун Сан Су Чжы ў атрыманні хабараў ад бізнесоўца. Пра гэта паведаміла агенцтву «Рэйтар» неназваная крыніца. У выніку Аун Сан Су Чжы атрымала два трохгадовыя турэмныя тэрміны, якія будуць адбывацца паралельна.


Аун Сан Су Чжы лічыць вылучаныя супраць яе абвінавачванні абсурднымі і адмаўляе любыя правапарушэнні. Судовыя працэсы супраць яе праходзяць у закрытым рэжыме. Прыхільнікі былога лідара краіны настойваюць, што хунта засадзіла яе за краты, каб перашкодзіць ёй калі-небудзь зноў займацца палітыкай ці аспрэчваць уладу вайскоўцаў.

Вайсковы рэжым у М'янме сцвярджае, што суды ў краіне незалежныя і ўсе прававыя працэдуры цалкам выконваюцца.


Ваенны пераварот і падтрымка Расіі і Беларусі

Нагадаем, ваенны пераварот у М'янме адбыўся праз некалькі месяцаў пасля таго, як пераканаўчую перамогу на выбарах атрымала партыя Аун Сан Су Чжы «Нацыянальная ліга за дэмакратыю» (NLD).

Вайскоўцы сцвярджалі, што вынікі выбараў былі падтасаваныя, аднак незалежныя назіральнікі пацвердзілі, што выбары ў цэлым былі сумленнымі і свабоднымі. Пасля перавароту людзі выйшлі на вуліцы, і арміі давялося жорстка разганяць выступленні прыхільнікаў дэмакратыі, актывістаў і журналістаў.

Агулам было арыштавана больш за 14 тысяч чалавек, у тым ліку сама Аун Сан Су Чжы і многія сябры яе партыі, а каля дзвюх тысяч чалавек, паводле звестак праваабаронцаў, загінулі.

Расія стала адной з нямногіх краін свету, якая падтрымала ваенную хунту. Увесну 2021 года, у дзень, калі ў М'янме падчас пратэстаў былі забіты амаль 100 чалавек, расійская дэлегацыя на чале з намеснікам міністра абароны ўдзельнічала ва ўрачыстасцях і ў парадзе разам з мясцовымі вайскоўцамі.

А Беларусь была наогул адзінай краінай, што прагаласавала супраць рэзалюцыі ААН па сітуацыі ў М'янме праз некалькі месяцаў пасля перавароту.  Шэраг краін, у тым ліку Расія і Кітай, устрымаліся ад галасавання. Але Беларусь вырашыла адкрыта выступіць супраць ААН. Цікава, што аснова беларускага гандлю з М'янмай — зброя.


Адзіны саюзнік і партнёр. Чаму Расія адправіла генерала на парад у М'янму?

М'янма, вядомая таксама як Бірма, шмат гадоў кіравалася вайскоўцамі, пакуль у 2011 годзе не пачаліся дэмакратычныя рэформы. З 1989-га па 2010 год Аун Сан Су Чжы правяла пад хатнім арыштам агулам 15 гадоў. Яна адмаўлялася пакінуць краіну, хоць ваенная хунта прапаноўвала ёй эміграваць без права вяртання. У 1991 годзе ёй была прысуджана Нобелеўская прэмія міру за «выбітны прыклад сілы бяссільнага».

У 2015 годзе, калі ў М'янме былі праведзены першыя за 25 гадоў свабодныя канкурэнтныя выбары, Аун Сан Су Чжы атрымала на іх трыумфальную перамогу і не заняла прэзідэнцкую пасаду толькі таму, што яе дзеці маюць замежнае грамадзянства.



Палітычныя зняволеныя

Паводле Асацыяцыі дапамогі палітвязням Бірмы, лідарка краіны — адна з 12 623 чалавек, якія ўтрымліваюцца пад вартай ваеннымі па палітычных матывах. Сярод затрыманых — не менш за 40 журналістаў.