Як праходзіць суд над журналістам-палітвязнем Сяргеем Сацуком?
Справу журналіста-расследавальніка пачалі разглядаць у Мінскім гарадскім судзе 23 верасня. Пасяджэнні праходзяць амаль штодзень.
Аляксандр Сацук, брат журналіста, распавёў «Народнай Волі», што адбываецца на судзе.
«Я знаходжуся за межамі Беларусі, але ведаю, што судовыя пасяджэнні праходзяць у адкрытым фармаце практычна кожны дзень, — кажа Аляксандр Сацук. — На працэс ходзяць і жонка Сяргея, і яго дачка.
Пакуль што ў судзе вывучаюцца матэрыялы следства і заслухоўваюцца сведкі. Папярэдне судовыя пасяджэнні былі распісаны да 13 кастрычніка, а наступнымі этапамі стануць спрэчкі бакоў, апошняе слова Сяргея і агучванне прысуду».
Нагадаем: Сяргей Сацук знаходзіцца за кратамі з 8 снежня 2021 года. У той жа дзень дома ў яго адбыўся ператрус. А доступ да сайта ej.by, дзе Сацук публікаваў свае журналісцкія расследаванні, быў заблакіраваны.
Сяргея абвінавачваюць па некалькіх крымінальных артыкулах: ч. 2 арт. 130 КК («Распальванне варожасці з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў») і ч. 2 арт. 426 КК («Перавышэнне службовых паўнамоцтваў з карысных ці іншых памкненняў»).
Перад тым, як затрымаць па гэтай справе, на Сацука пачыналі крымінальную справу па абвінавачванні ў атрыманні хабару. 25 сакавіка 2020 года Сяргей Сацук ужо затрымліваўся па гэтай жа справе. Тады ж адбыліся і першыя ператрусы ў офісе «Ежедневник» і дома ў Сяргея Сацука. 4 красавіка 2020 года генеральны пракурор Беларусі адмяніў рашэнне аб узяцці пад варту Сяргея Сацука, і яго вызвалілі.