Хронікі рэпрэсій за 10 кастрычніка

Сабралі для вас галоўнае, што адбылося сёння, 10 кастрычніка, у Беларусі.

original_62.jpg


2,5 гады «хіміі» за ўдзел у пратэстах — такі прысуд вынеслі сёння ў Гродне 26-гадоваму Андрэю Лагуну. На судзе ў яго пыталі пра неадпраўленыя лісты палітвязням, якія былі знойдзеныя падчас ператрусу.
Палітзняволенай Алене Латушка, жонцы стрыечнага брата Паўла Латушкі, прысудзілі 2,5 гады «хатняй хіміі». Жанчыну абвінавачвалі ў «актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК). Прысуд быў вынесены сёння ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска.
Крымінальная справа ў дачыненні да адміністратараў ТГ-канала «Чёрная книга Беларуси» перададзеная ў суд. Гэта будзе першы судовы працэс у дачыненні да асобаў, якія знаходзяцца за мяжой. Па справе праходзяць Яніна Сазановіч, Данііл Багдановіч, Вольга Высоцкая, Валерыя Занемонская і Дзмітрый Навоша.
У Мінску затрыманы 37-гадовы актывіст Аляксей Мікульчык. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў жнівеньскіх пратэстах 2020 года. Затрымлівалі Мікульчыка супрацоўнікі ГУБАЗіКа.
2 гады калоніі агульнага рэжыму і штраф у памеры 100 базавых велічынь па «справе Зельцэра» суддзя Алесь Бычыла прысудзіў палітзняволенаму Алегу Корзуну. Мужчыну абвінавацілі ў «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК).
У Віцебку вынеслі яшчэ адзін прысуд па «справе Зельцэра». Суддзя Галіна Бондал прысудзіла палітвязню Сяргею Далівелю 2 гады калоніі. Справа на палітзняволенага была заведзеная па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «Распальванне сацыяльнай варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК).
Паводле даных праваабаронцаў «Вясны», на сённяшні дзень у Беларусі 1344 чалавекі прызнаныя палітычнымі зняволенымі. Ініцыятыва Dissidentby налічвае 1651 палітвязня, у тым ліку 200 жанчын і 7 непаўнагадовых.