Карбалевіч аб галасаванні РБ у ААН па М'янме: Такога самавыкрывальнага кроку цяжка было прыдумаць

Вядомы беларускі палітолаг выказаўся з нагоды галасавання ў ААН наконт рэзалюцыі з асуджэннем дзеянняў хунты ў М'янме. Нагадаем, Беларусь аказался адзінай краінай, якая выступіла супраць рэзалюцыі. 

Фота reuters

Фота reuters

— Беларусь — адзіная краіна ў свеце, якая ў ААН прагаласавала супраць рэзалюцыі па М'янме, — піша Валерый Карбалевіч у сваім тэлеграм-канале. — Тая рэзалюцыя асуджала дзяржаўны пераварот, учынены вайскоўцамі і заклікала да вяртання ўлады законнаму ўраду.

Гэты кейс цікавы не толькі абсалютнай і дэманстратыўнай адзінотай, у якой апынулася беларуская дыпламатыя. Не менш дзівіць тое пазіцыянаванне, з якім яна выступае.

Галоўны ідэалагічны канструкт, які ужо год прапануюць беларускія ўлады, палягае ў тым, што у 2020 годзе яе апаненты спрабавалі здзейсніць дзяржаўны пераварот супраць законнай улады. О’кей.

Калі кіравацца гэтай логікай, то афіцыйны Мінск павінен быў бы і ў выпадку М’янмы выступіць у падтрымку законнай улады супраць гвалтоўнага дзяржаўнага перавароту. Аднак не. Усё з дакладнасцю да наадварот.

У беларускіх уладаў іншая логіка. Рэзалюцыя патрабуе аднаўлення дэмакратыі ў гэтай краіне. А вось гэта — вялізная крамола. Беларусь падтрымала вайсковую дыктатуру! Скажы, за каго ты, і я скажу, хто ты. Такога самавыкрывальнага кроку цяжка было штучна прыдумаць.