«Мы не будзем гуляць, пакуль кіруе хунта»: галодныя гульні футбольнай зборнай М'янмы
Пакуль у беларускім футболе з супрацівам збольшага глуха, можна зазірнуць у Азію. У М'янме таксама палітычны крызіс, таксама пратэсты, таксама палітвязні і таксама «спорт па-за палітыкай». Але тамтэйшая нацыянальная зборная прыняла зусім іншыя рашэнні.
![_117134023_gettyimages_1231318570.jpg _117134023_gettyimages_1231318570.jpg](/img/v1/images/_117134023_gettyimages_1231318570.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Рэвалюцыя
Кароткі змест падзей у М'янме для тых, хто прапусціў. 1 лютага 2021 года ўзброеныя сілы пад кіраўніцтвам галоўнакамандуючага генерала Мін Аун Хлаіна захапілі ўладу і арыштавалі выбраных народам прэзідэнта Він М’іна і прэм'ер-міністарку Аун Сан Су Чжы. Таксама пад варту трапілі каля 400 членаў парламента.
Мін Аун Хлаін абвясціў, што папярэднія выбары 8 лістапада 2020-га, у выніку якіх каля 60 адсоткаў месцаў у абедзвюх палатах атрымала «Нацыянальная ліга за дэмакратыю» (партыя Аун Сан Су Чжы), «прайшлі са шматлікімі парушэннямі». Праваенны «Саюз салідарнасці і развіцця» сабраў толькі 33 месцы — каля 4 адсоткаў.
У краіне ўвялі ваеннае становішча, Він М’іна і Аун Сан Су Чжы абвінавацілі ў парушэнні кавіднага каранціну, прычым Аун Сан Су Чжы таксама інкрымінавалі незаконны ўвоз у краіну шасці рацый для яе службы бяспекі.Ваенныя абвінавацілі дзеючую ўладу ў фальсіфікацыях і пачалі рыхтаваць краіну да новых, «справядлівых», выбараў. Абураныя грамадзяне масава выйшлі на вуліцы. Супраць іх выступілі ўзброеныя салдаты, якім дазволілі страляць баявымі.
![Толькі Беларусь прагаласавала супраць рэзалюцыі ААН, якая асуджае хунту Толькі Беларусь прагаласавала супраць рэзалюцыі ААН, якая асуджае хунту](/img/v1/images/rtxanxtv.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Паводле даных Асацыяцыі дапамогі палітвязням, на 1 чэрвеня 2021-га пераварот абышоўся ў 841 жыццё. Тая ж арганізацыя ацэньвае колькасць «палітычных» у турмах у 3141 чалавека. «Некаторыя з іх былі арыштаваныя 1 лютага, але ёсць і тыя, што трапілі за краты потым», — распавёў для «Reuters» прадстаўнік пенітэнцыярнага дэпартамента М'янмы Кьяў Тун Оо. І, відавочна, у бліжэйшы час іх колькасць можа толькі павялічыцца.
Былая Бірма мае застарэлы досвед ваенных дыктатур. Краіна атрымала незалежнасць у 1948-м. За гэтым прайшлі дзесяць турбулентных гадоў, пасля якіх ваенныя ўпершыню афіцыйна захапілі ўладу. Спачатку ненадоўга (1958-60). Потым правялі выбары, аднак дэмакратыя пратрымалася менш за два гады: у 1962-м генерал У Нэ Він здзейніў пераварот і кіраваў 26 гадоў. 12 з іх у краіне было ваеннае становішча.
![М'янма: ад дыктатуры да дыктатуры М'янма: ад дыктатуры да дыктатуры](/img/v1/images/perevorot_v_mjanme__2021_.png?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
У 1988-м народ падняўся на дэманстрацыі супраць ваенных пад кіраўніцтвам той самай Аун Сан Су Чжы — дачкі заснавальніка Бірмы ў сучасным выглядзе Ан Сана і лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі міру-1991. Генералы нарэшце дазволілі правесці выбары, лічачы, што людзі поўнасцю падтрымліваюць палітыку адзінай на той момант партыі. Але здарылася непрадугледжанае: Аун Сан Су Чжы атрымала разгромную перамогу. Ваенныя пачухалі патыліцу — і не пагадзіліся аддаваць уладу. Генералы засталіся кіраваць, а лідарка апазіцыі адправілася пад хатні арышт.
