Выйшлі на волю тры музыкі гурта «IRDORATH», але агульная колькасць палітвязняў зноў узрасла

Палітзняволеныя музыкі гурта «IRDORATH» Юлія і Пётр Марчанка, а таксама Антон Шніп — на волі. Яны цалкам адбылі тэрмін пакарання, паведамляюць праваабаронцы.

photo_2022_10_11_14_30_57.jpg

Тром палітзняволеным удзельнікам гурта «IRDORATH» Юліі Марчанка, Пятру Марчанку і Антону Шніпу 28 снежня 2021 года прысудзілі паўтара года калоніі кожнаму. Іх затрымалі ўвечары 2 жніўня 2021 года на лецішчы пад Мінскам падчас святкавання Дня народзінаў вакалісткі гурта Надзеі Калач разам з іншымі музыкамі. За кратамі іх утрымлівалі больш за 14 месяцаў.

Палітвязні цалкам адбылі тэрміны і сёння выйшлі на волю.

Салістка гурта Надзея Калач і яе муж Уладзімір застаюцца за кратамі. Ім прысудзілі па два гады калоніі.

Нагадаем, удзельнікаў «IRDORATH» судзілі за выкананне музыкі падчас пратэстаў у 2020 годзе.

А тым часам праваабаронцы дадалі ў спіс палітвязняў яшчэ 11 беларусаў, якія знаходзяцца за кратамі.

Гэта Максім Грэчкаедаў, Віктар Дзіброў, Аляксандр Патапаў, Вольга Кавалёва, Анастасія Савуляк, Сяргей Фісюк, Цімафей Шкуратовіч, Уладзімір Шурхаеў, Дзмітрый Янушкевіч, Філіп Федарэнкаў, Жанна Чарняўская.

Большасць з іх знаходзіцца ў няволі за каментары, некаторыя затрыманы і асуджаны па «справе Зельцэра».

Цяпер у Беларусі стала 1352 палітвязні, але толькі паводле падлікаў праваабаронцаў. Насамрэч «палітычных» нашмат болей.