Скажы мне, хто твой сябра… МЗС прыняў копіі даверчых грамат у прадстаўніка ваеннай хунты М'янмы
Першы намеснік міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Сяргей Алейнік 9 жніўня прыняў копіі даверчых грамат у пасла Рэспублікі Саюз М'янма ў Рэспубліцы Беларусь (з рэзідэнцыяй у Маскве) Лвін У.
Бакі абмеркавалі стан і перспектывы развіцця беларуска-м'янманскіх адносін, а таксама ўзаемадзеянне ў міжнародных арганізацыях, перадае прэс-служба МЗС Беларусі.
У лютым 2021 года ў М'янме адбыўся захоп улады вайскоўцамі пад камандаваннем галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі старэйшага генерала Мін Аўн Хлайна.
18 чэрвеня Генеральная асамблея ААН прыняла рэзалюцыю па сітуацыі ў М'янме. Рэзалюцыя заклікала ўзброеныя сілы М'янмы адмяніць надзвычайнае становішча, вызваліць затрыманых палітыкаў, у тым ліку былога дзяржсаветніка Аўн Сан Су Чжы, спыніць гвалт супраць мірных дэманстрантаў, а таксама заклікала краіны-члены ААН не пастаўляць зброю ў М'янму. З 156 краін 119 прагаласавалі за, 36 устрымаліся, у тым ліку Кітай і Расія.
Адзінай краінай, якая прагаласавала супраць, была Беларусь.