Хунта заставалася ва ўладзе яшчэ 22 гады — да 2011-га. За гэты час назва краіны змянілася на М'янму, але ўнутраныя змены былі мінімальнымі. Толькі ў ХХІ стагоддзі 53-мільённая дзяржава зноў павярнулася да хаця б адноснай дэмакратыі. Аднак і яна прастаяла нядоўга.
Дэманстрацыя
Пратэсны настрой ахапіў усе слаі насельніцтва. Не сталі выключэннем і спартсмены, асабліва футбалісты і іх фанаты. Тым больш, што ўжо на другі месяц пратэстаў здарылася першая смерць спартсмена. Як распавяла англійская «The Guardian», капітан моладзевай каманды клуба «Хантхарвадзі Юнайтэд» (адна з вядучых дружын М'янмы) Чыт Бо Бо Ньеін быў застрэлены на вуліцы падчас пратэстаў. Гэта здарылася 27 сакавіка — у дзень, калі ў вулічных сутыкненнях сышлі з жыцця каля 150 грамадзянскіх.
![У Дзень УС у М'янме застрэленыя дзясяткі пратэстоўцаў У Дзень УС у М'янме застрэленыя дзясяткі пратэстоўцаў](/img/v1/images/2021_02_17t111818z_1989313833_rc2bul9rpz8p_rtrmadp_3_myanmar_politics.jpg.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
21-гадовы хлопец, кумірам якога быў француз Поль Пагба, адправіўся на дэманстрацыю ў Інсэйн — адзін з раёнаў Янгона. У пэўны момант паліцыя адкрыла агонь. Ньеін быў паранены і памёр праз некалькі хвілін пасля таго, як яго прывезлі ў шпіталь.
У адрозненне ад Беларусі, не сталі маўчаць топавыя профі — гульцы нацыянальнай зборнай. Адразу некалькі самых дасведчаных футбалістаў адмовіліся выходзіць на поле ў камізэльцы нацыянальнай каманды, пакуль страной кіруе хунта.
Гулец алімпійскай зборнай Хэйн Хтэт Аун, які выступае ў Малайзіі за «Селангор», у матчы дубляў забіў гол і паказаў фірмовы жэст пратэстоўцаў з М'янмы — тры пальцы, узнятыя ўверх. Гэты жэст узяты з кінафраншызы «Галодныя гульні». Бо, як і Сойка-перасмешніца, людзі змагаюцца супраць прыгнёту і за правы чалавека.Дэманстрацыя нязгоды з хунтай Хэйн Хтэт Ауну каштавала адну гульню дыскваліфікацыі за «палітычную агітацыю».Толькі ён не сумаваў: «Мяне пакаралі па футбольным кодэксе, але я зрабіў гэта па этычных матывах».
«Было б добра, каб гульцы нацыянальнай зборнай таксама рабілі гэты жэст падчас кваліфікацыйнага турніра чэмпіянату свету-2022», — выказаўся галкіпер М'янмы Кьяў Зін Хтэт. І больш спрыяльны момант для пратэсту сапраўды цяжка знайсці.
Праз пандэмію другі раўнд адбору на ЧС-2022 у Азіі праводзіўся цэнтралізавана: усе групы з'язджаліся ў адно месца і гулялі ўсе астатнія матчы за два тыдні. М'янма была ў кампаніі з Японіяй, Таджыкістанам, Кыргызстанам і Манголіяй. Усе сустрэчы прымала Краіна Узыходзячага Сонца. Але сабраць каманду аказалася не так проста.
Той самы 31-гадовы Кьяў Зін Хтэт — асноўны галкіпер зборнай — адмовіўся ехаць у Японію. І ён не адзін такі. Вядучы абаронца Заў Мінь Тунь і выбітныя форварды К'яў Ко Ко і Аун Тху (больш за 160 гульняў у нацыянальнай камандзе на траіх) таксама не паляцелi ў Токіа. Прычына адна: пратэст супраць хунты.
«Мы будзем гуляць толькі на вуліцы, пакуль не наступіць дэмакратыя. Пры дыктатуры рабіць гэтага не збіраемся», — выказаўся за ўсіх Кьяў Зін Хтэт у інтерв’ю нямецкаму тэлебачанню.
Федэрацыя футбола М'янмы агучыла пагрозу дыскваліфікаваць адказнікаў, але гэта не напалохала гульцоў. «У гэты час ёсць больш важныя рэчы, чым футбол… Але ў нас таксама ёсць адказнасць… І я спадзяюўся, што людзі М'янмы нас блаславяць», — сказаў галоўны трэнер зборнай немец Антуан Хэй напярэдадні турніра.
