Барыс Гарэцкі: «У Беларусі заказаць чалавека прасцей, чым набыць квіток і ляцець на астравы»
Намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі на сваёй старонцы ў фэйсбуку разважае пра затрыманне журналіста Сяргея Сацука і пра «дзікае паляванне» на журналістаў: «Думаю, сёння ў кожнага ў сябрах ёсць родныя палітвязняў... Калегам будзе вельмі прыемна, калі мы падтрымаем іх родных. Напішам
цёплыя словы. Набудзем банальна мандарынаў ці цукерак. Ці проста прануем дапамогу.
А можа і яшчэ нешта патрэбна».
Гэта будзе горшы Новы год за мае 34 гады
У 2000-м годзе Павел Шарамет зняў фільм «Дзікае паляванне». Тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі — гэта акурат і ёсць дзікае паляванне.
Сёння ў Беларусі пасадзілі яшчэ двух маіх асабістых сяброў. Адзін з іх — круты журналіст-расследвальнік і рэдактар Сяргей Сацук. У Сяргея выдатная жонка. Дачка і ўнук. Равеснік майго Вітаўта.
Калі памятаеце, першы раз Сяргея пасадзілі летась у сакавіку. Але тады яшчэ былі іншыя часы, і дзякуючы неверагоднаму розгаласу ў свеце Сяргея ўдалося вызваліць з Валадаркі праз 10 дзён. За тыя 10 дзён мы вельмі пасябравалі з роднымі Сярнея. А потым і з самі Сяргеем. Столькі добрага, цёплага, а часам і трагічнага было за гэты год.
А сёння я мусіў ізноў шукаць родных Сацука па тым жа пытанні: уся тэхніка ізноў забраная, Сяргей ізноў у турме. І цяпер надзеі на вызваленне мізер. Уяўляю, у якім шоку і слязах сёння сям'я.
Але мушу сказаць некалькі словаў пра Сяргея. Пра гэтага смелага журналіста і мужчыну. Аб тым, што і раней Сацука палохалі, вы чыталі летась у інтэрв'ю «Нашай Нівы»:
«Табе людзі прасілі перадаць, што яны цярпелі-цярпелі, але цярпенне скончылася. Не спынішся, то цябе пасадзяць ці прыбяруць. У Беларусі заказаць чалавека прасцей, чым набыць квіток і ляцець на астравы».
Справа за нібыта «хабар» праляжала ў СК без рухаў амаль год. Летам мінулага года года Сяргею хацелі ўпаяць яшчэ і «махлярства» — маўляў, не правільна краўдфандзіў грошы на сайце. Але выбары ўсё адкінулі на другі план.
І тут літаральна месяц таму Сяргей папрасіў параіць яму адваката. Адчуваў. Відавочна, рыхтаваў нейкі матэрыял. Але прыняў рашэнне заставацца. Сёння гэты адвакат спатрэбіўся.
Праклінаю сябе. І думаю, як яшчэ мы можам падтрымаць калег за кратамі ў гэты перадкалядны час акрамя лістоў (якія назаўсёды даходзяць) і ўзгадак пра іх.
І вось што. Думаю, калегам будзе вельмі прыемна, калі мы падтрымаем іх родных. Напішам цёплыя словы. Набудзем банальна мандарынаў ці цукерак. Ці проста прануем дапамогу. А можа і яшчэ нешта патрэбна.
Думаю, сёння ў кожнага ў сябрах ёсць родныя палітвязняў. Маці Паўла Севярынца ці Дзяніса Івашына. Жонка Валянціна Стэфановіча, Анджэй Пачобута, Андрэя Скурко, Ягора Марціновіча...
Ці родныя больш чым тысячы іншых палітвязняў у Беларусі. Давайце будзем разам з імі ў гэты час.