Гродзенца асудзілі да 2,5 гадоў «хіміі» за ўдзел у «Маршы адзінства». На судзе ў яго пыталіся пра лісты палітвязням
26-гадовага Андрэя Лагуна прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у Маршы 6 верасня 2020 года.
Справу разглядаў суддзя Віталь Лабоцкі. «Марш адзінства» ў Гродне быў адметны тады жорсткімі затрыманнямі, падчас якіх сілавікі распылялі слезацечны газ супраць пратэстоўцаў.
З матэрыялаў справы стала вядома, што падчас ператрусу ў Андрэя знайшлі некалькі неадпраўленых лістоў палітвязням. Хлопец растлумачыў, што хацеў напісаць палітзняволенаму Максіму Знаку, але ліст так і не адправіў. Пракурорка Ганна Каралько ўдакладніла, дзеля чаго ён хацеў адправіць гэтыя лісты. Андрэй сказаў, каб «проста падбадзёрыць»:
«Я цалкам не памятаю змест лістоў, там ён быў вельмі кароткім, проста павіншаваць з Новым годам надыходзячым».