Як Бабарыку. Лідарцы апазіцыі ў М'янме пагражае да 15 гадоў турмы

На мінулым тыдні ў М’янме, дзе ў лютым уладу захапіла вайсковая дыктатура, пачаліся першыя судовыя слуханні ў рамках справы супраць лідара мясцовай апазіцыі Аўн Сан Су Чжы.

1_444.jpg


Увогуле, падчас перавароту ў лютым ваеннае камандаванне тлумачыла свае дзеянні меркаванай масавай фальсіфікацыяй вынікаў усеагульных выбараў 2020 года на карысць партыі «Нацыянальная ліга за дэмакратыю», якой кіруе Аўн Сан Су Чжы. Аднак на цяперашнім працэсе ніякіх абвінавачанняў у фальсіфікацыі выбараў не гучыць.
Затое апазіцыянерцы інкрымінуюць шматразовае атрыманне хабараў, якія ў сваю чаргу былі эпізодамі цэлай серыі карупцыйных злачынстваў. Калі верыць пракурору, Аўн Сан Су Чжы нібыта незаконна атрымала 600 тысяч амерыканскіх долараў плюс 11 кілаграмаў золата.
Акрамя таго, у тэксце абвінавачання згадваюцца і злачынствы палітычнага кшталту. Гэта парушэнне заканадаўства аб бяспецы, незаконны ўвоз і выкарыстанне радыёапаратуры, парушэнне закона «Аб стыхійных бедствах» (канкрэтна — парушэнне рэжыму каранціну), падбухторванне да беспарадкаў. Апошняе «злачынства» і аспрэчваць не атрымаецца.
Сапраўды, пасля таго, як хунта захапіла ўладу, Аўн Сан Су Чжы заклікала да пратэстаў. Прычым, заклікі былі пачутыя. Па-сутнасці, выступы супраць хунты працягваюцца дасюль — нягледзячы на маштабныя рэпрэсіі. На канец красавіка, калі верыць «Асацыяцыі дапамогі палітычным вязням М’янмы», у пратэстах загінулі 728 чалавек. Па палітычных матывах арыштавана або затрымана як найменш 4,8 тысячы грамадзян. Паводле ацэнак ААН, за час палітычнага крызісу ў краіне больш за 250 тысяч чалавек былі вымушаныя пакінуць свае дамы.
Там-сям выступы супраць прадстаўнікоў вайсковай адміністрацыі набываюць характар сапраўдных партызанскіх баявых акцый, якія часам даводзіцца падаўляць з дапамогай авіяцыі. Дарэчы, калі верыць інтэрнэту, у адзін з такіх партызанскіх атрадаў нядаўна запісалася нацыянальная Міс прыгажосць.


Праз прызму таго, што адбываецца ў краіне, расправа над Аўн Сан Су Чжы, як чакаецца, можа быць нейкай дэманстрацыяй з боку ўлады рашучасці і гатоўнасці стаяць да канца ў супрацьстаянні з вуліцай. Натуральна, у такім разе ад суддзяў варта чакаць самага жорсткага вердыкту.
Аднак ёсць і аптымістычнейшыя прагнозы. Тыя, хто іх агучвае, лічаць, што хунце цяпер знанча важней не пасадзіць Аўн Сан Су Чжы, а зганьбаваць як палітыка асабіста яе, так і палітычны праект — партыю «Нацыянальная ліга за дэмакратыю». Таму, маўляў, ёсць падстава спадзявацца на дастаткова мяккі вердыкт, які, праўда, будзе балючым для рэпутацыі апанентаў рэжыму і, магчыма, здольны нават паставіць крыж на яе палітычнай кар’еры.
На мяккі прысуд спадзяюцца і тыя, хто верыць, што мясцовыя суддзі прыслухаюцца да пазіцыі аўтарытэтных міжнародных арганізацый. Напрыклад, у вядомай праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch назвалі абвінавачванні «надуманымі і палітычна матываванымі». Human Rights Watch і іншыя праваабарончыя арганізацыі даслалі на працэс сваіх прадстаўнікоў.
Зрэшты, мясцовыя суддзі падобныя заявы міжнароднай супольнасці чуюць не ўпершыню. Праваабаронцы і раней неаднаразова крытыкавалі судовую ўладу М’янмы з-за моцнага ўплыву генералаў на іх дзейнасць. У гэтым плане адзін з экспертаў увогуле не выключае, што тэкст прысуду прадыктуюць суддзям чальцы Дзяржаўнага адміністрацыйнага савета — так называецца мясцовы ГКЧП.
Таму аптымісты пакуль у яўнай меншасці. Пра намер пакараць апазіцыянерку сведчыць цяжкасць артыкулаў, па якіх яе будуць судзіць. Толькі па артыкуле за карупцыйныя злачынствы палітыка могуць «пакараць» 15 гадамі турмы. Адвакат абвінавачанай ужо заклікаў яе прыхільнікаў «быць гатовымі да найгоршага».
Аднак нават скептыкі маюць сумневы, што пакаранне прынясе хунце дывідэнды на ўнутраным фронце. Каб пратэставаць, людзям не трэба каардынаваць свае акцыі са структурамі «Нацыянальнай лігі за дэмакратыю».
Памер пратэстаў дазваляе казаць, што краіна знаходзіцца, хутчэй, на мяжы грамадзянскай вайны, чым на парозе вяртання ў нармальнасць. Усё гэта не выключае нейкага дыялогу, які вайскоўцам хочаш — не хочаш, а давядзецца весці з Аўн Сан Су Чжы. Бо яна — адзіная аўтарытэтная фігура для усіх фракцый апазіцыі. Ніякі прысуд на яе статус не паўплывае.
Напрыканцы нельга не згадаць цікавы момант: нягледзячы на ўсю экзатычнасць далёкай М’янмы, некаторыя расійскія назіральнікі не выключаюць, што за працэсам Аўн Сан Су Чжы будуць уважліва сачыць у Крамлі. У Расіі ў рамках нядаўняга хапуна прыцягнулі да крымінальнай адказнасці мноства актывістаў пазапарламенцкай апазіцыі. Тых, хто не паспеў збегчы за мяжу, чакае суд.
Аднак пакараць пуцінафобаў трэба так, каб прысуд не выклікаў спачування на іх адрас у народзе. Фармат асвятлення будучых судовых працэсаў у расійскіх СМІ можа падказаць расправа над лідаркай апазіцыі ў М’янме. Таму ў Расіі некаторыя журналісты ўжо нават назвалі Любоў Собаль (намесніцу Навальнага, якая праходзіць па справе «Фонду барацьбы з карупцыяй») расійскай Аўн Сан Су Чжы.