Хэй да апошняга спрабаваў сабраць лепшую каманду. Нават адклаў на тыдзень вылет у Японію. Мацнейшых сабраць усё роўна не атрымалася. «Калі б усе адмовіліся гуляць, гэта было б моцна. Але маладым футбалістам зараз пагражаюць іх будучыняй, калі яны не стануць гуляць. Таму ім цяжка», — упэўнены Кьяў Зін Хтэт.
Здаецца, супраць дыктатуры — значная частка тамтэйшай спартыўнай тусоўкі. Нават м'янмарскія заўзятары англійскіх і іспанскіх клубаў — якія ў большасці азіяцкіх краін звычайна проста коцікі, а не нейкія «ультрас» — хутка пасля перавароту выйшлі на масавыя маніфестацыі. Фан-клубы «Ліверпуля», «Тотэнхэма», «Манчэсцер Сіці», «Барселоны» і іншых дружын маршам прайшліся па вуліцах Янгона і правялі дэманстрацыю ля брытанскай амбасады.
«Мы хочам сапраўднай дэмакратыі. Мы ўсе ідзём наперад і ўжо не будзем глядзець назад. Мы не можам факусіраваць увагу ані на гульнях, ані на працы. Жыць пад ваеннай хунтай — гэта вельмі балюча», — распавялі яны журналістам. Фанаты трымалі ў руках плакаты: «Не хачу дыктатуры, хачу толькі новых трафеяў для “Ман Юнайтэд”», «Мы лічылі, што ВАР — гэта жарт, але пераварот — гэта сапраўдны жарт». Да таго ж, футбол глядзець стала няма як: і ТБ, і Інтэрнет ваенныя вырубілі.
Капітуляцыя
Хунта паспрабавала надавіць на зорных пратэстоўцаў, пачаўшы кампанію супраць іх. Некаторыя селебрыці трапілі за краты. Быў афіцыйна складзены ліст «здраднікаў», які цыркуляваўся ў медыя з забаронай супрацоўнічаць з тымі, хто супраць генеральскай улады. Хунта і ад футбалістаў чакала пакоры і калі не перамог, то хаця б барацьбы ў Японіі. Але…
Матч з гаспадарамі (як і ўсе астатнія, без заўзятараў) на стадыёне ў Тыба адразу пайшоў не па плане. Каля 70 пратэстоўцаў прыйшлі да арэны і правялі акцыю ў падтрымку дэмакратыі ў М'янме. «Гэтая каманда не прадстаўляе наш народ. Мы не спрабуем пратэставаць супраць гульцоў. Мы проста хочам, каб яны перасталі супрацоўнічаць з ваеннай хунтай». «Гэта не наша каманда. Яны не хочуць гуляць, але на іх ціснуць», — так адказалі заўзятары перад стадыёнам на пытанні channelnewsasia.com.
Выкананне нацыянальных гімнаў прайшло без эксцэсаў, але, калі аператар з камерай праходзіў міма запасных, адзін з іх (галкіпер П'е Лян Аун) усё-ткі паказаў усяму свету тры пальцы. На іх па-англійскі было напісана: «We Need Justice» — «Нам патрэбная справядлiвасць».
Ну а сама гульня паставіла шмат пытанняў. Ужо да перапынку «сінія самураі» забілі ў вароты «азіяцкіх ільвоў» чатыры галы. Пасля — яшчэ шэсць. Прычым усе яны былі праведзены са штрафной пляцоўкі пры неверагоднай абыякавасці да жыцця гасцей. Для параўнання: на пачатку адбору супернікі сустракаліся ў Янгоне. І там японцы выйгралі толькі 2:0. Ніхто так і не зразумеў, што гэта: італьянская забастоўка ці м'янмарскі узровень?
Антуану Хэю было цяжка схавацца на прэс-канферэнцыі. Мала таго, што лік проста ганебны, дык яшчэ і пытанні палітычныя. А як на іх адказваць? Што ні скажаш, хтосьці ды паб'е — ці генералы, ці пратэстоўцы… «Не ведаю нагоды, з якой людзі сабраліся ля стадыёна… Мы сканцэнтраваныя на футболе, на нашай працы, на нашай камандзе, гульцах. Мы не займаем ніякай палітычнай пазіцыі»…
Добра не займаць палітычнай пазіцыі — але пазіцыю ў табліцы адборачнай групы «F» заняць усё-ткі давядзецца. І яна будзе вельмі нізкая — на ўзроўні зусім кволай Манголіі. Без падтрымкі ўсяго народа нічога асабліва не зробіш — ні футбол, ні дыктатуру.